Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 229
Перейти на страницу:

Залеглі. Пасьля ішлі зноў. Ноччу ішлі ў батальённай калёне. Зранку і ўвесь дзень нас жахліва бамбілі нямецкія самалёты, і мы то разьбягаліся па стэпе, то зноў зьбіраліся на дарозе. Неяк спыніліся на краі сяла ў пустой аборы, ротны сказаў, што трохі адпачнем і будзем атакоўваць кашару за дарогай. I толькі я задрамаў у кутку на саломе, як усчалося бамбаваньне, трэба было вымятацца ў стэп — пад агонь з-за дарогі. Ротны застаўся ў аборы, дзе яго і забіла пры другім налёце «юнкерсаў». З камандзіраў у роце я застаўся апошні, таму да мяне і прыбег намесьнік камандзіра палку — наступаць, такую тваю маць! Пайшлі наступаць — ланцугом па полі да кашары. На гэты раз нам пашэнціла, агню не было, мы дабрылі да развалюхі-кашары, дзе не знайшлі нікога, немцы вымеліся. Каб чаго ня сталася, я паслаў у тыл аднаго сяржанта далажыць, што кашара ўзята. Як высьветлілася пасьля, таго няварта было рабіць. Сяржант вярнуўся і сказаў, што камандзір палку аб’яўляе мне падзяку. Што ж, добра. Мы залеглі за кашарай у сьнезе, згаладнелыя, замерзлыя. I мой памкамузводу кажа: а давайце ў кашару, трохі пагрэемся. Тым болей, што салдаты дзесь раздабылі тэрмас шнапсу. Акурат для сугрэву.

Пагрэцца, аднак, не пасьпелі, як зь недалёкай кукурузы выпаўзьлі тры бронетранспарцёры і адкрылі па кашары шквальны агонь. Мае паўскоквалі і без усялякай на тое каманды сыпанулі назад, да дарогі. За імі дзе паўзком, а дзе подбегам рушыў і іх няхуцавы камандзір. Там пад абстрэлам даседзелі да ночы. А як сьцямнела, на дарогу прыбег намесьнік камандзіра палку, які тут жа паабяцаў мяне расстраляць, калі я да ранку не вярну страчаную кашару. Аказваецца, ён ужо далажыў пра яе ў дывізію, а яна зноў апынулася ў немцаў. Становішча маё было такое, што горш не прыдумаеш. Ля кашары стаяць тры бронетранспарцёры, а ў мяне засталося якіх пятнаццаць салдатаў. Як яе ўзяць?

Аднак мусіў браць. Уначы пры бліскучай поўні пайшлі, ды хутка вярнуліся зноў: немцы не падпусьцілі і да паловы поля. Стаў чакаць ранку і свайго прысуду. Але за той час штось сталася на фланзе — страляніна, крыкі. Хутка адтуль бяжыць аўтаматчык, — на штаб напала нямецкая разьведка, намкампалку патрабуе, каб усе мы — неадкладна туды, на дапамогу. Пабеглі на дапамогу, ды спазьніліся. Немцы ўжо вымеліся, а намкампалку забіты. Уранку ля школы два маіх салдаты капалі яму магілу. А да нас у роту прыйшоў новы камандзір лейтэнант Міргарад, зь якім я праваяваў да калядаў. Нейкім чынам той выпадак адбіўся ў напісаным праз дваццаць гадоў апавяданьні «Ранак-сьвітанак».

На стэпавай роўнядзі ваяваць было цяжка, схавацца ад кулямётнага агню не было як. Ды й ад мінамётнага таксама. Адзіным укрыцьцём служылі няўбраныя ўлетку кукурузныя палеткі ды адзінокія сьцірты ў стэпе. Але апошнія часьцей за ўсё былі здрадніцкім зманам, бо немцы здалёк бачылі, а болей ведалі, што за імі заўсёды хаваліся, і старанна абстрэльвалі іх. А іх выбіралі для схову ад агню і ветру тыя, што былі трохі ў тыле: санітары з параненымі, абозьнікі, камандзіры. Там яны часьцей за ўсё і гінулі — у тыле пяхотных ланцугоў. У той час, як у ланцугу было часам схоўней.

З баямі мы займалі вялікія і малыя сёлы, ішлі далей. А ў гэты час ззаду, у занятых сёлах пачыналі дзейнічаць тылавыя службы, штабы і палявыя ваенкаматы. Гэтыя зьбіралі ўсіх, хто там сядзеў з 41-га. Такіх набіралася нават зашмат, — партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш зьбяруць у стэпе вінтоўкі, што засталіся каля забітых-параненых. Забітых яшчэ не пахавалі, а іхнімі вінтоўкамі ўжо ўзбройваюць прызыўнікоў. Абмундзіроўкі няма, і яны так, у хатняй апратцы, зь «сідарамі» за сьпінай ідуць у ланцуг — атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзіць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.

З камандзірамі тое ж самае, кадравых мала. У нас у роце было толькі два афіцэры — я і камандзір роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялілі, не было каго. Добра, калі пісар пасьпее перапісаць прозьвішчы, а то ідуць безыменнымі. I гінуць. Таму столькі ў нас цяпер «неизвестных солдат», «пропавших без вести». Такі быў улік. У пяхоце не было ніякага ўліку. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасьць мела. А за людзей адказваў адзін Гасподзь Бог…

Новы, 1944 год сустрэў пад сьціртай у засьнежаным полі. Як пацямнела, бой стаў сьціхаць, — немцы таксама хацелі сустрэць навагодзьдзе. Старшына прынёс вячэру — пярловы суп. Той, хоць і пляскаўся ў тэрмасе, але даўно прастыў і быў сьцюдзёны. Хлеб дык і наогул зьмерзлы — секлі нямецкім штыхом. Але нам, тром афіцэрам, менавіта пад новы год выдалі доппаёк — па жмені сухога пячэньня і баначку шпротаў на трох. Жуючы з кішаня тое пячэньне, я і задрамаў пад сьціртай, не дачакаўшыся запаветнага часу зьмены году.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)