У дрымучых лясах
- Автор: Бядуля Змітрок
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Кнігазбор
- ISBN: 985-6824-30-3
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «У дрымучых лясах». Краткое содержание книги:
Назаўтра мяне паклікаў да сябе ўраднік. Усе пісталеты майго вырабу ляжалі ў яго на стале. Ураднік пахваліў за добрую работу і напалохаў турмой, калі яшчэ буду майстраваць стрэльбачкі. За маю фабрыку зброі ўраднік дастаў ад дзеда хабару тры рублі.
Калі я вярнуўся дамоў ад урадніка, бацька сустрэў мяне ўрачыста — супоняй. Ён ужо замахнуўся на мяне супоняй ад хамута, але маці схапіла яго з плачам за руку:
— Ты ж яго скалечыш… Вока выб'еш…
У бацькі гарэлі вочы ад гневу. Неспадзявана для самога сябе загневаўся і я.
— Калі мяне толькі кранеш, я ад цябе ўцяку назаўсёды, — крыкнуў я не сваім голасам.
— Дык ты мяне яшчэ палохаеш?! — грымнуў бацька і так ударыў супоняй, ажно дзеці заплакалі.
Я ўжо быў на тым баку дзвярэй. Бацькаў удар папаў у сцяну. Я ўцякаў гародамі да возера. За мною з плачам гналася маці.
Калі я вярнуўся дамоў, бацька ўжо быў спакойны. Ён звярнуўся да мяне з мяккім дакорам:
— Ты ўжо не малы. Табе ўжо дванаццаць год, а ты глупствам займаешся. Што з цябе будзе, як вырасцеш?
Я маўчаў.
Пасля вялікага правалу фабрыкі зброі, я цэлы тыдзень быў збянтэжаны. Мне было шкада пацярпеўшага хлапчука і крыўдна за сваю няўдачу.
У хедэры я лічыў сябе дарослым. Калі рэбэ пробаваў узняць на мяне руку, я пагражаў сваёй. Біць мяне я не дазваляў. Я часта адлучаўся з хедэра на пару гадзін, а рэбэ маўчаў.
Я таксама знайшоў скарб — адвагу. Я пачаў бараніцца ад сваіх крыўдзіцеляў, і мяне перасталі крыўдзіць.
Возера
Сяброўства з пастушкамі я не парываў і зімой. Коўзаліся па возеры, каталіся на саначках і нават снежныя хаты ляпілі. Вясной пры ледаходзе мы каталіся па возеры на крыгах, як на пароме.
Аднаго разу ўлетку я пакінуў хедэр на пару месяцаў раней тэрміну. Бацька гаварыў аба мне:
— Ні да Бога, ні да людзей.
Некалькі месяцаў я быў вольны ад «навук». Глядзеў, як Лук'янскі рыбу ловіць. Прасіў яго прывучаць мяне да гэтай справы.
— Буду вучыць цябе так, як дзед твой вучыў мяне ў кузні. Дзед твой гаварыў, што кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Памятаеш?
— Памятаю…
Лук'янскі засмяяўся.
— Ну, вось! Ты сабе хадзі ў хедэр Біблію лавіць, а я — на рэчку рыбу лавіць. Кожнаму сваё…
Аднак я зрабіўся рыбаловам і без дапамогі Лук'янскага. Трэба было паправіць грэблю. Мельнік падняў усе застаўкі, адчыніў шлюзы і спусціў возера. Рыбу ён дазваляў лавіць усім местачкоўцам, якія наракалі, што возера часта затапляе гароды і лугі.
Я, чалавек вольны ад хедэра, стаяў на беразе і глядзеў з цікавасцю, як відавочна ўбывае ў возеры вада. Праз пару гадзін яна сплыла ўся. На месцы возера засталася вузенькая рэчка, лужыны і шмат топкага ілу. У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Усе кінуліся ў амярцвелае возера збіраць рыбу рукамі. Я брыў у адной кашулі па пояс у гразі і лавіў рукамі рыбу. Яна мігацелася на сонцы, як бліскучыя нажы.
Дзесяткі людзей лавілі рыбу кошыкамі, торбамі, рэшатамі і нават уласнымі кашулямі.
За два дні я назбіраў аж два пуды рыбы. Набегла народу з усяе ваколіцы. Шмат рыбы падохла ў іле. На яе накінуліся вароны, буслы, сабакі, каты. Мельнік наладзіў пір для ўсіх.
Мы з Фолем і пастухом Прахорам пайшлі ўночы на возера глядзець русалак. Мы прытаіліся недалёка ад высокага аіру. Свяціў яркі круглы месяц. Мёртвае возера было цяпер сумнае, непрытульнае, і я вельмі шкадаваў, што яно спушчана.
— Вунь русалка… — шапнуў мне на вуха Фоля.
Густы аір рухаўся, нешта шастала ў трысці.
— Русалка! — крыкнуў Прахор.
З аіру выскачыла з рыбай у зубах рудая лісіца.
— Ацю-га! Ацю-га, лісічка! — крычалі мы.
Лісічка ўцякла ў блізкі бярэзнік.
— Русалка ў лісічку перакінулася, — тлумачыў нам Прахор.
Іл быў такі тлусты, што ўсе вакольныя сяляне вазілі яго на поле замест гною. Мельнік быў рад: дармовая чыстка возера. А я ўсё прыходзіў сюды сумаваць па памёршым возеры. Але праз пару месяцаў яно зноў ажыло. І месяц, і зоркі, і неба любаваліся возерам, глядзелі ў яго, нібы ў люстэрка.
Дзед Юстын
Аж некалькі месяцаў быў я вольны ад «навук». Скончыўшы рыбалоўства, бегаў з пастушкамі па ваколіцы. Здружыўся са стагоднім пастухом Юстынам. Я глядзеў на яго, як на прафесара. Лысіна на ўсю галаву, з жаўтаватай імшыстай бародкай, увесь твар у дробненькіх зморшчынках, без зубоў, выцвілыя вочы, сам тонкі і роўны, як жэрдка. Ён насіў белую доўгую палатняную світку, якая нагадвала хітон афінян. Быў ён надзіва вясёлы — песні спяваў, падскакваў, жартаваў, смяяўся, гаварыў пагаворкамі ды яшчэ ў рыфму. Апрача таго, ён ведаў лекавыя травы ад розных хвароб. Па шолаху лістоў на дрэвах, па рыканню кароў, па колеру неба, па водгаласках на полі ён заўсёды трапляў, якая заўтра будзе пагода. А якія цудоўныя байкі ён апавядаў! У яго памяці было ўспамінаў і матэрыялаў народнай творчасці на некалькі тамоў. Ён быў жывым увасабленнем мудрасці, паэтычнасці і вопытнасці жыцця ўсяго народа, жывой энцыклапедыяй самых разнастайных ведаў.