Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы. - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:

Доўгі час гісторыя Беларусі разглядалася скрозь прызму гісторыі Pacii. Вядомы беларускі гісторык, прафесар, грамадскі дзеяч Анатоль Грыцкевіч адраджае праўдзівую айчынную гісторыю, якая разам з беларускай мовай складае аснову нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў.
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 66
Перейти на страницу:

Постаць Станіслава Ляшчынскага мае супрацьлеглую трактоўку ў розныя перыяды ягонага жыцця, але ў кожным разе яна дастаткова прывабная і цікавая.

Аўгуст III (1696–1763)

Кароль польскі, вялікі князь літоўскі, курфюрст саксонскі ад 1733 г.

Наша краіна мела яшчэ аднаго валадара, які панаваў трыццаць гадоў. Гэта быў другі манарх з Саксонскай — дынастыі, другі Сас. Пры ім дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай значна аслабеў. Рэч Паспалітая знаходзілася ў яшчэ большай залежнасці ад суседніх краін, асабліва ад Расіі, чым на пачатку XVIII ст.

Гады маладосці і сталасці нямецкага прынца

Фрыдрых Аўгуст быў адзіным законным сынам свайго бацькі, караля польскага і вялікага князя літоўскага, курфюрста саксонскага Аўгуста Моцнага. Ён належаў да старажытнай нямецкай дынастыі Вэцінаў (вядомай з X ст.), уладароў Саксоніі. Ад 1089 г. Вэціны былі маркграфамі Майсенскай маркі, створанай нямецкімі феадаламі на захопленых землях заходніх славян па рацэ Лабе (Эльбе). У 1247 г. гэты саксонскі княжацкі род атрымаў ландграфства Цюрынгію. У 1485 г. род падзяліўся на дзве лініі — эрнесцінскую і альберцінскую. Апошняя атрымала Майсен і большую частку Цюрынгіі. У 1547 г. галава альберцінскай лініі атрымаў тытул курфюрста Саксоніі (г. зн. ён быў князем-выбаршчыкам у калегіі з сямі князёў, якая выбірала пажыццёва імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі).

Фрыдрых Аўгуст нарадзіўся ў сталіцы Саксоніі Дрэздэне 17 кастрычніка 1696 г. Маці яго, Хрысціяна Эбергардына (1671–1727), была дачкой маркграфа Брандэнбургскага-Байройт (з малодшай лініі Гогенцолернаў) з дробнага княства на поўдні Нямеччыны. Бацька — Аўгуст Моцны (1670–1733) — займаўся палітычнымі і вайсковымі справамі, атрымаў польскую карону, вольны час прысвячаў палюбоўным уцехам і зусім не займаўся сынам. Маці і бабка Ганна Соф'я (1647–1717), дачка дацкага караля, — лютэранкі, і Фрыдрыха выхоўвалі ў лютэранскай традыцыі. Маці не магла дараваць мужу, з якім фактычна разышлася, не толькі пастаянную здраду, але большае — тое, што ён стаў католікам, каб заняць каралеўскі пасад. Таму сама так ніколі і не стала каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай. Маці маленькага прынца разлічвала, што яе сын здолее адстаяць пратэстанцкую (у большасці) Саксонію ад наступу «папістаў». Часам нават думала аб дзяржаўным перавароце, каб перадаць уладу сыну, адабраўшы саксонскі трон ад нялюбага мужа.

Бацька ж, наадварот, лічыў што раней ці пазней сын будзе ягоным наступнікам і на польскім троне, таму намагаўся знайсці ў Рэчы Паспалітай прыхільнікаў саксонскай дынастыі, а значыць і сына. Больш за тое, Аўгуст Моцны разлічваў атрымаць для сваёй дынастыі імператарскі трон. Дынастыя Габсбургаў вымірала ў мужчынскім родзе: у апошніх двух братоў Габсбургаў, Іосіфа і Карла VI, было толькі жаночае патомства. Аўгуст Моцны намагаўся ажаніць сына з адной з аўстрыйскіх эрцгерцагінь, якіх у Габсбургаў хапала.

Але для гэтага трэба было перавесці Фрыдрыха ў каталіцтва. Аўгуст II паабяцаў папе Кліменту ХІ, што ў знак удзячнасці за дапамогу ў вяртанні польскага трона, ён перахрысціць сына ў новую веру. У 1711 г. ён забірае ад маці сына нібы для таго, каб у Ярославе пазнаёміць юнага каралевіча з Пятром I. Адтуль адпраўляе яго ў падарожжа па еўрапейскіх краінах: у Нямеччыну, Францыю, Італію, у габсбургскія краіны — Чэхію, Аўстрыю, Венгрыю. Суправаджаў каралевіча інфлянцкі ваявода Ю. Кос, а ў Франкфурце-на-Майне да прынца далучыліся святары-езуіты Коглер і Салерна. 27 лістапада 1712 г. у Балоньі Фрыдрых Аўгуст перайшоў у каталіцтва, а потым абвясціў пра гэта публічна ў Вене. Падарожжа працягвалася да 1714 г. Ад таго часу Фрыдрых Аўгуст знаходзіўся пад уплывам езуітаў: гэта, безумоўна, сапсавала ягоныя адносіны з маці, і ён моцна перажываў.

20 жніўня 1719 г. малады каралевіч ажаніўся ў Вене з эрцгерцагіняй Марыяй Ёзэфай (1699–1757), дачкой імператара Ёзэфа I. Яна мела на мужа вялікі ўплыў і фактычна замяніла сваім уздзеяннем ранейшы ўплыў ягонай роднай маці. Ад гэтага шлюбу было 14 дзяцей (на працягу 20 гадоў), але трое памерлі ў дзяцінстве. Старэйшы сын, Фрыдрых Хрысціян (1722–1763), стаў пасля смерці бацькі яго наступнікам у Саксоніі, але быў курфюрстам толькі два месяцы. Хоць і здольны дзяржаўны дзеяч, але вельмі хваравіты. Ад яго пайшла далейшая саксонская дынастыя, прадстаўнікі якой дагэтуль жывуць у Нямеччыне. Адну дачку Фрыдрых Аўгуст выдаў замуж за іспанскага караля Карла III, другую — за курфюрста баварскага, трэцюю — за Людовіка, дафіна Францыі (бацькі каралёў Людовіка XVI, Людовіка XVIII і Карла Х). Па жаночай лініі ў Фрыдрыха Аўгуста цяпер шматлікае патомства ў каралеўскіх дамах Еўропы. Адзін з сыноў- Франц Ксаверы (1730–1806) — зрабіў добрае ўражанне на варшаўскае грамадства і хацеў нават дабіцца кароны. Другі сын — Карл (1733–1796) — ажаніўся з польскай арыстакраткай Францішкай Красіньскай. Ён здолеў увайсці ў фавор да царыцы Лізаветы Пятроўны і нават у 1758–1763 гг. заняць трон Курляндыі, але быў пазбаўлены такога ганаровага месца Кацярынай II.

Аўгуст Моцны ў Польшчу сына не вазіў, засцерагаючыся апазіцыі, якая магла зрабіць ягонага сына сваім правадыром (што, дарэчы, здаралася ў XVIII ст. на еўрапейскіх дварах), але рыхтаваў яго да заняцця трона не толькі ў Дрэздэне, але і ў Варшаве. Фрыдрых Аўгуст прымаў удзел у пасяджэннях нешматлікага кабінета Аўгуста II у Дрэздэне, удзельнічаў у перамовах з дыпламатамі іншых краін.

Каб забяспечыць каралеўскі і велікакняжацкі пасад у Рэчы Паспалітайдля сваёй дынастыі, Аўгуст II заключыў пагадненні з магнацкімі групоўкамі, абяцаючы Рэчы Паспалітай моцную падтрымку і саюз з багатай, эканамічна моцнай Саксоніяй. Збіраючыся захаваць цэласнасць Рэчы Паспалітай, групоўка князёў Чартарыйскіх пайшла на такое пагадненне з Аўгустам Моцным, хоць фармальнага саюзу з Саксоніяй заключана не было. Гэтым забяспечвалася ў будучыні абранне Фрыдрыха Аўгуста каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Адначасова групоўка мела на мэце правесці рэформы дзяржаўнага ладу, умацаваць цэнтральную ўладу ў дзяржаве, правесці таксама эканамічныя рэформы.

Але і суседнія дзяржавы рыхтаваліся да магчымай смерці Аўгуста II, каб прадухіліць узмацненне Рэчы Паспалітай і захаваць у ёй паўанархічныя парадкі. У верасні — снежні 1732 г. Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі трактат, паводле якога на польскі трон павінен быць абраны кандыдат, які захаваў бы добрыя адносіны з суседнімі дзяржавамі. Выключалася кандыдатура Станіслава Ляшчынскага. На перыяд выбараў новага караля Расія, Аўстрыя і Прусія на межах Рэчы Паспалітай мелі намер выставіць адпаведную колькасць войскаў, каб пры неабходнасці аб'яднаць свае сілы на працягу чатырох тыдняў. Дамовіліся і наконт кандыдатуры на трон — гэта быў партугальскі прынц Эмануіл (1697–1766), малодшы брат караля Жуана V (1689–1750), а жонка караля даводзілася сястрой германскаму імператару Карлу VI. Суседнія дзяржавы мелі кандыдата, у якім манархі не сумняваліся. Да таго ж усе тры дзяржавы не хацелі саюзу Саксоніі і Рэчы Паспалітай.

Аўгуст III. Малюнак Яна Матэйкі.

Абранне Аўгуста каралём

На пачатку 1733 г. Аўгуст II Моцны і Чартарыйскія рыхтавалі сойм, на якім хацелі правесці рэформы. Аднак у ноч на 1 лютага ў Варшаве памёр кароль, вялікі князь і курфюрст. Пачалося бескаралеўе. Фрыдрых Аўгуст II заняў трон у Саксоніі. А ў Рэчы Паспалітай моцная групоўка магнатаў і шляхты падтрымала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Партугальскі кароль не згадзіўся на кандыдатуру Эмануіла, а прапанаваў другога свайго брата — інфанта Антонія. Таму імператар Карл VI вырашыў падтрымаць больш рэальную кандыдатуру — саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста, якога падтрымлівала іншая групоўка. Трэба было перш за ўсё дамовіцца з Расіяй.

У жніўні 1733 г. Фрыдрых Аўгуст II дамовіўся з урадам імператрыцы Ганны Іванаўны. Ад імя Рэчы Паспалітай ён павінен быў адмовіцца ад прэтэнзій на Ліфляндыю, абяцаў як курфюрст саюз паміж Саксоніяй і Расіяй на 18 гадоў прызнаваў за царыцай імператарскі тытул і запэўніваў, што пасля выбрання каралём зробіць усё магчымае, каб і Рэч Паспалітая прызнала гэты тытул. Ён абяцаў захаваць у Рэчы Паспалітай усе свабоды (па сутнасці анархічны лад). Фаварыту царыцы Ганны — Эрнэсту Ёгану Бірону — на словах збіраўся аддаць герцагства Курляндскае як васальную дзяржаву ў дачыненні да Рэчы Паспалітай. Мусіць, гэтае апошняе абяцанне пераважыла ўсе іншыя. Ганна Іванаўна падтрымала кандыдатуру саксонскага курфюрста. Аўстрыю ён таксама пераканаў. Карл VI быў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Габсбургаў. Спрэчка вялася за аўстрыйскую спадчыну пасля яго. Карл VI хацеў пакінуць усе свае краіны (Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію, Аўстрыйскія Нідэрланды) дачцэ Марыі Тэрэзіі. Аднак Аўгуст Моцны раней прэтэндаваў на аўстрыйскую спадчыну ад імя сваёй нявесткі Марыі Ёзэфы, жонкі цяперашняга курфюрста, бо яна была дачкой старэйшага брата Карла VI — імператара Ёзэфа, які памёр у 1711 г. Яшчэ ў ліпені 1733 г. саксонскі курфюрст даў абяцанне Аўстрыі падтрымаць правы Марыі Тэрэзіі на ўсю спадчыну імператара.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 66
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)