Залаты век Беларусі
- Автор: Акіньчыц Станіслаў
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Юніпак
- ISBN: 978-985-6802-48-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Залаты век Беларусі». Краткое содержание книги:
Ня меншы ўздым перажывала і юрыдычная думка Вялікага Княства. Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова і сумленьня адлюстроўваюць юрыдычныя дакуманты таго часу, публіцыстыка і багаслоўскія трактаты. Ужо ўзгаданы Андрэй Волан у сваім творы «Аб палітычнай або грамадзянскай свабодзе» пісаў: «Ніхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе, і ніхто, такім чынам, не нараджаецца рабом... Першы і галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабоднае ад усякага замаху на яго і несправядлівасьці. Далей, каб нашая маёмасьць і багацьце не ставаліся ахвяраю якога рабаваньня ці гвалту». Тут будзе дарэчы ўзгадаць канцлера Вялікага Княства Астафея Валовіча, паплечніка Мікалая Радзівіла Чорнага ў правядзеньні зямельнай рэформы, арганізатара працы і рэдактара Другога (1566 г.) і Трэцяга (1588 г.) Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя зборнікі законаў зьяўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі беларускай юрыдычнай думкі. Статут 1588 году лічыцца найлепшым і найдасканалейшым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Нават праз два стагодзьдзі пасьля прыняцьця ён па-ранейшаму ўважаўся за найвыдатнейшы эўрапейскі збор законаў. Пасьля захопу Беларусі Расейскай імпэрыяй яшчэ амаль 50 гадоў нашая краіна жыла паводле Статуту 1588 году, а не паводле расейскага заканадаўства. Статут абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы, у якой «естесмо невольнікамі прав для того, абысьмы вольності ужываті моглі», замацоўваў падзел судовай і выканаўчай улады, ліквідаваў судовыя прывілеі магнатаў, сьцьвярджаў прынцыпы свабоды сумленьня і роўнасьць усіх перад законам. Акрамя таго Статут замацоўваў тагачасную беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай, ды і сам быў напісаны па-беларуску, каб кожны жыхар Вялікага Княства мог ведаць свае правы. Астафей Валовіч, будучы глыбока веручым чалавекам, на працягу свайго жыцьця засноўваў цэрквы, шпіталі, школы, актыўна ўдзельнічаў у жыцьці эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня ў Вялікім Княстве. На сваёй «сьмяротнай пасьцелі» ў Горадні канцлер запаведаў пахаваць сябе ў мураваным склепе пад кальвінскім зборам у Сідры (Гарадзенскі павет) без усялякіх цырымоніяў, «кгды там не на войну отхожу», а «во всіх іменіях моіх невольнік, ані жадный дедечным правом зневоленый человек, хотя бы вязнем і должніком зостал, маеть вольно служіті і проч іті».