Вялікія дарогі [пра мінулае]
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:
Ужо пачала была адраджацца вякамі занядбаная й пагарджаная культура працоўнага сялянскага люду, і пачынала Беларусь выходзіць на агульна-людзкі мастацкі Алімп, ісьці да авалоданьня й тварэньня каштоўнасьцяў усёлюдзкага значэньня.
Адылі пранёсься зь цяжкое бальшавіцкае рукі віхор і зьнёс ейных лепшых тварцоў, цьвет народу - лепшых навукоўцаў, паэтаў, пісьменьнікаў, музыкаў, актораў, драматургаў, рэжысэраў і мастакоў. І толькі лічаныя адзінкі засталіся... Але народ не пакідае ўсё такі пасылаць і далей на дзялянкі культурнага творства што-раз новых людзей, хоць афіцыйныя рамкі ўсё сьціскаюцца й звужаюцца ды не даюць нікому высьці на шырокую прастору вольнага плоднага творства роднае культуры.
- О гора, непазбыўнае гора нашай зямельцы, няшчасьце нашаму народу! - думаў Кастусь, калі радыё-хвалі прыносілі ўсё новыя й новыя чужыя мэлёдыі.
Гэтага вечару сябры мала гаварылі. Яны абодвы больш адчувалі, што насталі часы вялікіх зьменаў. Бог адзіны ведае, што здарыцца зь імі неўзабаве. Кожны быў працяты думкай аб гэтым няведамым. Прачувалі яны, што разам з гэтымі зьменамі, мусіць, абарвуцца й гэтыя іхныя, так ужо звыклыя, спатканьні, сяброўская мена думак ды беспасярэдняя лучнасьць іхных, гэтак родна-блізкіх і, разам з тым, адзінотных у гэтым бязьлюдным сьвеце, душаў.
Кожны хацеў ведаць, як складзецца іхная доля, і кожны маўчаў, ведаючы, што не прарок, каб азначыць сваю будучыню. Вось-жа мо таму гэтага вечару яны больш, як заўсёды, круцілі пералучнікі радыё-апарату, каб пачуць нешта зь іншага сьвету.
А гэты сьвет за мяжой, чужы й нязнаны ім, хаваў у сабе тыя таемныя прынады, да якіх душа цягнулася міжвольна.
І як афіцыйная прапаганда не выкарчоўвала гэтага замілаваньня да Захаду, яно жыло ў душы кожнага інтэлігента й нават яшчэ больш падагравалася бязупыннымі відовішчамі дзяржаўнае безчалавечнасьці ўва ўсім навакольным жыцьці.
І цяпер ім хацелася пачуць станоўкае слова з вуснаў гэтага заходняга сьвету. З чым-жа ён ідзе да нас? Што ён нам нясе? Свабоду? Ці толькі заміж адных ланцугоў іншыя, інакшыя хіба толькі формаю ды знадворнымі прыборамі?
О, як-жа ім хацелася пачуць урэшце гэтае даўно чаканае слова праўды й збаўленьня з даўгое й цяжкае няволі!
Колькі разоў прайшліся яны стрэлкай па ўсёй шкале радыё-апарату, аднак усюды ў этэры панавалі толькі нямецкія начэпныя, самаздаволеныя дыктары, што бясконца выхвалялі нямецкія франтавыя ўдачы й сваёй гучнасьцю забівалі бальшыню іншых эўрапейскіх радыёстанцыяў. Панаваньне ў этэры адлюстроўвала пару іхнага фактычнага панаваньня ў эўрапейскіх краёх.
І гэта разам наводзіла сяброў на сум, а настырлівая агрэсыўнасьць нямецкіх дыктараў адпіхала.
Была адзінаццатая гадзіна, калі яны лучылі на варшаўскую радыёстанцыю, што перадавала апошнія весткі з фронту ў польскай мове. Пачалі слухаць. І неяк нязвыкла было ўпяршыню пачуць пра тое, як нямецкая зброя, сутыкнуўшыся з савецкімі арміямі, пачала свой штурм савецкіх цьвярдыняў.
Гаварылася пра страты варожага войска й пра паход немцаў наперад.
Гэта было ім першым прабоем у тэй шчытнай заслоне ілжывае прапаганды аб непераможнасьці чырвонай арміі.
- Дык вось яно што! Трашчыць па ўсіх застаўках і паддаецца. А дзе-ж ужыцьцяўленьне таго, што ваяваць будуць на чужой тэрыторыі? Сапраўды сталася адваротна. Значыць, усё гэта была прапагандавая хлусьня, - падумаў Кастусь. - Крычэлі, верашчэлі, кляліся аб прыгатове, а цяпер бягуць, як спуджаныя авечкі.
- Вось-жа такая цана ўсялякаму самахвальству. А цяпер заслужанае ацьвярожаньне ад тлумнага чаду шматгадовае крыклівае агітацыі.
І нельга сказаць, што сябры былі асабліва здаволеныя з таго факту, што фронт зрушыўся й некалі наблізіцца да Менску, згоніць усіх іх разам з наседжаных куткоў. Зусім не. Сьцюдзёнае маўчаньне немцаў пра мэты свайго выступу ўжо адразу-ж выклікала ў іхных адчувальных душах сумлеў, што да вызвольнага характару гэтага ўчынку. І хоць сам па сабе выступ імпанаваў ім сваім сьмелым і шырокім характарам, аднак ня відаць было за ім вялікіх вызвольных мэтаў. А можа гэта проста спроба прыдбаць сабе калёніі на ўсходзе, карыстаючы зь вялікага раздарожжа сярод народаў сьвету?
Бо іначай чаго-ж было-б маўчаць пра высокія, вызвольныя мэты гэтага волатаўскага змаганьня й чаму-б не паклікаць да яго народы, што пад саветамі? Ці ня ўжыцьцяўленьне гэта адвечнага прагненьня немцаў на Ўсход? Гэтыя думкі замарочылі тыя сьветлыя спадзяваньні, што былі нейдзе далёка, на сподзе, паўсталі ў Кастусёвай сьведамасьці.
Язэп першы азваўся з гэтага замарочаньня.