На сьвятой зямлі
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1972
- Язык: белорусский
- Год: Божым Шляхам
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «На сьвятой зямлі». Краткое содержание книги:
X.
У сьвятой ярданскай плыні
«Во Іордане крещающуся Тебе, Господи,
Тройческое явися поклонение».
З Трапара Хрышчэньня Гасподнега
Адзін пералік наведаных сьвятых месцаў у Ярданскай Палестыне будзе салідным. Акрамя ўжо названых раней месцаў тут варта назваць агляд Віфаніі, места сустрэчы Госпада з Марфаю, грабніцу Лазара, Дом Сімана Пракажонага, Капліцу Першамучаніка Стафана, Сьвятліцы Марыі Магдаліны ў Гефсіманіі, Дом Іаакіма і Анны - бацькоў Божай Маці, Віфезду, Крыжовы Шлях, Цямнічку, Ліфостротон, Храм каля Суднае Брамы, месца Сергія Раданежскага, Рускі Манастыр на Елеоне, Поле Пастухоў, Соракадзённую Гару, Манастыр Георгія Хазевіта, Лаўру Саввы Асьвячонага, Казанскую ікону Божай Маці, Эммаус, Самарыю, Студню Іякава, Манастыры Іоанна Хрысьціцеля, Мёртвае мора, Іерыхон, Елеонскі Сад у Іерыхоне, Іасафатаву Даліну, Столп Авессалона, Сілоамскую купальню, Хэўрон, Дуб Маўрыйскі, Манастыры Вялікамучаніка Георгія і прарока Ільлі, Рускі скіт пры Дубе Маўрыйскім, Пячору прарокаў, Храм «Ойча Наш», Келью Прэпадобнай Пелагеі, царкву роўнаапостальскага князя Ўладзіміра, Малую Галілею і, нарэшце, Іардань.
І цяпер Усевалад Ціхановіч прыгадвае тыя наведаныя мясьціны: перад яго вачыма, як жывыя, паўстаюць абразы сьветлай дарогі з Віфаніі - дому фінікаў або «беднасьці», паарабску - «Эль-Азарыя» - у Ерусалім, па якой наш Збаўца на осьліку ехаў у Сьвяты горад, а цяпер у Вербную суботу праваслаўныя ідуць крыжовым ходам. Удзячлівая памяць аднаўляе абраз Віфанскае праваслаўнае школы з інтэрнатам для арабскіх праваслаўных дзяўчатаў на чале з Ігуменьняй Марыяй і Матушкай Марфаю. Увушшу да гэтага часу зьвіняць галасы дзяўчатак, іх гульні і песьні ў часе перапынку ад працы па абслугоўваньні паломнікаў. Нельга не адзначыць з пачуцьцём глыбокае ўдзячнасьці ахвярную працу праваслаўных манашак і настаўнікаў гэтае школы, якія безінтэрэсоўна аддаюць справе выхаваньня і наўчаньня мясцовых арабак гэтулькі часу і энэргіі, што міжвольна сьхілішся перад падзвіжніцтвам Божай справе. А гэта ж дзьве ангелькі, што праняліся праўдаю праваслаўя, прынялі яго і пастрыгліся ў манашкі, пазналі паўнату веры і пасьвяцілі сябе працы на дзяцей. Дзякуючы іхняй актыўнасьці Віфанская школа набыла сярод Палестынскіх арабаў шырокую вядомасьць. Пазьней Марыя сталася настаяцельніцай сястрычаства пры Храме Марыі Магдалены ў Гефсіманіі, а Марфа жыве пры Школе ў Віфаніі. Дзякуючы ім сярод арабаў падтрымваецца разуменьне хрысьціянства, а дзяцей вучаць царкоўнаму пяяньню і літургіі. На двары школы знойдзены камень з надпісам па-грэцку: «Тут Марфа і Марыя пачулі ад Госпада слова аб Уваскрошаньні з мёртвых...» На тым месцы стаіць капліца, у якой у Вербную сыботу адбываецца служба з крыжовым ходам і вадахрыстам.
Да паездкі на Іардань Усевалад Ціхановіч рыхтаваўся загадзя. Ён ужо за колькі дзён да таго дамовіўся з Віфанскай манашкай пашыць для яго даўгую, чуць ні да пятаў, белую кашулю. Гэта каб споўніць стары славянскі звычай: у такой кашулі акунуцца ў сьвяшчэннай вадзе. І вось яшчэ ў прыцемку тае раніцы паломнікі рушылі ў Іюдэйскія горы. Мінулі Віфанію, прабег каля іхняга аўтабуса грэцкі жаночы манастыр «Сустрэчы». Неўзабаве пачалі набягаць пустынныя пясчаныя ўзвышшы: яны часам выдаваліся нейкімі шэра-таемнымі зданямі. Дарога то крута ўздымалася ўверх, то раптам пачынала адхонна падаць уніз. Тады неяк замірала, нібыта адрываючыся, сэрца, і жанчыны боязка ўглядаліся ў вочы суседзей-мужчынаў, нібыта шукаючы ратунку на выпадак няшчасьця. Адылі машына пачала спаўзаць ўсё ніжэй і ніжэй у даліну. Хутка заблішчалі першыя палоскі далёкага Мёртвага мора справа, а ўперадзе паказаліся і першыя пробліскі Іардана з-пад нязвычнае ў пустыні зеляніны. Гэта сюды прыносіць з Ліванскіх гораў свае мутныя воды сьвяшчэнны Іардан, каб затым уліць іх у глыбокую чарку салёвае вады - Мёртвае мора. Тут ажывае пустыня. Густыя зарасьнікі сікамораў, таполяў і чароту захоўваюць раку ад пабочных вачэй. Увесну, калі многаводны Іардан пакідае свае берагі, ён аддае пустыні багата вільгаці, і яна вакол ажывае рознакалёрнымі краскамі. Пасьля ўлетку ўсё гэта гіне пад бязьлітасным сонцам, якое выпальвае кажную адзнаку жыцьця.
Іардан быў асьвечаны для нас хрышчэньнем Госпада Іаанам Хрысьціцелем, калі ён прапаведваў народу ізраільскаму пакаяньне і ачышчэньне на берагох гэтай ракі. Тут адбылося цуда пераходу ракі пад кіраўніцтвам Ісуса Навіна пасухому пры звароце ў Зямлю Запаветную. Тут жа пасухому пераходзілі раку прарокі Ільля і Елісей, а Нееман, вайсковы начальнік сірыйскі, вылячыўся ў гэтых водах ад праказы.