Залаты век Беларусі
- Автор: Акіньчыц Станіслаў
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Юніпак
- ISBN: 978-985-6802-48-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Залаты век Беларусі». Краткое содержание книги:
Сьмерць Мікалая Чорнага выклікала непрыхаваную радасьць ворагаў Рэфармацыі ў нашай краіне, але справа жыцьця віленскага ваяводы знайшла дастойных пасьлядоўнікаў. На чале рэфармацыйнага руху стаў ягоны брат, вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды. Андрэй Вэнгерскі, аўтар адной зь першых працаў па гісторыі Рэфармацыі ва Ўсходняй Эўропе «Slavonia Reformata» («Рэфармаванае славянства») так апісвае падзеі, зьвязаныя з прыняцьцём князем Мікалаем Радзівілам Рудым кальвінскага веравызнаньня: «Князь гэты, атрымаўшы 26 студзеня 1564 году слаўную перамогу над Масквою, паехаў у Чэнстахову з намерам споўніць прырачэньне, прынятае перад бітваю. Такога знакамітага госьця манахі прынялі зь вялікай радасьцю, і жадаючы ўмацаваць яго ў каталіцкай веры, бо ён ужо хістаўся, намовілі нейкага селяніна, каб зрабіў выгляд апанаванага злым духам. Калі ж яны выганялі зь яго д'ябла, каб паказаць, што яны сапраўдныя наступнікі апосталаў, князь зразумеў подступ і, паклікаўшы таго чалавека, даведаўся ад яго самога, што яго манахі падкупілі, каб ён рабіў выгляд апанаванага. З гэтае прычыны князь, вярнуўшыся ў Літву, выракся памылак рымскае царквы, перайшоў да царквы рэфармаванае, і сыноў сваіх, Мікалая і Крыштафа, загадаў выхоўваць у гэтым вучэньні». Ужо раней вялікі гетман літоўскі прыхільна ставіўся да Рэфармацыі, падтрымліваў многія пачынаньні свайго брата, Мікалая Чорнага, але чамусьці доўга не акрэсьліваў сваёй пазыцыі. Падзеі ў Чэнстахове сталі той кропляй, якая выклікала цьвёрдае рашэньне Мікалая Рудога ня быць цёплым, але стаць гарачым. І трэба адзначыць, што адбылося гэта вельмі сваечасова.
Сьмерць Мікалая Чорнага стала сур'ёзным выпрабаваньнем для кальвіністаў Вялікага Княства. Багаслоўскія спрэчкі разгарэліся ўнутры эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня зь нечуванай сілай і прывялі да падзелу адзінага рэфармаванага збору на так званы большы збор - уласна кальвіністаў, верных навуцы Жана Кальвіна, і меншы збор - так званых арыянаў ці антытрынітарыяў, якія самі сябе называлі літоўскімі братамі. Асноўнай прычынай падзелу стала пытаньне пра Тройцу і хрышчэньне дзяцей. Літоўскія браты, падкрэсьліваючы тое, што Ісус Хрыстос быў на 100% чалавекам, пры гэтым нярэдка адмаўлялі Яго роўнасьць Богу Айцу, а таксама лічылі, што кожны чалавек павінен хрысьціцца толькі дарослым, усьведамляючы, што ён робіць. Гэтыя пазыцыі выклікалі зацятыя спрэчкі, аднак так і не стварылі выразнай мяжы паміж большым зборам і меншым, што дазваляе меркаваць, што вядомыя нам скрайнія выказваньні аднаго ці другога боку гаварыліся хутчэй у запале дыскусіі, чым адлюстроўвалі паўсюдна прынятую багаслоўскую пазыцыю. Многія прыхільнікі літоўскіх братоў адначасова не парывалі з большым зборам, як напрыклад, староста берасьцейскі Ян Кішка, які быў найгалоўнейшым апекуном меншага збору ў Вялікім Княстве. Тым ня менш спрэчкі і падзелы ўнутры рэфармацыйнага руху аслабілі пазыцыі рэфарматараў напярэдадні тых падзеяў, якія чакалі нашую дзяржаву.
Вайна з Масквою, якая цягнулася ўжо шмат гадоў, востра паставіла перад Вялікім Княствам даўняе пытаньне пра вунію (саюз) з Польскім Каралеўствам. Ваенная машына Маскоўскай дзяржавы, скіраваная на заваёву новых земляў, моцна пераўзыходзіла абарончыя магчымасьці Княства, і нашай краіне выразна не ставала сваіх сілаў, каб супрацьстаяць усходняму агрэсару. У 1563 годзе пачаліся перамовы дэлегацыі Вялікага Княства з прадстаўнікамі Польскай Кароны пра ўмовы аб'яднаньня дзяржаваў. Польскі бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, настойваў на стварэньні адзінай дзяржавы, але беларускія паслы на чале зь Мікалаем Радзівілам Чорным прынцыпова стаялі на пазыцыі захаваньня незалежнасьці Вялікага Княства. Спрэчкі цягнуліся не адзін год, тым часам вайна працягвалася, зьнясільваючы краіну. Шляхта, на плячох якой ляжаў асноўны цяжар вайны, усё грамчэй патрабавала вуніі, згаджаючыся на польскія ўмовы.
Урэшце ў студзені 1569 году ў Любліне сабраўся супольны сойм Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, каб разгледзець пытаньне саюзу. Дэлегацыя Княства зноў рашуча не пагадзілася зь ідэяй уключэньня сваёй краіны ў склад Польскага Каралеўства і ў знак пратэсту пакінула Люблін. Тады Жыгімонт Аўгуст, карыстаючыся сваёй уладай вялікага князя літоўскага, далучыў да Польскага Каралеўства Падляшша, Валынь і Кіеўшчыну, тым больш, што тамтэйшая шляхта была найбольш прыхільная вуніі, спадзяючыся знайсьці праз гэта абарону ад Масквы і ад татараў. Вільня была шакаваная такім ходам падзеяў, нават чуліся галасы пра вайну з Польшчай, але калі з заходнім суседам яшчэ можна было весьці перамовы, то зь Іванам Жахлівым размаўляць было няма пра што: там, дзе прайшлі маскоўскія войскі, заставалася выпаленая зямля. Паслы Княства зноў паехалі ў Люблін, каб адстойваць самастойнасьць сваёй дзяржавы і дасягнуць нейкага кампрамісу. 1 ліпеня 1569 году быў абвешчаны акт стварэньня Рэчы Паспалітай Двух Народаў, фэдэрацыі Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, якая мела аднаго караля і адну зьнешнюю палітыку, але два войскі, два скарбы (фінансавыя сыстэмы), два зборнікі законаў.