Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Нечакана для Станіслава Ляшчынскага ў Вісэмбург, гэтае невялікае мястэчка ў Эльзасе, з'явілася пасольства ад караля на чале з прынцам дэ Раганам, біскупам страсбургскім. Біскуп ад імя караля папрасіў у С. Ляшчынскага дазволу на шлюб з ягонай дачкой. Калі бацька гэта пачуў, ён самлеў ад нечаканасці і ўражання. Потым ужо Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся ў Страсбург, дзе 15 жніўня 1725 г. ва ўрачыстай цырымоніі пракурацыйнага шлюбу ўдзельнічаў ад імя караля (на месцы жаніха ў касцёле) сваяк Людовіка XV — герцаг Луі Арлеанскі. Урэшце 5 верасня 1725 г. у Парыжы адбылася цырымонія шлюбу з удзелам самога караля. Каралева Марыя Ляшчынская, сапраўды, стала маці 10 каралеўскіх дзяцей (праўда, трое памерлі ў дзяцінстве).
Сын яе, дафін Луі (1729–1765), быў здольным чалавекам, але памёр раней за бацьку. Маці вельмі перажывала страту любімага сына, які, дарэчы, быў бацькам ажно трох каралёў Францыі — Людовіка XVI (загінуў на гільяціне ў 1793 г.), Людовіка XVIII і Карла X. Нашчадкі Марыі Ляшчынскай па жаночай лініі жывуць і цяпер (пармская лінія Бурбонаў, у тым ліку вялікі герцаг люксембургскі Жан I, Габсбургі, іспанская лінія Бурбонаў, у тым ліку цяперашні кароль Іспаніі Хуан Карлас I і іншыя).
Аднак сямейнае жыццё каралевы Марыі ўрэшце стала нешчаслівым. Малады муж стаў шукаць уцехі з іншымі кабетамі, з'явіліся вядомыя фаварыткі — маркіза Пампадур, графіня Дзюбары і шмат іншых жанчын і дзяўчат.
Але ўсё гэта было потым. Цяпер жа Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся з жонкаю ў Парыж, жыў у блізкіх да сталіцы замках Версаль, Шамбор, Мядон, карыстаўся павагай як каралеўскі цесць.
Зноўку на троне
Сітуацыя зноў змянілася, калі ў ноч на 1 лютага 1733 г. у каралеўскім замку ў Варшаве памёр Аўгуст Моцны. Французская дыпламатыя, якую ўзначальваў кардынал Флеры, вылучыла на каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Кардынал, якога падтрымаў Людовік XV, разлічваў, што Расія і Аўстрыя будуць процідзейнічаць гэтай кандыдатуры. Станіслаў Ляшчынскі з дапамогай Францыі здолеў бы абараніць незалежнасць Рэчы Паспалітай, а гэта сарвала б планы Расіі і Аўстрыі канчаткова падпарадкаваць гэтую краіну.
У Рэчы Паспалітай, асабліва ў Польшчы, кандыдатура Ляшчынскага была ўспрынята добра, бо людзям надакучыла панаванне чужаземнага манарха, якое прынесла краіне шмат непрыемнасцяў бяду і войны. Агітацыя ў Варшаве французскага пасла маркіза дэ Манці павялічыла колькасць прыхільнікаў Ляшчынскага. Ён патаемна выехаў у Варшаву і спыніўся ў французскага пасла. Праз два дні Ляшчынскага пазналі ў касцёле капуцынаў, і жыхароў сталіцы ахапіла радасць. 10 верасня 1733 г. ён сустрэўся з шляхтай-выбаршчыкамі ў касцёле Святога Крыжа, апрануты не як французскі арыстакрат, а як звычайны шляхціч. Прысутныя ўскрыкнулі: «Віват, кароль Станіслаў!» Вокліч быў паўтораны на вуліцах Варшавы. 12 верасня 12 тысяч выбаршчыкаў абвясцілі Станіслава Ляшчынскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Ляшчынскі ў другі раз стаў законным каралём, які карыстаўся падтрымкай большасці, бо ў ім бачылі гаранта незалежнасці дзяржавы.
Але Расія і Аўстрыя не маглі пагадзіцца з гэтым. Меншасць выбаршчыкаў была супраць Ляшчынскага. Не падтрымалі яго і часці літоўскага войска. На тэрыторыю Літвы і Беларусі праз Горадню і Смаленск і маршам далей на Варшаву прайшлі расійскія арміі генерал-аншэфа П. П. Ласі і генерал-паручніка Загражскага пад агульным камандаваннем генерал-фельдмаршала Б. К. Мініха. Ужо 1 кастрычніка расійская армія заняла прадмесце Варшавы Прагу. Туды з'ехаліся выбаршчыкі з меншасці выбарчага сойма, у тым ліку кракаўскі ваявода Т. Любамірскі, наваградскі ваявода М. Ф. Радзівіл, расійскі фельдмаршал Я. К. Сапега, Агінскі, Завіша і іншыя. Пад аховаю расійскіх войскаў яны 5 кастрычніка 1733 г. абвясцілі каралём і вялікім князем літоўскім саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II, сына караля Аўгуста Моцнага, які быў абвешчаны каралём польскім і вялікім князем Аўгустам III (1696–1763). Такім чынам, Станіслаў Ляшчынскі быў каралём у Варшаве толькі 14 дзён, а потым вымушана выехаў у Гданьск, дзе чакаў дапамогі з Францыі: каронныя войскі былі слабыя, і дастатковага адпору расійскаму войску даць не здолелі. Аднак вайна за польскую спадчыну цягнулася два гады (1733–1735). 7 ліпеня 1734 г. Гданьск капітуляваў. Хоць на баку Станіслава Ляшчынскага выступіла ў 1734 г. Дзікоўская канфедэрацыя шляхты, аднак экс-кароль не змог яе ўзначаліць. Ён здолеў уцячы з Гданьска ў Прусію. Вайна за польскую спадчыну перакінулася ў Еўропу. Францыя ваявала з Аўстрыяй і Саксоніяй, якім дапамагала Расія. Вайна скончылася ў 1735 г. прэлімінарным мірам (канчатковы быў падпісаны ў 1738 г.). Францыя прызнала польскім каралём і вялікім князем літоўскім Аўгуста III, Станіслаў Ляшчынскі адмаўляўся ад кароны і атрымліваў герцагства Латарынгію (на ўсходзе Францыі), якое пасля ягонай смерці павінна была перайсці да Францыі. За ім пажыццёва захоўваўся тытул караля польскага. 26 студзеня 1736 г. Станіслаў Ляшчынскі адмовіўся ад кароны на карысць Аўгуста III. Яму вярталіся маёнткі ў Польшчы. Сваім каралеўскім актам Станіслаў Ляшчынскі вызваліў усіх сваіх прыхільнікаў ад прысягі, дадзенай яму, і ў чэрвені 1736 г. вярнуўся ў Францыю.
У Латарынгіі
Раней некалькі стагоддзяў Латарынгія была асобным герцагствам у складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. Апошні герцаг латарынгскі Франц Стэфан на пачатку 1736 г. ажаніўся з дачкой імператара Карла VI Марыяй Тэрэзіяй, якой у спадчыну перайшлі ўсе аўстрыйскія землі. Францыя падчас вайны за польскую спадчыну фактычна адваявала Латарынгію для сябе, даўшы ў якасці кампенсацыі Францу Стэфану вялікае герцагства Таскану ў Італіі.
Ляшчынскі вёў шырокае будаўніцтва ў латарынгскіх гарадах. У Люневілі, Нансі, Камерсі былі пабудаваны палацы, пасаджаны паркі. Для насельніцтва будаваліся свірны для захавання зерня, праводзіліся дабрачынныя акцыі. Стваральная дзейнасць былога польскага караля павялічыла колькасць ягоных прыхільнікаў сярод насельнікаў Латарынгіі, якія спачатку не вельмі ахвотна прынялі чужынца з Усходняй Еўропы ў ролі валадара. Народ нават даў яму мянушку Дабрачынны. Захаваліся ягоныя партрэты гэтага перыяду, на пляцы Станіслава ў Нансі — ягоная статуя, у касцёле Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур можна пабачыць ягонае надмагілле.
Апошнія дзесяцігоддзі Станіслаў Ляшчынскі, нягледзячы на свой век, прызвычаіўся да дзвюх рэчаў — добра пад'есці і прыемна правесці час з кабетамі. У апошнія гады жыцця ён ужо не нагадваў маладога стройнага прыгажуна. Гэта быў вельмі тоўсты стары, які хадзіў з палкай, абапіраючыся на яе. Але трымаўся ён даволі моцна і, бадай, мог пражыць яшчэ некалькі гадоў, каб не той няшчасны выпадак. 15 лютага 1766 г. ён стаяў ля каміна ў сваім кабінеце ў адным з аддаленых пакояў палаца, далёка ад слуг. Раптам яго шлафрок загарэўся. Ён хацеў патушыць агонь рукамі, але занадта нахіліўся і паваліўся ў агонь каміна, ягоная левая рука пачала гарэць.
Станіслаў Ляшчынскі доўга крычаў, клікаў на дапамогу, але ніхто яго не пачуў. Толькі дым і пах ад ахопленага агнём адзення і цела ўрэшце занепакоіла слуг. Калі яны прыбеглі ў кабінет, Ляшчынскі быў ужо непрытомны. У яго былі цяжкія апёкі цела. На жаль, дактары і тагачасныя лекі не дапамаглі. 23 лютага 1766 г. Ляшчынскі памёр і быў пахаваны ў касцёле Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур, пра які мы згадвалі. Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі натоўп выкінуў яго астанкі з труны, хтосьці адрэзаў галаву і панёс дахаты. Аднак былы прыдворны бляхар Мікалай Кранц, які ў 1766 г. першы прыбег на паратунак да Ляшчынскага, адабраў галаву і зноў склаў астанкі ў труну, якая была пастаўлена на ранейшае месца. Частка праху з труны была ў адмысловай урне ўзята ў 1814 г. генералам Сакальніцкім, які з салдатамі вяртаўся з Францыі ў Польшчу. Урна была перададзена кафедральнаму касцёлу ў Познані.