Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Шчырапаважаны і дарагі Максім Танк!
Гэта мой чацверты ліст да Вас. Становішча маё на сянняшні дзень не лепшае, а штораз горшае. Даходзіць да адчаю. Не спадзявалася падобнага ніколі. Апісваць не буду. Прашу толькі аднаго: памажэце мне ратавацца, выехаць згэтуль за межы СССР. Максім Танк, не гневайцеся, што я хачу захаваць чалавечы мой твар. Дапамажэце!!!
З павагаю да Вас і ўсёй Вашай сям’і – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 26 верасня 1982 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Сардэчна вітаю вас з юбілеем! Жадаю добрага здароўя, у меру бадзёрасці духу і сілаў, каб памагаць тым, хто Вашае дапамогі прагне. Трымайцеся, гадоў не лічэце, жывеце яшчэ на радасць нам доўга і шчасліва ля сваіх найраднейшых. Усіх Вашых хатніх вітаю са святам велічным і блаславенным – Вашым юбілеем! Рада, што магу сяння напісаць Вам.
Пару дзён таму было са мною вельмі дрэнна. Давялі мяне ледзь не да смерці. Вы маеце рацыю: тут болей нервы, хоць і сэрца здае. Мне тут стала неімаверна цяжка. Усяго не апішаш, бо і так лісты прападаюць. Пісаў сяння Белакоз. Папярэдні ліст ад яго загінуў. Ад сына і ўнукаў таксама лістоў не аддаюць…
Рада, што душу Вашую пацешылі этнографы. Часамі бываюць такія людзі, што пакідаюць харошы і светлы след. Дануся Бічэль будзе ў Вас. У яе многа гора. Бога прашу, каб даў ёй сілы ўсё перанесці. Аб усім яна Вам раскажа сама.
У мяне таксама ёсць пару яблыняў, дзе вельмі многа яблыкаў, але яны сёлета вельмі дробныя. Стараюся крыху сабрацца з сіламі, прыйсці да сябе. Глядзела сяння, як наш урад і грамадскасць віталі М. Танка. Цешыць тое, што ён яшчэ добра выглядае і добра трымаецца. Піша мне часамі. Стараўся дапамагчы, але безрэзультатна. Усё тут упіраецца ў мясцовых кацыкаў.
Вельмі хачу і стараюся выехаць за мяжу. Толькі да сына ехаць мне нельга. Вы добра разумееце гэта самыя. Ніяк не вышлю кніжкі Лёдзе і Кастусю, бо штодня тут новыя беды на маю голаў. Язэпу [Найдзюку] напісала. Адчуваю жудасную адзіноту. “Навокал чорная сцяна і з дапамогаю – нікога. Насупраць зла стаю адна і гутару душою з Богам!”
Яшчэ раз зычу Вам найлепшага. Цалую Вас сардэчна і ўсіх вітаю.
Заўсёды Ваша – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 24 лістапада 1982 г.
Дарагая Людвіка Антонаўна!
Як са здароўем? Ці цёпла Вам, ці не вельмі адзінока ў хаце? Як са страўнікам? Рухацца цяжка, але ж рухацца трэба! Богу дзякаваць, што хоць можаце “пагутарыць” са Слаўкаю. Гэта вялікае шчасце, бо вялікая любоў між Вамі. Шкадую мілую п. Галю, што так намучылася ля кухні. Але было гэта і радасна, бо – на Ваш Дзень.
Вялікае дзякуй за здымак, дзе Вы ўдэкараваныя шырокім поясам, і так трэба. Добра, што не відно той даты. Наагул, пашто яе было ткаць? Нейк людзі не глядзяць на дзейнасць сваіх выдатных людзей, але толькі сквапна лічаць іх гады, як быццам гэта самае важнае. Усюды і бясконца пра гэта пішуць, а гады – гэта даволі інтымная рэч. Я сваіх не хаваю, але не люблю, калі нехта падлічвае, колькі мне ўжо да канца і што будзе з кніжкамі, хатай, ганучамі і пад. Агідна мне робіцца. Вартасць чалавека – гэта яго імя і тое, што здолеў зрабіць у жыцці. Лепей выхаваць харошага чалавека, чымсці назбіраць шмат непатрэбшчыны на зайздрасць мяшчанам.
Калекцыянерам быў мой с.п. Муж. Таго сябра са Слоніма я ведаю, але што яму даць – дык сапраўды не ведаю. Просіць успаміны. Я іх пісаць не буду, бо надта балюча. А мае кніжкі? Дык іх жа ўсюды можна дастаць, а ў мяне амаль няма ўжо. Парассылала. Ды я яшчэ жывы чалавек і шмат да чаго часамі вяртаюся. Часта хочуць мае дываны. Божа, вечна без грошай, забыўшыся пра сябе, куплялі мы гэтую сваю “геаметрыю” за апошнія капейкі, а цяпер аддай гэта некаму, застанься з голымі сценамі і дошкамі і ўмірай адзінока… Пасля смерці с.п. Мужа я сказала аднаму сябру на пытанне, што буду рабіць са сваімі радзюшкамі? Кажу: “Буду паліць імі печку”. “Не гарэцімуць,” – адказвае. “Газаю палью, і будуць гарэць”… Вось такая гутарка.
У Вас ёсць старыя кніжкі і інш., а мы прыехалі да голых сценаў, дзе ўсё было выкрадзена. І ў Зэльве, і ў Жлобаўцах, і ў Празе была ў нас толькі любоў да роднага. Падняла я з лахманоў стары дыван, якога ніхто ўжо не ўзяў. Дзеля яго старасці. Разгарнула – а там вытканы 1900 год. Гэта быў яшчэ пасаг маці с.п. Мужа Эміліі Палубінскай з маёнтку Бобры, здаецца, ці нешта падобнае. Цяпер гэты дыван у Гудзевічах, у музеі. Надта хацелі забраць яго ў Менск. Вось такія тут у мяне “скарбы”, якія ўжо не прыбываюць – убываюць. Я нешта дам таму сябру, але калі ачуняю крыху з усіх “радасцяў” майго тут жыцця. Праўда, цяпер стала быццам крыху зацішней. Але як надоўга?