Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
– Помста? – спытаў Фрода. – За што? Я ўсё-ткі не разумею, як гэта тычыцца нас зь Більба ды нашага пярсьцёнка?
– Як тычыцца? Самым непасрэдным чынам, менавіта вас і вашага пярсьцёнка, – адказаў Гэндальф. – Вы йшчэ ня ведаеце, што такое сапраўднае ліха, але ж яно ўжо блізка. Мінулым разам я ня быў пэўны. Цяпер час надышоў. Дай мне пярсьцёнак, на хвілінку.
Фрода дастаў з кішэні пярсьцёнак, прычэплены ланцужком за паска. Павольна адчапіў, працягнуў Гэндальфу. Пярсьцёнак раптам зрабіўся вельмі цяжкі, нібыта ён, ці сам Фрода, не жадаў, каб Гэндальф дакрануўся да яго.
Чараўнік узяў пярсьцёнак. Той выглядаў адлітым з чыстага цьвёрдага золата.
– Ты бачыш на ім якія-небудзь пазнакі? – спытаў Гэндальф.
– Не, – адказаў Фрода. – Няма аніякіх. Пярсьцёнак гладкі, на ім ані драпінкі, ані знаку, што яго насілі.
– Добра – тады зірні! – на Фродава зьдзіўленьне й жах, чараўнік раптам кінуў пярсьцёнак у найгарачэйшы кут агменю, у самае полымя. Фрода ўскрыкнуў і схапіўся за шчыпцы, але Гэндальф спыніў яго.
– Пачакай! – сувора прамовіў чараўнік, зірнуўшы на Фрода з-пад пахмураных броваў.
Пярсьцёнак ані не зьмяніўся. Счакаўшы крыху, чараўнік устаў, зачыніў аканіцы й завешаў фіранкі. У пакоі пацямнела, у цішыні чуваць было толькі шчоўканьне Сэмавых нажніцаў у садзе, яно наблізілася да вакна. Гэндальф памарудзіў, імгненьне ўзіраючыся ў полымя, а потым нахіліўся, шчыпцамі выцягнуў пярсьцёнак з агню. Фрода ледзь ня ўскрыкнуў ад нечаканасьці.
– Ён халодны, – сказаў Гэндальф. – Вазьмі яго.
Фрода прыняў пярсьцёнак на напятую далонь. Той нібыта патаўсьцеў, падаўся незвычайна цяжкім.
– Трымай! – вымавіў Гэндальф. – І ўгледзься добра!
Фрода прыгледзеўся – і ўбачыў танюткія рыскі, танчэйшыя за самыя лёгкія, якія толькі можна зрабіць пяром. Яны беглі па вонкавай і ўнутранай паверхнях пярсьцёнка – рысы полымя – і складаліся ў вогненныя літары, што плаўна пераліваліся адна ў адну. Яны пранізьліва зьзялі, але разам з тым падаваліся далёкімі, нібыта былі ў вялікай глыбіні.
– Я не магу прачытаць вогненныя літары, – вымавіў Фрода запінаючыся.
– Вядома, ня можаш. Я магу, – сказаў Гэндальф. – Літары эльфавы, старажытнага ладу, але ж мова – мордарская, і тут я ня стану вымаўляць яе словы. На Агульнай мове гэта гучыць прыблізна так:
Гэта – два радкі зь верша, што даўно вядомы эльфавым мудрацам:
Гэндальф памаўчаў і неўзабаве павольна вымавіў:
– Гэта – Пярсьцёнак-гаспадар, той Адзіны Пярсьцёнак, які ўладарыць над усімі астатнімі. Той, што ён згубіў шмат вякоў таму, увадначасьсе страціўшы вялікую частку сваёй моцы. Цяпер ён больш за ўсё прагне вярнуць яго – і гэтага нельга дазволіць.
Фрода здранцьвеў. Здавалася, жах цёмнай доўгай лапай, змрочнай хмарай, што ўзьнялася на Ўсходзе, працягнуўся да яго, распасьцёрся над ім, разявіў пашчу, пагражаючы праглынуць.
– Гэты... гэты пярсьцёнак! – выгукнуў Фрода, запінаючыся. – Ну як жа, ну навошта толькі ён трапіў да мяне?!
– А! – азваўся Гэндальф. – Доўгая гэтая гісторыя, надта доўгая. Пачатак яе – у Чорных гадах, пра якія цяпер памятаюць толькі наймудрэйшыя. Калі б я ўзяўся распавядаць усё, мы праседзелі б тут да зімы. Мінулай ноччу я казаў табе пра Саўрона Вялікага, Чорнага Ўладара. Чуткі пацьвердзіліся: ён на самай справе ўзьняўся наноў і, пакінуўшы ліхалескую сядзібу, вярнуўся да сваёй старажытнай цьвярдыні – Цёмнай вежы, у Мордар. Гэтае імя нават і хобіты памятаюць – водгукам цьмянага жаху ў старых паданьнях. Заўсёды пасьля паразы й адступленьня Цень прымае іншае аблічча й узьнімаецца зноў.
– Хацеў бы я, каб гэта здарылася не на маім веку, – уздыхнуў Фрода.
– Не адзін ты, – адказаў чараўнік, – і я таксама, і ўсе, каму давялося дажыць да гэткіх дзён. Але ж ня мы выбіраем свой час. Мы выбіраем толькі, як зь ім абысьціся. I яго ў нас, баюся, засталося няшмат. Наш вораг набірае моцы. Ягоным плянам яшчэ далёка да ажыцьцяўленьня, але яны высьпяваюць вельмі хутка. Цяжкая нашая гадзіна, і неўзабаве зробіцца яшчэ цяжэйшай. Яна зрабілася б і ўвогуле невыноснай, калі б лёс ня даў нам танюткі, хісткі, але ўсё-ткі шанец. Ворагу не хапае адной рэчы, якая дала б моц і веды перамагчы любы супраціў, прабіць нашую апошнюю абарону й зноў агарнуць змрокам усю зямлю. Яму не хапае Адзінага Пярсьцёнка. Пярсьцёнка-гаспадара. Тры эльфскія найсьвятлейшыя пярсьцёнкі эльфавы ўладары схавалі ад яго. Ягоныя лапы ніколі не краналі іх, ніколі ня змрочылі. Сямю пярсьцёнкамі валодалі гномскія цары. Тры зь іх ён прыдбаў, астатнія папажэрлі цмокі. Дзевяць ён аддаў сьмяротным людзям, вялікім каралям і ваярам, – і зрабіў іх рабамі. Яшчэ ў даўніну скарыліся яны Адзінаму пярсьцёнку – і сталі прывідамі, Акальцаванымі Цемрай, ценямі ад вялікага Ценю й самымі жудаснымі ягонымі паслужнікамі. Шмат гадоў ня крочылі па зямлі Дзевяць Акальцаваных. Аднак Цемра ўзьнімаецца наноў, і, магчыма, неўзабаве зьявяцца й яны. Але досыць! Пра гэткае ня трэба плявузгаць нават і шырскай раніцою.