Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве
Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве

Электронная книга - «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве». Краткое содержание книги:

Эпічнай паэмы «Пан Тадэвуш» класіка сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча (1798–1855) у перакладзе Пятра Бітэля.
Асноўная сюжэтная лінія «Пана Тадэвуша» — маёмасныя спрэчкі двух шляхецкіх родаў. Высмейваючы звады і сваркі, паказваючы іх дробязнасць у святле змагання найлепшых сыноў краю за волю і незалежнасць, паэт горача заклікаў пакончыць з унутраным разладам у грамадстве, аб’яднаць усе здаровыя сілы дзеля вызвалення Бацькаўшчыны.
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 104
Перейти на страницу:
Судзіла Талімэна малявання спробы З прыхільнасцю мастацтвы знаючай асобы: Хваліла скупа, а ахвоты паддавала. «Віншую, Граф, — сказала, — таленту не мала! Адно не закідай, пан! Асабліва трэба Шукаць красы ў натуры. Шчаснае ты, неба Італіі! Сады цазараў, руж прынады, Класічныя на вечным Тыбры вадаспады І Паўзыліпа страшныя пячоры, скалы! Вось, Граф, дзе край мастацтва! А наш край адсталы! Дзіця муз, зданае ў Сапліцаве на мамкі, Памрэ напэўна. Граф, я ўстаўлю гэта ў рамкі, Або ўлажу ў альбом. Малюнкі я збіраю Даўно і многа іх у бюрку ўжо хаваю».
І павялі размову пра блакіты, горы, Пра водары вятроў, пра шумы хваль у моры, Прымешваючы ўсцяж, турыстаў злым звычаем, То тут, то там насмешкі, жарт над родным краем.
А ў той жа час ля іх ва ўсёй красе бясконцай Літоўскія лясы шумелі ў бляску сонца. Чаромхі, пасплятаныя вянкамі хмелю, Рабіны, што румянцам маладым гарэлі, Ляшчына ў зелені жазлоў, нібы мянада, Уся ў арэхах, як у гронках вінаграда. А нізам песціцца з шыпшыннікам каліна, І туліць да малін свой чорны твар ажына. Кусты і дрэвы лісцем рукі працягнулі, Як хлопцы і дзяўчаты, распачаўшы гулі Навокал пары маладых. А ў гэтым коле Ёсць пара, што ўзвышаецца над наваколлем Высмукласцю і колераў сваіх прывабам, — Бяроза белая, нявеста, з мужам-грабам. А рэшта, як старыя, на дзяцей і ўнукаў Глядзяць маўкліва: тут паважных колькі букаў, Там цёткі-топалі і, мохам барадаты, Дзед-дуб, што пяць вякоў усклаў на хіб гарбаты. Стаіць ён, быццам на слупах грабніц разбітых, На скамянелых трупах продкаў знакамітых.
Тадэвушу размова доўгая задзела Таму, што ён не мог прымаць у ёй удзелу. А як пачуў чужой прыродзе гімн няспынны, Калі расхвальваліся поўдня ўсе расліны: Лімоны, кіпарысы, апяльсін, мігдалы, Альвасы, кактусы, магоні ды сандалы, Павой, гарэхі, нават фігі і масліны — За надзвычайныя іх кветкі і сцябліны, Тадэвуш больш яшчэ стаў гневам загарацца І ўрэшце ўжо ад злосці сіл не меў стрымацца.
Быў ён прасцяк, ды з сэрцам чулым і уменнем Адчуць красу прыроды, дык сказаў з натхненнем: «Не раз я ў Вільні ў батанічным агародзе Глядзеў на тыя дрэвы, што растуць на ўсходзе Ці дзесь пад італьянскім сонечным сугрэвам. Якую ж з тых раслін зраўняеш з нашым дрэвам? Ці той альвас-грамаадвод з зялёных палак, Ці карліцу-лімон за золата тых галак, Што ў лакавых лістах блішчаць спіной пукатай, Як модніца старая ў вопратцы багатай? Ці той мо кіпарыс худы і даўганогі, Які не сум наводзіць, а нуду, трывогі? Ён, кажуць, сумна выглядае на магіле, Бо ён, як лёкай той, якому узлажылі Жалобу, што ні рук ні ўзняць, ані схіліцца, Хоць ён і так парушыць этыкет баіцца. Ці ж горшы выгляд нашай сціплае бярозы, Што як сялянка, калі лье па сыну слёзы, Або ўдава па мужу — рукі заламае, Струменні кос распусціць і стаіць нямая І боль пастаццю ўсёй сваёю выражае! Чаму ж пан Граф, калі мастацтва паважае, Дрэў нашых не малюе, што вось зеляняцца? Сапраўды, і суседзі будуць з вас смяяцца, Што, ва ўраджайнай нашай жывучы краіне, Малюеце ўсё скалы толькі ды пустыні».
«Мой дружа, — Граф сказаў,— уся краса ў прыродзе Ёсць толькі формай, тлом, матэрыяй і годзе. А творчаю душой з’яўляецца натхненне І густу паліроўка, правілы і ўменне. Не хопіць рэчаіснасці ці на’т запалу, Мастак ляцець павінен к сферам ідэалу! Не ўсё прыгожае павінна добра выйсці! Пра гэта ў кнігах прачытаеш, пан, калісьці. Што тычыцца мастацтва: для малюнка трэба Ансамбля, групы, пунктаў гледжання і неба Італіі. Таму і цвіў там жанр пейзажа, Цвіце і будзе цвісці, гэта кожны скажа. Бо вось, ’проч Брэйгеля, але не Ван дэр Гэлле, А пейзажыста (бо былі аж два Брэйгелі), І апроч Рэйсдаля, на поўначы, прызнацца, Не знойдзеш чым у пейзажыстаў захапляцца. Нябёс, нябёсаў трэба!» «Наш мастак Арлоўскі[22], — Сказала Талімэна, — густ меў сапліцоўскі. (Прашу не забываць сапліцаўскай хваробы: Апроч Айчыны ім нішто не да спадобы.) Арлоўскі, што жыццё правёў у Пецярбурку (Яго эцюдаў некалькі я маю ў бюрку), Жыў ля цара ў двары, ну проста, нібы ў раю, А не паверыш, Граф, усё тужыў па краю. Любіў расказваць нам з дзяцінства успаміны І ў Польшчы ўсё хваліў: лес, неба і даліны…»
вернуться

22

Вядомы мастак, за некалькі гадоў да смерці пачаў маляваць пейзажы. Памёр нядаўна ў Пецярбургу.

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 104
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)