Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
Глыкс ня мог забыцца на забойства Дыяголя. Прыдумаў сабе паратунак ды паўтараў зноў і зноў над сваёй "кашштоўнасьсьцю" ў цемры, пакуль і сам амаль не паверыў. Ягоны ж быў дзень народзінаў ці не? Дыяголь павінен быў падараваць пярсьцёнак. Той і зьявіўся, каб зрабіцца падарункам – менавіта ягоным падарункам. I гэтак далей, і далей, і далей.
Цярпеў я ягоную балбатню, пакуль мог. Аднак мне трэ было дазнацца праўду, абавязкова. Урэшце, давялося абысьціся зь ім жорстка. Я запалохаў яго полымем і выцягнуў сапраўдную гісторыю, кавалак за кавалкам, разам з румзаньнем і абразамі. Ён лічыў, што яго падманваюць і не жадаюць разумець. Распавёў мне да гульні ў загадкі й Більбавых уцёкаў, а далей змоўк, толькі выцісьне слова-другое незразумелае й пагрозьлівае. Нехта запалохаў яго болей за мяне. Ён мармытаў, мармытаў: верне ўласнае, вох, верне. Яшчэ пабачыце, як зь яго кпіць, заганяць у пячоры ды рабаваць. Цяпер у Глыкса добрыя сябры, добрыя й моцныя. Яны дапамогуць. Торбінс пабачыць. I адкажа за ўсё. Ён толькі й думаў пра помсту Більба. Праклінаў ягонае імя. А ён ведаў, адкуль Більба.
– Як? – зьдзівіўся Фрода.
– Дык жа Більба сам яму распавёў па дурасьці. А калі Глыкс выбраўся вонкі, Шыр знайсьці было няцяжка. Так, так, Глыкс выбраўся вонкі. Прага да пярсьцёнка перамагла страх і перад оркамі, і нават перад сьвятлом. Праз год ці два наважыўся пакінуць горы. Хоць нудзіўся невыносна, пярсьцёнак ягоную душу болей ня жэр, і Глыкс пачаў аджываць. Вядома, пачуваўся старым, чуў цяжар гадоў, але ж зрабіўся й болей дзёрзкім, і агаладнеў сьмяротна. Сьвятло, сонечнае ці месяцовае, ён ненавідзеў і баяўся яго, і будзе ненавідзець да скону дзён, але ж прызвычаіўся выжываць на паверхні. Вынайшаў, як хавацца ад сьвятла, рушыў найчарнейшымі начамі, зыркаючы бляднымі вачыма, хапаў перапалоханых маленькіх зьвяркоў ды птушак і жэр. Памацнеў на сьвежым паветры, вывучыўся паляваць. I, як і трэ было чакаць, урэшце знайшоў шлях да Ліхалесься.
– Там ваша яго й знайшоў?
– Я там яго бачыў, – адказаў Гэндальф. – А да таго ён пасьпеў пацягацца за Більба. Ад яго цяжка даведацца з пэўнасьцю, дзе ды як, бо ўвесь час толькі й чуеш: "Шшто, шшто ў ягоныххх кішшэнькахх? Пачварка не сссказала мне, так, не сссказзала. Падманула. Нячэсссная загадка. Нячэссная. Торбінссс першы падмануў, так. Не па правілах, так. Нам трэ было сссхапіць яго, прыдушыць яго. Яшчэ сссхопім, прыдушшым". Так ён і размаўляў. Здэцца мне, табе ўжо абрыдла слухаць. А я цярпеў днямі. Але я паступова дазнаўся, што ягоныя сьлізкія лапы данесьлі яго й да Эзгарату, і нават да Долу. Ён падслухоўваў ды падглядваў, а навіны ж тады разносіліся па ўсім Дзіказем'і. Шмат хто ведаў і Більбава прозьвішча, і адкуль ён. Чуйныя Глыксавы вушы хутка давялі яму ўсё, што ён жадаў.
– Чаму ж ён ня высачыў Більба далей, да Шыру?
– Таму што гэта няпроста. Думаю, ён спрабаваў. Вярнуўся на захад, дабраўся да Вялікай ракі, а далей не пайшоў. Упэўнены, не з-за страху доўгіх вандровак. Нешта іншае звабіла яго – так палічылі мае сябры, якія палявалі на яго для мяне. Спачатку яго высачылі лясные эльфы – для іх гэта проста, і сьлед ягоны быў яшчэ сьвежы. Ён вёў назад празь Ліхалесьсе, але эльфы Глыкса так і не злавілі. Лес запаўнялі жудасныя чуткі, пералякаліся й зьвяры, і птушкі. Лясныя людзі казалі: новы жах бадзяецца па лесе, начны прывід-крывасмок. Караскаецца на дрэвы па гнёзды, лезе ў норы, каб пажэрці зьверанятак, і ў вокны, каб красьці немаўлятаў. Але на заходняй мяжы Ліхалесься сьлед згубіўся. Зьвярнуў на поўдзень і зьнік там, куды лясныя эльфы не заходзяць. I вось тут я зрабіў вялікую памылку – ня першую, але ж, баюся, найгоршую. Пакінуў Глыкса ягоным Глыксавым справам. У мяне тады было досыць клопатаў, і я яшчэ верыў словам Сарумана. Шмат гадоў таму гэта было, і я дорага заплаціў за тую памылку. Пасьля Більбавай вечарынкі я зноў узяўся за пошукі. Глыксаў сьлед даўно прастыў, і нічога не атрымалася б, калі б не дапамога сябра – Арагорна, найвялікшага сьледапыта й паляўнічага нашай эпохі. Разам мы шукалі Глыкса па ўсім Дзіказем'і, безнадзейна й беспасьпяхова. А калі я ўжо страціў надзею ды заняўся іншымі справамі, мой сябра знайшоў Глыкса. Вярнуўшыся зь цяжкой, небясьпечнай вандроўкі, прыцягнуў няшчаснага пачварня з сабою. Дзе быў і што рабіў, Глыкс нам так і не распавёў. Плакаў, казаў: жорссткія мы, глыкс, глыкс, жорссткія, а калі мы прыгразілі, пачаў енчыць і вохкаць, тросься, курчыўся, шкроб рукі й лізаў пальцы, нібыта балелі, быццам узгадваў на даўняе катаваньне. Баюся, сумневу тут ужо няма: Глыкс поўз паціху на поўнач, краўся крок за крокам, вярсту за вярстою – пакуль не дабраўся да Мордару.