У дрымучых лясах
- Автор: Бядуля Змітрок
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Кнігазбор
- ISBN: 985-6824-30-3
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «У дрымучых лясах». Краткое содержание книги:
Маці карміла ткачыху ўсім лепшым, што было ў хаце, купляла для яе ў краме розныя прысмакі. Язэпіха ўзнімала на маці чорныя, як ноч, вочы і гаварыла пяшчотным, мяккім голасам:
— Не трэба, мая ты Хаіміха. Лепш дзеткам дасі. Я, дзякаваць Богу, сытая.
Я глядзеў, як нараджалася сукно. Трубка тканіны расла з кожным днём. Сукно ў сівыя і чорныя палоскі было гладкае і прыгожае.
Пасля ткачыхі ў нас працаваў вандроўны кравец. Мне і бацьку ён пашыў гарнітуры з гэтага ж сукна. Апрача таго, мне пашылі з карычневага бобрыка ватняе паліто з капюшонам, з шырокім поясам і чатырма кішэнямі. Упершыню мне шыў вопратку кравец, а не маці.
Пасля краўца маці сшыла мне некалькі белых манішачак з крамнага палатна і галстук са сваёй старой шоўкавай хусткі. У шаўца Ісроэля заказалі камашы. Бацька прывёз мне з Даўгінава за дваццаць капеек шапку ў выглядзе каструлі з брылікам, з залатым аленем наперадзе. Я адразу зрабіўся «жаніхом», як жартавала маці.
Былі забыты мае грахі: пісталецікі, упартасць, супраціўленне бацьку, уцёкі з хедэра. Нават строгі бацька пазіраў на мяне спакойным добрым вокам.
Чаму так раптоўна мая злая доля змяніла свой гнеў на міласць?
Бацька хацеў вывесці мяне ў людзі. Меркаваў выправіць сёлета ў «універсітэт» — у даўгінаўскі ешыбот…
У Даўгінаве жыла мая цётка — родная сястра маці. Яе муж меў хедэр і вучыў дзяцей. Цяпер, калі я быў у добрым адзенні, бацька не сароміўся ўзяць мяне з сабою ў Даўгінава. Я вельмі ўзрадаваўся, бо ні разу яшчэ там не быў.
Дзядзька мой жыў у адной хаце са сваім бацькам-бляхарам. Старога бляхара Рувіна Лібермана я ведаў добра. Ён быў вандроўным бляхарам. Хадзіў па вёсках з мяшком на спіне. Часта начаваў у майго дзеда. Яны ж былі сватамі.
За некалькі дзён да майго прыезду адбылося ў Даўгінаве дзіўнае здарэнне. Прыехаў стары палкоўнік і спыніўся ў самым лепшым заезным доме. Местачкоўцы настаражыліся. Спалохаўся даўгінаўскі цар і бог — станавы прыстаў.
— Якую справу можа мець у Даўгінаве палкоўнік?
Стары палкоўнік з нейкай падазронай цікавасцю спацыраваў па вуліцах з кійком у руках, абыходзіў усе закавулкі, зазіраў ва ўсе куткі, гуляў па старых магільніках. Ён чагосьці і кагосьці шукаў, выведваў. Прыстаў і ўраднікі забягалі яму дарогу наперад і аддавалі чэсць. Прыстаў пытаўся, ці патрэбны якія паслугі, у госці запрасіў — палкоўнік адмовіўся.
Гэта яшчэ больш напалохала прыстава. Ён загадаў кожны дзень падмятаць вуліцы, праверыў пажарную каманду, перачытаў усе паперы ў сваёй канцылярыі, зрабіўся строгім, арыштоўваў людзей больш, чым дагэтуль, біў іх нагайкай мацней, чым дагэтуль, і не спаў начамі ад страху. З'яўленне старога палкоўніка яго збянтэжыла не на жарт.
Станавы прыстаў даведаўся, што палкоўнік паклікаў да сябе старасту мяшчанскай управы і вартаўніка жыдоўскага магільніка. Гэта занепакоіла яго яшчэ больш.
— Пэўна, я правароніў нейкую крамолу, аб якой даведаліся ў губерні і прыслалі палкоўніка для расследавання.
Прыстаў запрасіў да сябе гаспадара заезнага дома, старасту мяшчанскай управы, магільнага вартаўніка. У кожнага з іх ён распытваў пра палкоўніка. Яны ўсміхаліся і гаварылі адно:
— Пакуль што няможна сказаць. Так загадаў пан палкоўнік. Справа вельмі сур'ёзная.
Прыстава агарнула роспач. Ён пачаў прыпамінаць свае грахі і грашкі за ўсе гады службы: хабары, катаванні людзей, дзяльбу здабычы з канакрадамі і разбойнікамі, арышты невінаватых людзей і вызваленне злачынцаў-крымінальнікаў.
«Пэўна, нехта падаў на яго, прыстава, данос у губерню», — думаў ён.
Местачкоўцы таксама былі ўстрывожаны. Можа, новы пагром рыхтуецца ў Даўгінаве?.. Кагал хацеў абвясціць трохдзённы пост для ўсіх жыдоў мястэчка і для грудных малютак…
Тады прыйшоў у кагал гаспадар заезнага дома, дзе жыў палкоўнік. Пасля яго з'явіўся туды і стараста мяшчанскай управы. Урэшце прыбег і вартаўнік магільніка. Кагал ад іх нічога пэўнага не даведаўся. Але пост не быў абвешчаны.
У такі напружаны час мы з бацькам апынуліся ў Даўгінаве. У бляхара Рувіна Лібермана мы спыніліся на дзень. Усе ў хаце гаварылі пра палкоўніка і баяліся яго не менш, чым прыстаў. Стары Рувін — худы, сямідзесяцігадовы дзед з рэдкай бародкай, сутулы, у кортавым халаце — сядзеў у кутку ды гаварыў сам з сабою.