Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
З гэтага спісу трэба адзначыць Чартарыйскіх, якія, карыстаючыся даверам караля, намагаліся правесці неабходныя рэформы ў Рэчы Паспалітай: заснаваць спадчынную манархію, абмежаваць магнацкую алігархію і скасаваць ліберум вета. Але падтрымкі караля і ягонага двара не было, таму гэтая спроба скончылася няўдачай. Увогуле ж Аўгуст III цікавіўся рэформамі толькі ў той ступені, каб з іх дапамогай забяспечыць трон у Рэчы Паспалітай каму-небудзь са сваіх сыноў.
У асноўным магнаты Рэчы Паспалітай у перыяд панавання Аўгуста III падзяліліся на дзве групоўкі, якія аспрэчвалі ўладу ў краіне паміж сабой. Караля падтрымлівалі Чартарыйскія і іх шматлікія прыхільнікі, у тым ліку Радзівілы і Сапегі. Адзін з Чартарыйскіх, Міхал, доўгі час быў падканцлерам літоўскім (1752–1775). Ён меў вялікі ўплыў на падзеі ў Беларускай-Літоўскай дзяржаве. Арыентаваліся Чартарыйскія на Расію, а з 50-х гг. XVIII ст. і на Прусію.
Супраць караля і «прыдворнай партыі» Чартарыйскіх выступала групоўка на чале з Патоцкімі («рэспубліканцы», або «гетманская партыя»). Яны былі супраць абсалютызму, прыхільнікамі «залатой вольнасці» і захавання ліберум вета. Патоцкія атрымлівалі грашовыя сродкі ад урадаў Францыі і Расіі. У 40-я гады сябравалі з Прусіяй, а ў 50-я — сталі яе ворагамі. Менавіта апазіцыя і зрабіла марнымі спробы рэформаў на соймах 1746 і 1748 гг., сарваўшы іх.
Знешняя палітыка Аўгуста III
У знешняй палітыцы Аўгуст III арыентаваўся на Расію, бо дзякуючы ёй стаў каралём. Быў саюзнікам Расіі ўвесь час свайго панавання ў Рэчы Паспалітай і Саксоніі. Таму, маючы ў Пецярбургу падтрымку, Аўгуст III дазваляў сабе часам выступаць супраць Прусіі і Аўстрыі, спадзеючыся атрымаць частку аўстрыйскіх зямель пасля смерці апошняга Габсбурга — імператара Карла VI. Але ў гэтым кірунку актыўнай была Саксонія, якая ўдзельнічала ў еўрапейскіх войнах. Рэч Паспалітая захоўвала нейтралітэт. Але палітыка Аўгуста III ставіла Рэч Паспалітую ў рызыкоўнае становішча. Праз яе тэрыторыю на захад праходзілі расійскія войскі, побач узмацнялася Прусія.
Расія не лічылася з суверэнітэтам Рэчы Паспалітай. Калі ёй было патрэбна, яна ўводзіла войскі на тэрыторыю Беларусі. Так, у 1735 г. па загаду урада Ганны Іванаўны для гвалтоўнага захопу расійскіх стараабрадцаў, якія пасяляліся ў сваім замежным цэнтры — Ветцы і яе наваколлі, сюды праз дзяржаўную мяжу было накіравана 5 палкоў якім было даручана «ачысціць Ветку» і суседнія слабоды. Дамы стараабрадцаў і манастырскія пабудовы былі спаленыя. У Расію вывезена больш як 13 тысяч чалавек. Такая ж акцыя была праведзена пазней (у 1764 г.), калі генерал Маслаў з двума палкамі вывеў у Расію 20 тысяч чалавек. Рэйды расійскіх войскаў на тэрыторыю нашай дзяржавы атрымалі назву «веткаўскія выгонкі». Расія таксама падтрымала паўстанне ў Крычаўскім старостве ў канцы 1743 — пачатку 1744 г., каб мець зачэпку для ўмяшання, калі гэта спатрэбіцца. Па загаду расійскіх улад камандзір расійскага пагранічнага фарпоста (заставы) падтрымліваў сувязь з Васілём Вашчылам.
Падчас вайны за аўстрыйскую спадчыну паміж еўрапейскімі краінамі (1740–1748) Саксонія прыняла ўдзел у вайне на баку Прусіі супраць Аўстрыі, а пасля перайшла на бок Аўстрыі. Аўгуст III хацеў атрымаць ад Аўстрыі «калідор» праз Сілезію ад Саксоніі да Польшчы. Прускі кароль Фрыдрых II у 1745 г. разбіў аўстра-саксонскую армію. Быў заняты Дрэздэн. Згодна з падпісаным мірам, Сілезія адышла ад Аўстрыі да Прусіі (была занята яшчэ ў 1742 г.), а Саксонія не атрымала нічога. Тэрыторыя Польшчы цяпер была абкружана паўколам прускімі валоданнямі на захадзе і поўначы.
Праўда, Аўгуст III пасля падпісання мірнага трактата з Прусіяй (25 снежня 1745 г. у Дрэздэне) падпісаў на пяць гадоў саюзны дагавор Саксоніі з Францыяй, атрымліваючы за гэта субсідыі ад французскага караля Людовіка XV. А калі скончылася дзеянне гэтага дагавора, то ў 1751 г. падпісаў такі ж дагавор з Англіяй, ахвяруючы ёй 6000 саксонскіх салдат за цяпер ужо англійскія субсідыі. Такая палітыка хістання паміж Англіяй і Францыяй прывяла ўрэшце да таго, што падчас Сямігадовай вайны (1756–1763) прускі кароль Фрыдрых II, супраць якога выступіла Саксонія разам з Аўстрыяй, Расіяй і Францыяй, нанёс паражэнне саксонскай арміі (капітулявала 15 кастрычніка 1756 г. каля Пірны). Аўгуст III мусіў ратавацца ў Варшаве, а пруская армія з невялікім перапынкам рабавала Саксонію ажно да вясны 1763 г.
І хаця Рэч Паспалітая заставалася нейтральнай і падчас Сямігадовай вайны, тэрыторыя яе выкарыстоўвалася абодвума бакамі для сваіх мэтаў. Праз яе праходзілі туды і сюды расійскія, прускія, а часам і аўстрыйскія войскі. Дзяржава не ўдзельнічала ў вайне, аднак насельніцтва яе шмат цярпела ад іншаземных салдат. Расія авалодала камунікацыямі, карысталася прадуктамі харчавання і зімовымі кватэрамі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Пры гэтым расійскія генералы не лічыліся з насельніцтвам, рабавалі яго пад выглядам дапамогі расійскай арміі. У сваю чаргу, прускі кароль Фрыдрых II у 1760 г. накіраваў свае войскі ў Польшчу, у Пазнанскае ваяводства, і абвясціў маніфест, у якім заявіў, што будзе карыстацца ўсімі прывілеямі, якія мелі ў гэтай краіне расійскія войскі.
Апошнія гады жыцця
Аўгуст III у канцы жыцця займаўся больш справамі сваёй сям'і. Павыдаваўшы дачок замуж за прынцаў каралеўскіх ці княскіх фамілій, ён намагаўся ўладкаваць сыноў. Старэйшы сын Фрыдрых Хрысціян, хваравіты чалавек, паводле законаў саксонскага дому прызначаўся да заняцця трона ў Дрэздэне. Для трона ў Варшаве больш надаваліся каралевічы Ксаверы (якога бацька чамусьці не любіў) і ўлюбёнец Карл. Пачынаючы ад 1751 г. Аўгуст III намагаўся шляхам дамоў з Англіяй, Расіяй і Аўстрыяй, ды нават і з Францыяй, гарантаваць абранне аднаго з іх каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Атрымаўшы згоду імператрыцы Лізаветы Пятроўны, Аўгуст III здолеў зрабіць ленным (васальным) герцагам Курляндыі сына Карла. Але яго дынастычныя планы не здзейсніліся. У 1763 г. Расія патрабавала ад Карла пакінуць трон у Курляндыі, бо Кацярына II вярнула туды з высылкі Бірона. У Рэчы Паспалітай становішча караля стала менш надзейным, бо Кацярына II паміж Саксоніяй і Прусіяй зрабіла выбар на карысць апошняй, а крыху пазней заключыла з ёю саюз, Расійская імператрыца ва ўнутраных справах Рэчы Паспалітай таксама вырашыла падтрымаць Чартарыйскіх, якія ўжо рыхтаваліся на наступным сойме ўсё ж такі правесці рэформы дзеля ўзмацнення дзяржаўнага ладу, але не на карысць Аўгуста III. Эканамічнае становішча ў краіне пагаршалася. У Рэч Паспалітую плынямі ішлі фальшывыя манеты, іх білі па загаду караля Фрыдрыха II на манетным двары у Дрэздэне, захопленым прускімі войскамі. Анархія ў краіне набірала разгон…
Пасля заканчэння Губертсбургскага міру паміж Аўстрыяй з Саксоніяй і Прусіяй (15 лютага 1763 г.) і адыходу прускіх войскаў з Саксоніі Аўгуст III выехаў з Варшавы ў Дрэздэн, дзе прабавіў некалькі месяцаў выязджаючы на паляванні ці слухаючы любімыя оперы ў тэатры. Жонка яго памерла ў Дрэздэне яшчэ ў 1757 г. падчас акупацыі краю прусакамі. Памёр Аўгуст III раптоўна. Здарылася гэта ў Дрэздэне 5 кастрычніка 1763 г.
Панаванне Аўгуста III у Рэчы Паспалітай было перыядам палітычнага крызісу, дэзарганізацыі дзяржаўнай улады, павелічэння залежнасці краіны ад суседзяў і перш за ўсё ад Расіі. Але ў гэты час пачаўся ўздым гаспадаркі, пераход да чыншу ў панскіх гаспадарках (за кошт паншчыны), будаўніцтва мануфактурных прадпрыемстваў, у тым ліку на Беларусі. Ды і ў асвеце былі зроблены новыя крокі: праводзілася рэформа адукацыі, адчыняліся школы піярскага ордэна, куды прымалі дзяцей бацькоў рознага маёмаснага стану, навучанне было бясплатнае, а прадметы адпавядалі патрабаванням, якія былі ў школах іншых еўрапейскіх краін. Аднак гэта ўсё было дасягнута не дзякуючы палітыцы Аўгуста III, а без ягонага якога-небудзь удзелу ўвогуле.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732–1798)
Апошні кароль.
Апошнім каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ягонае панаванне — гэта перыяд палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны, інтэрвенцыі Расіі і яе саюзніка Прусіі. Гэта час, калі суседнія манархіі — Расія, Прусія і Аўстрыя — дзялілі тэрыторыю дзяржавы (падзелы 1772, 1793 і 1795 гг.), калі патрыятычныя сілы ў Польшчы, Літве і Беларусі на чале з Тадэвушам Касцюшкам узняліся на ўзброенае паўстанне ў 1794 г., каб ратаваць незалежнасць радзімы. Скончылася панаванне Станіслава Аўгуста ў 1795 г. ліквідацыяй Рэчы Паспалітай. Незалежнасць Польшчы і Беларускай-Літоўскай дзяржавы была скасавана Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй: Беларусь і амаль уся Літва далучаны да Расійскай імперыі, а Польшча падзелена паміж Прусіяй і Аўстрыяй.