Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
– Як гэта зразумець? – перапытаў Фрода. – Ці пярсьцёнак не адзіная рэч, пра якую ён толькі й клапаціўся? А калі ён яго так ненавідзеў, чаму ня выкінуў, чаму не сышоў прэч, пакінуўшы яго?
– Варта табе ўжо й кеміць крыху, столькі пачуўшы. Глыкс любіў і ненавідзеў пярсьцёнак, як самога сябе. Ня мог ён выкінуць ці сысьці – не было на тое ягонай волі. Пярсьцёнак Улады сам сабе даглядаты. Ён можа раптоўна сасьлізнуць з пальца – сам! А носьбіт яго ніколі не пакіне. Можа, спачатку яшчэ й пацешыцца думкаю аддаць каму-небудзь, каб вартаваў, і тое пакуль пярсьцёнак яшчэ ня ўеўся ў розум. Наколькі я ведаю, за ўсю гісторыю гэтага пярсьцёнка адзін Більба ня проста плянаваў аддаць, а сапраўды з сваёй волі аддаў пярсьцёнак. I не без маёй дапамогі. I нават Більба ня выкінуў бы яго й не пакінуў. Ня Глыкс – сам пярсьцёнак вырашаў, застацца ці не. I вырашыў пакінуць яго.
– Якраз дзеля таго, каб патрапіць да Більба? – спытаў Фрода. – Ня лепей было б падкаціцца да якога-небудзь орка?
– Ня трэба з гэтага сьмяяцца. Асабліва табе. Самае дзівоснае ва ўсёй гісторыі зь пярсьцёнкам тое, што менавіта Більба ў цемры, навобмацак натрапіў на яго. Невыпадкова гэта, Фрода. Тут дзейнічае ня толькі чорная воля пярсьцёнкавага гаспадара. Пярсьцёнак хоча вярнуцца: калісьці ён здрадзіў Ісільдару, сасьлізнуўшы зь ягонага пальца. Патрапіў на Дыяголя – і той быў забіты. Перайшоў да Сьмеяголя – і зжэр ягоную душу. З Глыкса, маленькага, нікчэмнага, болей не было карысьці. Зь пярсьцёнкам ён так і хаваўся б ля падгорнага возера. А калі гаспадар змроку зноў абудзіўся й пацягнуўся чорнай думкаю зь Ліхалесься, пярсьцёнак здрадзіў Глыксу – толькі каб патрапіць самай неверагоднай асобе, Більба з Шыру! Тут мне бачыцца шмат чаго па-за якімі заўгодна плянамі Майстра пярсьцёнкаў. А прасьцей, Більба было наканавана знайсьці пярсьцёнак. А табе, у сваю чаргу, прызначана захоўваць яго. I ў гэтым я бачу надзею.
– Я, на жаль, яе амаль ня бачу, – сказаў Фрода. – Я ня ўпэўнены, што цалкам зразумеў вашаць. Як можна было ўсё гэтае даведацца пра пярсьцёнак ды Глыкса? Гэта веды на самай справе або толькі яшчэ здагадкі?
– Здагадкі? – Гэндальф глянуў на Фрода з-пад густых броваў. – Я шмат што ведаю ў дакладнасьці й шмат пра што здагадаўся. I я не зьбіраюся рапартаваць пра ўсе мае пошукі табе. Гісторыя Элендыля, Ісільдара ды Адзінага Пярсьцёнка вядомая ўсім мудрым. Твой пярсьцёнак і ёсьць Адзіны – ужо з аднаго надпісу на ім, калі ня ўлічваць іншых сьведчаньняў.
– І калі ж вашаць гэтае дазнаўся? – перабіў чараўніка Фрода.
– Ды зараз, на тваіх вачох, – адказаў той раздражнёна. – Я чакаў – і пацьвердзіў чаканьні. Я доўга вандраваў і шмат шукаў, каб нарэшце знайсьці. Апошні доказ – мне самому ўжо амаль без патрэбы. Вось высьветліць Глыксаву ролю ды ўмясьціць яго ў гісторыю пярсьцёнка – тут давялося парупіцца. Наконт Глыкса я пачынаў здагадкамі, а скончыў праўдай. Бо я бачыў Глыкса. I размаўляў зь ім.
– Бачыў Глыкса? – усклікнуў Фрода ў зьдзіўленьні.
– Так. Відавочная ідэя, але ж ажыцьцявіць яе было досыць цяжка. Я змарнаваў шмат часу, і нарэшце мне пашанцавала.
– Што ж адбылося пасьля таго, як Більба ад яго ўцёк? Ваша ведае?
– Недакладна. Я распавёў табе тое, што выцягнуў з Глыкса, вядома, ня тымі самымі словамі, якія пачуў. Бо ён жа хлус, і кожнае ягонае слова даводзілася пераправяраць. Напрыклад, пярсьцёнак ён увесь час называў "падарункам на дзень народзінаў". Казаў, ад бабкі, у якой было безьліч прыгожых цацак накшталт гэтай. Глупства. Не сумняюся, тая бабця была сапраўдны матрыярх, і сярод сваіх значная асоба, але каб у яе гаспадарцы вяліся эльфавы пярсьцёнкі ды каб яна іх раздавала – дурная хлусьня. Але ж не безь зярнятка праўды.