Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 229
Перейти на страницу:

А недзе на золку паднялі — батальён рушыў у наступ.

Немцы джгалі трасіруючымі зь недалёкага сяла, адкуль іх належала выбіць. На той раз ня выбілі — залеглі ў голым полі.

Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майстры, нічога ня скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў зь іхніх састарэлых «драгунак», якімі нас угаворвалі ганарыцца, рабіць 6–8 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялі з аўтаматаў колькі маглі, а іхні кулямёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Iхнія мінамётчыкі ўмелі навесіць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другі — або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалі салдаты. У нас з агнём было куды горш, заўжды не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калі ён страляў у баі. Тое, што было з сабой (у падсумках ці магазынах), можна было расстраляць за некалькі хвілінаў. Зноў жа [ — ] куды байцу ўзяць болей патронаў? Хіба за пазуху, у кішані. Немцы для тае мэты скарыстоўвалі боты з шырокімі халявамі, у якія напіхвалі магазынаў. Нашыя ж дыскі ў боты не запіхнеш. Ды й боты не такія, з вузкімі халявамі, а ў байцоў спрэс абмоткі. Таму на полі, у ланцугу, пяхота не страляла, эканоміла для бою ў сяле. Меркавалася, што там, сярод хатаў, можна прымяніць штых-маладзец, бо куля — дура, як вучыў «вялікі Сувораў». Але немцы не падпушчалі блізка, яны нішчылі нас у полі градам куль і асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылі салдатаў і афіцэраў, практычна ў вайну не прымяняўся. (Таксама, дарэчы, як і процігазавыя сумкі, якія марна цягалі да самай перамогі.) Славутыя «кацюшы» ўжываліся рэдка, для транспарціроўкі іхняга боезапасу патрэбны былі дзясяткі аўтамабіляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлівала толькі малакаліберная артылерыя — саракапяткі ды 76-мм гарматы на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты.

Аднойчы на пачатку зімы я зрабіў першую спробу асвоіць артылерыю. На полі бою каля сьцірты саломы наткнуўся на кінутую саракапятку. Перад тым тут стралялі танкі, і гэтыя артылерысты ці, можа, уцяклі, ці іх пабіла — за сьціртай ляжала некалькі трупаў. А снарады былі — некалькі скрынак. Як страляць з такіх гарматаў, нас у вучылішчы трохі вучылі. I я паспрабаваў. Не па танках — па пяхоце ў недалёкім сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацік мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглі ўзяць з сабой, пакінулі ля сьцірты.

Пасьля невялікага перадыху пачалася Кіраваградзкая апэрацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна, як ён пісаў, палемізуючы з аўтарам «Мёртвым не баліць». На ягоную думку і думку Сталіна, то была вельмі пасьпяховая апэрацыя. Можа быць, з гледзішча Крамля так яно і было. Але было іншае гледзішча — салдата з засьнежанага поля, залітага крывёй і здратаванага гусеніцамі танкаў, на якім быў амаль цалкам разгромлены наш полк. Там загінуў камандзір маёй роты лейтэнант Міргарад, камандзір батальёну капітан Сьмірноў, камандзір палку маёр Казар’ян, дзясяткі салдатаў ды іншых афіцэраў.

Пачалося ўсё, як нашу дывізію ўвялі ў прарыў. Наступалі мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялі агнявы бой, а ноччу калёнай — у стэп, лезьлі як мага ўглыб, дзе можна пралезьці. Дзе пускалі немцы. Спаць не было ніякай магчымасьці, ніводнай гадзіны. Гэта таксама фэномэн, вынаходзтва савецкай ваеннай навукі — прымусіць салдата абыходзіцца бяз сну. Думаецца, ні ў адной арміі так ня ўмеюць. I вось ідзем сонныя па стэпе, засьнежанай дарогай, шмат хто сьпіць на хадзе, спатыкаецца, падае. Тады іншыя лаюцца. Аднойчы я ледзьве не зайшоў да немцаў. Памятаю, дарога была замеценая, але сьнег не глыбокі. I вось бачу вакол сябе лета, нейкія дрэвы, быццам алея. А наперадзе сьцяна, бы замак, і ў ёй вароты чорныя. Трохі трывожна, але я туды іду, у гэтыя вароты. I раптам чую:

«Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разьведчыкі, а наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны пачалі ўжо джгаць трасіруючымі ў наш бок. Калі б ня гэтыя разьведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткія выпадкі на вайне былі дужа распаўсюджаныя — калі заходзілі ці заяжджалі да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялі ў палон.

Потым зноў ішлі па начы, помню — шэрань, мароз.

Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штабу палку завёў нас не туды, спыніліся. Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціру, толькі няўбраная кукуруза ды сланечнік шархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генэрал. Ня ведаю, які, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на сьнезе. Пасьля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказалася, то Вялікая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хатаў нейкія ямы, зь якіх, відаць, улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як разьвіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага гораду Кіраваграду. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому высунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, некаторых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палку.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)