Залаты век Беларусі
- Автор: Акіньчыц Станіслаў
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Юніпак
- ISBN: 978-985-6802-48-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Залаты век Беларусі». Краткое содержание книги:
Такі ўздым рэфармацыйнага руху, асабліва ўлічваючы масавыя навярненьні шляхты, ня мог не закрануць і сялян. І хоць гэты працэс ішоў значна павальней, што і ня дзіўна, калі ўзгадаць зьнікомы ўзровень разуменьня сутнасьці хрысьціянства і поўную непісьменнасьць беларускага сялянства, зь цягам часу сытуацыя пачала мяняцца. Захаваліся дакуманты, якія сьведчаць пра тое, што ў некаторых уладаньнях кальвінскіх магнатаў сяляне таксама вызнавалі эвангельскую веру. Адзін з правінцыйных сынодаў пастанавіў, каб шляхта не прымушала сялян прымаць кальвінізм, але раіць сэньёрам збораў, каб яны сваіх падданых прыцягвалі да слуханьня Слова Божага, самі зьяўляючыся для іх прыкладам.
Імклівае разьвіцьцё Рэфармацыі ў Вялікім Княстве дазволіла ўжо ў 1557 годзе правесьці пад старшынствам Мікалая Радзівіла Чорнага першы сынод (сход сэньёраў і магістраў збораў) эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня, як называлі сябе вызнаўцы кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. На гэтым сынодзе быў абраны першы супэрінтэндант (адказны) беларускіх збораў - Сымон Зак. Неўзабаве далейшы рост колькасьці эвангельскіх цэркваў у краіне прымусіў эвангельска-рэфармаванае Задзіночаньне падзяліцца на два, а пазьней на шэсьць дыстрыктаў (рэгіёнаў), на чале кожнага зь якіх стаяў свой супэрінтэндант. Штогод дэлегаты ад кожнага дыстрыкту зьязджаліся ў Вільню на агульны сынод.
Эвангельскія цэрквы ў гарадах Вялікага Княства, нават задоўга да свайго юрыдычнага афармленьня, вылучаліся немалой місыянэрскай актыўнасьцю. Прымаючы веру Хрыстовую, купцы і рамесьнікі сур'ёзна прымалі словы Госпада: «Ідзіце і зрабіце вучнямі ўсе народы». Гарады паўночна-усходняй Беларусі мелі даўнія гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам Вялікім, Цьвер'ю і Масквою, і разам з купецкімі абозамі на ўсход ішлі ідэі Рэфармацыі. Як вынік гэтага ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя ў Маскоўскай дзяржаве пачало распаўсюджвацца эвангельскае вучэньне. Адзін зь лідараў гэтага руху, Мацьвей Башкін казаў, што яго настаўнікамі былі «літвянін аптекарь Матфей і другой літвянін Андрей Хотеев». Калі маскоўскія духоўныя і дзяржаўныя ўлады жорсткімі рэпрэсіямі стлумілі рэфармацыйны рух у Маскоўскім царстве, частка вернікаў уцяклі «ў Літву», або «ў Немцы», дзе «свабодна гучала Слова Божае».
У гэты час Вялікае Княства Літоўскае перажывала ўздым ня толькі ў духоўным жыцьці, але таксама ў эканоміцы і культуры. І менавіта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэньне Кальвіна, якое вялікую ўвагу надавала характару чалавека і рэалізацыі кожным свайго прызначэньня, асабліва падкрэсьлівала важнасьць якаснага выкананьня кожным сваіх абавязкаў, пры гэтым ніколі не задавальняючыся дасягнутым. Такі біблійны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнікненьня рынкавай гаспадаркі. Падобныя працэсы адбываліся і ў Беларусі.
Асабліва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, літаральна зьмяніўшая аблічча Беларусі на працягу XVI стагодзьдзя. Ідэя рэформы, якая б дазволіла кожнаму селяніну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялікага князя Жыгімонта Старога. Актыўна падтрымліваў каралеву ў яе пачынаньнях ейны духоўнік Лісманіні, адзін з прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, які лічыў, што прызначэньне чалавека найбольш поўна рэалізуецца тады, калі ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежаваліся толькі ейнымі ўладаньнямі ў Гарадзенскім і Кобрынскім староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мікалай Радзівіл Чорны, які лічыў Лісманіні адным са сваіх настаўнікаў, зацікавіўся пераўтварэньнямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыў эфэктыўнасьць праведзеных рэформаў, якія разьвівалі ініцыятыву і актыўнсьць сялянства і рабілі сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камісія па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале зь віленскім ваяводам. Разам зь ім працавалі пісар Вялікага Княства Астафей Валовіч і адзін зь непасрэдных выканаўцаў пераўтварэньняў ва ўладаньнях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала так званую «Уставу на валокі», абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восеньню 1557 году, якая на доўгія гады вызначыла гаспадараваньне зямлёй ў Вялікім Княстве. Сутнасьцю гэтай рэформы было мераньне зямлі і яе клясыфікацыя паводле вартасьці, апрацаванасьці і ўраджайнасьці. Абмераныя землі падзяляліся на стандартныя часткі - валокі (21,37 гектара). Зямля ў карыстаньні сялянаў пераразьмяркоўвалася так, каб кожная сям'я атрымала адну валоку, такім чынам ліквідуючы церазпалосіцу і спрашчаючы падаткаабкладаньне сялянскай гаспадаркі. Такая арганізацыя землекарыстаньня дазваляла асвойваць новыя землі і павялічыць таварнасьць паасобных гаспадарак, дзякуючы вялікім памерам участка і магчымасьці выкарыстоўваць новую, трохпольную сыстэму земляробства. Адначасова ствараліся фальваркі - вялікія панскія гаспадаркі, якія павінны былі апрацоўвацца цяглымі сялянамі (так званая паншчына). Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалі вялікаму князю, але пасьля яе падхапіла шляхта, праводзячы памеру ў сваіх маёнтках.