На сьвятой зямлі
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1972
- Язык: белорусский
- Год: Божым Шляхам
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «На сьвятой зямлі». Краткое содержание книги:
«Кажны чалавек зарабляе свой хлеб адно яму даступнымі сродкамі», - думаў пра тога казака Ўсевалад і паклаў яму свайго даляра на куфэрак. «Няхай яму Бог даруе ягонае вынаходзтва. Жыць жа яму неяк трэба і на тэй гары, куды яго закінуў лёс у ролі інака і дзе ён цешыцца той нямой цішынёй, у якой адно найлепш і слухаць голас Усявышняга і ратавацца ад наступу сатаны. І Бог яму, я пэўны, даруе тыя нявольныя грахі, ад якіх людзям зла ня робіцца, а беднаму інаку падмога вялікая. А часам можа і на дабро пойдзе, калі чалавек вераю лечыць злыдні, што пераследуюць яго?»
Немагчыма пералічыць усе манастыры ўсіх веравызнаньняў на Сьвятой Зямлі. Іх значна больш, чымся паломнікам даводзіцца за два тыдні наведаць. У кажным зь іх па-свойму, на сваёй мове і паводле сваіх традыцыяў, праслаўляюць Бога і прапаведуюць хрысьціянскі шлях жыцьця. Гэта заўсёды радуе і натхняе паломнікаў і ўсіх, каму дарагія Вялікія Хрыстовыя запаветы. Адно ў наш час наводзіць на сумныя развагі: немагчымасьць папаўненьня манахаў у праваслаўных манастырох вядзе да ўсе большага і большага скарачэньня іх ліку. Старыя манахі паступова паміраюць, - дарма, што іх век звычайна даўжэйшы, чымся людзей сьвецкага жыцьця. А на зьмену ім прыходзіць вельмі і вельмі мала. Вялікая крыніца іхняга заўсёдняга папаўненьня з праваслаўнага славянства цяпер бадай-што зусім запынілася ў выніку захопу ўлады ваяўнічымі бязбожнікамі. А маленькая Грэцыя, адзіная цяпер у вольным сьвеце праваслаўная эўрапэйская дзяржава, ня ў стане запоўніць усе вакансіі ў праваслаўных манастырох Палестыны. Таму праваслаўныя манастыры арабскае Палестыны запоўненыя далёка не на поўную магчымасьць. Часам там, дзе магла б быць сотня ці больш манахаў, жыве адно які дзесятак, а часьцей і таго менш. А ў Ізраільскай частцы Палестыны і таго горш. Ізраільскі ўрад не дазваляе наагул прыяжджаць манахам з-за мяжы і асяляцца ў манастырох. Разьлік просты: з часам старыя манахі адыйдуць у лепшы сьвет, а манастыры з-за адсутнасьці жыхароў адыйдуць да дзяржаўнае маёмасьці. Цяжка манастыром і з сродкамі: адзіная крыніца папаўненьня касы - ахвяры паломнікаў. Дабрабыт і лёс манастыроў тых у значнай ступені залежыць ад добрага сэрца кажнага хрысьціяніна ў сьвеце і ўсіх нас.
XII.
У патрыярхіі ерусалімскай
«Паўстань, сьвяціся, Ерусалім, бо прыйшоў сьвет твой, і слава Гасподняя ўзышла над табою. Уздымі вочы твае і паглядзі вакол: усе зьбіраюцца, ідуць да цябе...»
Ісаія 60, 1, 4
Улетку 1966 году праваслаўная група паломнікаў, зь якою езьдзіў у Палестыну аўтар гэтых нарысаў, была асабліва ўражаная згуртаванасьцяй і салідарнасьцяй усіх удзельнікаў, сьвятароў і вернікаў. Усе з цяплынёю на сэрцы прыгадваюць той энтузіязм, з якім наведваліся сьвятыя месцы і тую дапамогу і прыём, з якім іх сустракалі ў Патрыярхаце Ерусалімскім і на месцах. Нельга забыць тае радасьці і любові, якая сьвяцілася ў тварах архімандрыта Дзімітрыя - начальніка Духоўнай Місіі ў Ерусаліме, радаснага малебну і сьлёзаў у вачох, калі паломнікі слухалі сьпяваньне маладых арабак, вучаніцаў Віфанскае школы, і манашак Гефсіманскае Сьвятліцы.
Назаўсёды панесьлі ў сваёй удзячнай памяці паломнікі абраз сапраўднае, хрыстовае дапамогі брату ў Хрысьце. Адзін з паломнікаў, благачынны Філядэльфійскай Акругі, протаіерэй Мікола Сянькоўскі цяжка захварэў, быў часова пакладзены ў Шпіталь на Елеоне, а пасьля самалётам вывезены назад у Амэрыку. І вось, напярэдадні ягонага звароту ў ЗША, ён быў сабораваны япіскапам Мэфодыям і ўсімі сьвятарамі. Пасьля гэтага зварушлівага таінства хворы на насілках быў унесены ў Храм Гасподні і пад сьпяваньне вялікодных трапароў быў пастаўлены на падлозе каля самаго Гасподняга Гробу. З сьлязамі вялікага замілаваньня хворы мог дакрануцца да Сьвятога Ложа, памаліцца і выканаць найвялікшы абрад кажнага паломніка. Затым яго паднесьлі да Камня Памазаньня і далі змогу дакрануцца і памаліцца на Галгофе. Хавальнік Гасподняга Гробу ігумен Данііл дазволіў і дапамог хвораму прыкласьціся да сьвятыняў Рызьніцы. З нязвычнай цярплівасьцяй і дзівугоднай мужнасьцяй пакутнік разьвітаўся з паломнікамі, для кажнага знайшоўшы асобнае слова міласьці і ласкі. Ніколі не забудуцца жартлівыя словы хворага сьвятара. Лежачы на насілках, ён яшчэ знаходзіў змогу жартаваць: