Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы. - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:

Доўгі час гісторыя Беларусі разглядалася скрозь прызму гісторыі Pacii. Вядомы беларускі гісторык, прафесар, грамадскі дзеяч Анатоль Грыцкевіч адраджае праўдзівую айчынную гісторыю, якая разам з беларускай мовай складае аснову нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў.
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 66
Перейти на страницу:

Паходжанне

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наогул не кранаўся гэтага пытання. Кароль польскі проста замоўчваў сваё паходжанне, бо належаў да дробнай шляхты.

Ужо потым, у час панавання Станіслава Аўгуста, у генеалагічных даведніках гаварылася, што род Панятоўскіх паходзіць нібыта з Італіі, са старажытнай дваранскай сям'і Тарэлі, прадстаўнік якой у XVII ст. перасяліўся ў Польшчу, пераклаўшы сваё прозвішча як Цёлак (цяля, бычок). Дарэчы, гэта герб Панятоўскіх. Але легенда не вельмі стасуецца з генеалагічнымі даследаваннямі, бо гербам «Цёлак» (на якім сапраўды выява бычка) карысталіся да 30 шляхецкіх родаў. У XVIII ст. і пазней хадзілі чуткі, што Панятоўскія з дробнай беларускай шляхты.

А ўвогуле прозвішча Панятоўскі паходзіць ад маёнтка і мястэчка Панятовы (цяпер горад Панятова) у Люблінскім ваяводстве. Першым з гэтага роду (паводле дакументаў) быў Марцін Цёлак Мацяёўскі з Панятовы, які жыў у другой палове XV ст. У XVII ст. Панятоўскія былі сярэдняй шляхецкай сям'ёй, служылі ў іншай, багатай, шляхты, займаючы розныя пасады па кіраванні гаспадаркай, або падстаростамі (г. зн. кіраўнікамі) асобных маёнткаў. Калі былі грошы, то часам нават арандавалі маёнткі. Ян Панятоўскі (памёр у трэцяй чвэрці XVII ст.), прадзед караля, паўставаў менавіта такім дробных шляхцічам.

Да гэтага роду належала беларуская лінія Панятоўскіх (герба «Цёлак»). Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі меў ганаровы тытул (праўда, нязначны) чэсніка мсціслаўскага на пачатку XVIII ст. Чэснікі калісьці налівалі віно ў кубак, які трымаў падчашы, перад тым, як падаць каралю або князю. Потым гэтая галіна роду пасялілася на Украіне. Але прадстаўнікі галіны засталіся на Беларусі і яшчэ на пачатку XX ст. жылі ў Смаленскай і Магілёўскай губернях.

Сын Яна Панятоўскага Францішак (памёр у канцы 1697 г.), дзед караля Станіслава Аўгуста, ад 1690 г. меў тытул чэсніка вышагродскага, спачатку служыў у князёў Любамірскіх у іх маёнтках у паўднёва-ўсходняй Польшчы. Выбіўся ў шэрагі сярэднезаможнай шляхты, калі ў 1670 г. быў прызначаны Г. А. Любамірскім на пасаду падстаросты жэшуўскіх маёнткаў князёў Любамірскіх. Гэта было пачаткам узвышэння роду Панятоўскіх. А ганаровы тытул чэсніка толькі пацвердзіў гэта.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Малюнак Яна Матэйкі.

Бацька караля

У Францішка Панятоўскага былі тры сыны — Юзаф (1675–1739), Станіслаў (1676–1762) і Міхал (1683–1716), манах-дамініканец. Найбольш вядомым стаў Станіслаў Панятоўскі (15.09.1676–29.08.1762), бацька караля, які выбіўся ў магнаты, зрабіўшы бліскучую кар'еру.

Атрымаў адукацыю ў Вене. Там запісаўся ў аўстрыйскае войска і ўдзельнічаў у бітвах супраць туркаў пад камандаваннем аўстрыйскага палкаводца, прынца Яўгена Савойскага. Вярнуўся на радзіму дасведчаным вайскоўцам і быў добра прыняты каралём Янам Сабескім. Далейшы лёс Станіслава Панятоўскага звязаны з Беларуссю і Літвой. Падчас канфліктаў Сапегаў з большай часткай беларускай-літоўскай шляхты С. Панятоўскі выступіў на баку Сапегаў. Ён удзельнічаў у вырашальнай бітве пад Алькенікамі 2 лістапада 1700 г., дзе атрады Сапегаў былі разбіты войскамі беларускай-літоўскай шляхты. С. Панятоўскі трапіў у палон, але здолеў збегчы ў Варшаву. Стаў палкоўнікам кароннага войска. Тады ж ажаніўся з Тэрэсай Война-Ясянецкай, з якой праз 10 гадоў развёўся.

Пасля ўваходу войскаў шведскага караля КарлаХІІ у Рэч Паспалітую, падчас Паўночнай вайны, С. Панятоўскі, як і яго былыя кіраўнікі Сапегі, перайшоў на бок Карла XII і стаў набліжаным да новаабранага караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага. Далей ён дзяліў свой лёс з гэтым каралём і ўдзельнічаў у бітвах з войскамі Аўгуста II і расійскімі войскамі. Ён стаў генералам кавалерыі шведскага войска і дыпламатам Карла XII. Удзельнічаў у бітве пад Галаўчынам (14 ліпеня 1708 г.) і пад Палтавай (8 ліпеня 1709 г.), дзе ўратаваў жыццё шведскаму каралю. Разам з Карлам XII С. Панятоўскі ўцёк да туркаў у крэпасць Бендэры (у Малдове). Потым быў губернатарам у маленькім пфальцграфстве Цвайбрукен (недалёка ад Францыі), якое належала Карлу XII і дзе Станіслаў Ляшчынскі быў часовым уладальнікам паводле паўнамоцтваў шведскага караля.

Пасля таго як Карл XII загінуў на вайне ў 1718 г., С. Панятоўскі вярнуўся ў Польшчу і па просьбе шведскай каралевы Ульрыкі Элеаноры, сястры і пераемніцы Карла XII, атрымаў ад Аўгуста Моцнага свае маёнткі і ўвайшоў у давер да караля. Ён стаў генерал-лейтэнантам войска літоўскага. У1722 г. атрымаў важную пасаду падскарбія вялікага літоўскага (адпаведнік міністра фінансаў у Беларускай-Літоўскай дзяржаве). Але яго кар'ера пачалася крыху раней, калі ён, удавец, у 1720 г. ажаніўся з маладзейшай за яго князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай (1696–1759), дачкой кашталяна віленскага Казіміра Чартарыйскага. Сям'я Чартарыйскіх дзякуючы гэтаму шлюбу ўзмацніла свае пазіцыі пры двары. У пасаг Канстанцыя атрымала 400 тысяч злотых, за якія сям'я Панятоўскіх у 1721 г. набыла ад фельдмаршала Я. Г. Флемінга маёнтак Воўчын і Радванічы (у Берасцейскім павеце). Ад гэтага шлюбу ў 1721–1736 г. нарадзілася 8 дзяцей.

Кар'ера Станіслава Панятоўскага працягвалася. У 1731 г. ён быў прызначаны каралём на пасаду ваяводы мазавецкага, у 1733-м стаў рэгіментарам (намеснікам гетмана) войскаў каронных, у 1752 г. — кашталянам кракаўскім. Ён быў таксама старостам Войніцкім і Люблінскім. Такім чынам, Станіслаў Панятоўскі ўвайшоў у найвышэйшае кола магнатаў Рэчы Паспалітай. Панятоўскія ўжо карысталіся графскім тытулам. Старт для кар'еры сына быў падрыхтаваны.

Маладыя гады

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся 17 студзеня 1732 г. у Воўчыне (цяпер Камянецкі раён), у маёнтку свайго бацькі. Ён быў чацвёртым сынам (з шасці). Атрымаў добрыя выхаванне і адукацыю. Малады чалавек быў інтэлігентным, здольным, з мяккім характарам. Ён, як было заведзена ў магнацкіх сем'ях, удасканальваў свае веды падчас падарожжаў у Еўропу — у Францыю і Англію праз Нямеччыну. Азнаёміўшыся з культурнымі дасягненнямі Захаду, ён на ўсё жыццё застаўся прыхільнікам еўрапейскай культуры. Гэтая ягоная цяга наогул праявілася пазней, калі ён стаў каралём і мецэнатам, што было добрым прыкладам і для магнатаў Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVIII ст.

Маладым чалавекам Станіслаў Аўгуст Панятоўскі праявіў цікавасць да палітыкі, па-за якой не змог застацца, бо найбліжэйшыя сваякі маці — Чартарыйскія («Фамілія») — якраз займалі кіруючыя пазіцыі ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Ён добра пазнаёміўся з сітуацыяй у краіне. У 1755 г. Станіслаў Аўгуст атрымаў ганаровы тытул стольніка літоўскага (калісьці ў пануючага вялікага князя стольнік займаўся справамі забеспячэння стала падчас урачыстых прыёмаў). Атрымаў таксама староства Пшэмысльскае, з якога меў даходы. Іншых пасад Станіслаў Аўгуст не атрымаў, так што меў даволі сціплыя тытулы ў параўнанні з іншымі магнатамі.

Малады Панятоўскі перайшоў на дыпламатычную службу, але не ў пасольствах Рэчы Паспалітай, а іншых дзяржаў, што тады не лічылася заганным. У 1755–1756 і 1757–1758 гг. знаходзіўся ў Пецярбургу спачатку як сакратар саксонскага пасла. Прыгожы, інтэлігентны і далікатны малады граф звярнуў на сябе ўвагу вялікай княгіні Кацярыны Аляксееўны, жонкі спадкаемцы расійскага трона, вялікага князя Пятра Фёдаравіча, старэйшай за Панятоўскага на два з паловай года. Пачаўся бурны раман, вялікая княгіня зацяжарыла. Нарадзілася дачка Ганна, якую Панятоўскі і ўвесь расійскі двор лічыў дачкой Станіслава Аўгуста Панятоўскага, хаця фармальна яна была дачкой мужа вялікай княгіні. Станіслаў Аўгуст нават хацеў, каб Кацярына Аляксееўна разышлася з мужам і выйшла замуж за яго. Тады ён мог бы прэтэндаваць на польскую карону. Але ў Кацярыны Аляксееўны былі зусім іншыя планы. Ды і дзяўчынка хутка памерла. Панятоўскі вельмі перажываў яе смерць, бо моцна любіў дзіця.

1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 66
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)