На сьвятой зямлі
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1972
- Язык: белорусский
- Год: Божым Шляхам
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «На сьвятой зямлі». Краткое содержание книги:
Бальшыня паломнікаў адразу кінулася ў кафэ, каб задаволіць смагу. Усевалад пабег да мора. «Вось яно тое славутае Мёртвае мора, аб якім столькі чуў і чытаў, - думаў ён, паскорана крочачы да вады. - Здалёку яно здаецца і прывабнае і прыгожае. Але ці такім яно будзе зблізу? Ня ўсё тое золата, што блішчыць».
І сапраўды, яно выявіла сябе іншым, калі Ўсевалад апынуўся каля самае вады. Яна, праўда, была празрыстая: кажны каменьчык пабліскаваў сваёю бялізною з-пад вады. Усевалад прайшоўся далёка ўперад па даўгой драўлянай кладцы, пабудаванай, відаць, для патрэбаў купальшчыкаў. У канцы яе ён пабачыў двух старога веку людзей. Яны боўталіся ў вадзе. Адзін з іх на разьвітаньне хацеў даць нырца. Адылі вада ўвесь час выносіла ягонае хударлявае цела на паверхню, і яно ўзьбітым наповерх бервяном паказвала свае рэбрыны то адным, то іншым бокам. Нарэшце стары вылез і растлумачыў ламанаю ангельскаю моваю, што вада не дае змогі нырцаваць, бо ў ёй аж занадта багата солі, што выціскае цела наўзьверх. У вадзе той ня можа існаваць ніводная істота. Тут ні рыбы, ні расьцінаў. У самой вадзе нібыта мёртвая пустэльня. Адно і багатая яна сольлю і поташам. Вунь на тым баку ў Ізраілі ўжо эксплюатуюць тое багацьце для патрэбаў сельскае гаспадаркі і ўвесь сьвет забясьпечваюць поташам. А ў нас тут адно гасьцініцу пабудавалі, каб мы сузіралі адгэтуль прыгажосьць тае вады ды здалёку любаваліся відовішчам Мааўскіх гораў, распазнавалі на паўночным захадзе гару Нева, дзе, паводле паданьня, памёр раб Гасподні Майсей.
Хутка абодвы старыя пабеглі ў гатэль пад душ змываць з сябе соль, а Ўсевалад, закасаўшы штаніны, пачаў хадзіць па мяльчэйшым месцам, каб на собскай скуры адчуць салёнае мора, што хавае ў сваіх водных нетрах два патопленыя за грахі гарады. «От бы прасякнуць туды вучоным вокам, каб пабачыць тыя таямніцы шматтысячагодняе даўнасьці!»
З гэтымі словамі ён хуценька апрануў чаравікі і за момант быў на тэрасе. А там ужо сястра-манашанька паказвала на бачныя ў сіняй смузе Юдэйскія горы, расказвала пра знаныя сьвету скруткі сьвяшчэннага пісаньня, знойдзеныя арабскімі пастушкамі ў пячорах, тыя самыя, пра якія сваім часам пісалася нямала ў Эўрапэйскім і Амэрыканскім друку і якія ўжо Ўсеваладу давялося надоечы разглядаць у Ерусалімскім Этнаграфічным музэі. Было радасна, што такія важныя дапаўненьні сьвятога пісаньня не загінулі і цяпер саслужаць добрую службу чалавецтву ў сэньсе канчальнага выпрацаваньня кананічнага тэксту кнігі кнігаў і дапамогуць выясьніць дзе-якія цьмяныя месцы ў Бібліі.
І знянацку вынырнуў з-за гораў вялізарны аазіс, увесь у пышнай зеляніне Іерыхон. Гэта той самы Іерыхон, які першым быў забраны ізраільцянамі пры ўваходзе ў зямлю Абяцаную. Ягоныя магутныя сьцены разваліліся ад аднаго гуку трубаў. Адгэтуль вышлі такія прарокі, як Ільля і Елісей. Тут бываў Збавіцель, наведваючы Закхея і вылечваючы Іерыхонскіх сьляпых. Цяпер на ягоным месцы арабская вёска Эр-Рыха дзякуючы арашэньню з крыніцы Елісея ўся ў фінікавых пальмах, бананавых і смакоўнічных садох. Багата цытрусавых дрэваў вакол кажнае хаты. Тут бывае цёпла цэлы год, нават узімку.
Недалёка ад Іерыхона ёсьць Соракадзённая гара, дзе Ісус Хрыстос правёў 40 дзён свайго паста пасьля хрышчэньня і жыў з звярыма. За стагодзьдзі там пражыло жыцьцём праведнікаў шмат пустэльнікаў. Па іх засталося багата пячораў. Прэпадобны Харытон заснаваў там манастыр з царквою, кельямі на стромай скале над прадоньнем, куды ськінуўся Сатана пасьля няўдачы спакусіць Госпада. Цяпер манастыр належыць грэкам. Дайсьці да яго можна ад спынку машыны за дзьве гадзіны пеша па вузкай сьцежачцы. Далавах бяжыць па каменнай лагчыне ручай, у ім час-часом стралою праносіцца невялікая стронга. Дзе-нідзе чапляецца карэньнямі за ўсхонную скалу куст зеляніны. Вакол поўнае бязьлюдзьдзе. Поўная адлучанасьць ад сьвету. А далёка на адхоне крутой гары прыляпіўся да скалы будынак манастыра. У ім жыве і моліцца колькі манахаў.
А яшчэ вышэй, на самай верхавіне гары, дзе спакусіцель паказваў Госпаду ўсе царствы сьвету ў момант часу, некалі таксама быў Храм. Зараз засталася адно алтарная абсіда пасярод каменнае агарожы.
Манахі сустракаюць паломнікаў звонам званоў. Але яны там нагары нагэтулькі бедныя, што наагул прыходзіцца дзівіцца, чым яны жывуць. І калі глядзіш на манаха, убеленага сівою даўгою барадою, які ўжо даўно страціў лічбу гадоў і жыве абапёрты думкаю аб вечнасьці, калі ён сядзіць на выступе скалы над безданьню і думае пра Бога, пачынаеш разумець, што можа вось якраз такімі ідэалістамі-падзьвіжнікамі ды пустэльнікамі і сьвет яшчэ трымаецца. Бо менавіта яны зьяўляюцца жывым дакорам нашаму разбэшчанаму жыцьцю і служаць узбуджальнікамі нашага сумленьня. Сардэчнае дзякуй ім за гэты чын і за добры ўзор жыцьця ў Бозе, варты насьлядаваньня.