Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Вялікія дарогі [пра мінулае]
Вялікія дарогі [пра мінулае] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вялікія дарогі [пра мінулае]

Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:

Ніколі яшчэ ў жыцьці Кастусь не адчуў так глыбака й непераможна прынабліва тое зяленіва, якое пакрывала сабой вяршаліну гэтага адзінотнага ясеня, што шырака раськінуў вялізарную шапку свайго лісьця ў баку вуліцы якраз насупраць гэтага вакна. Усё, што ён пабачыў за адну часіну, нейкім раптоўным набегам ускалыхнула глыбока душу вязьня й скранула яе з тае абыякавасьці, што, здавалася, даўно й назаўсёды валодала ёй. І гэтая ціхая бязьлюдная вуліца, што збочыла ад шумлівасьці людзкое сумятні й гармідару ў гэты спакой за колькі крокаў ад водгаласу трамвайнага скрыгату, і абмыты запозьнена-халодным, як для траўня, дажджом брук, і зацісьнены каменнымі панэлямі, але мацнейшы за ўсе штучныя перашкоды, рост маёвае сьвежа-зялёнае траўкі, што прабівалася праз найменшыя шчыліны, нясучы доказ няспыннага росту ўсяго жывога, і тая адзіная жанчына, твар якой зьверху трэцяга паверху нельга было бачыць — усё тварыля ўяву раптам адроджанага жыцьця.
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 77
Перейти на страницу:

Толькі тут ён цяпер заўважыў, як сонца, быццам у печы, нагрэла брукаваны панадворак. Яно стаяла проста над галавой. Толькі невялічкі цень каля самае хаты сьведчыў, што яно ледзь-ледзь сьхінулася ў бок ад простастаўнага над галавой стану. Трава пад плотам, бацьвіньне на гаспадыніным гародчыку, лісьцё на дрэвах абвісла ад гарачыні й хіба спарылася. Ветрык ня кратаў яго. Духата валодала ўсім. І толькі ў сенцах-прыбудоўцы Кастусь адчуў асалоду ад халадку, якім яго абдало, быццам сьцюдзёным душам Шарко.

2. ТОЙ ПАМЯТНЫ ВЕЧАР

Другая палавіна дня аж да вечару не пакінула ў памяці Кастуся нічога выразьлівага. Тая-ж няпэўнасьць чаканьня магчымых пераменаў і навінаў панавалі скрозь - і ў хатах, і на вуліцах, і сэрцах людзей.

Неяк падвечар Кастусь выбраўся прайсьціся местам, каб ухапіць ягоны абраз у гэты першы вечар, калі вайна яшчэ не кранула яго беспасрэдна. Яшчэ пакуль што ён не зазнаў ні бамбардаваньня, ні фронтавых баёў. Аднак ваенная небясьпека дзесь прыхавалася моўчкі й нябачна выглядае, каб неўзабаве ашчэрыцца ўсімі сваімі страхамі.

Нейкімі асабліва прыціхлымі выдаліся яму вуліцы гэтага вечару. Хоць яшчэ па старой інэрцыі яны былі запоўненыя натоўпамі прахаджанаў, але патаемны страх ужо паклаў свой сьлед на людзей. У натоўпе ўжо не адчувалася беспасярэдняе маладое гаворкасьці ды пярэстасьці галасоў. Праўда таго вечару яшчэ па-старому працавалі кінатэатры, і опэрны тэатр даваў свой чарговы паказ. У тэатры Дому Чырвонае Арміі нават мусіў яшчэ адбыцца паказ Маскоўскага Мастацкага Акадэмічнага Тэатру, які кагадзе прыехаў на свае гастролі ў Менск і якраз надовечы пачаў сваю працу. Афішы рэклямавалі знаныя прозьвішчы Масквіна й іншых. Здавалася, агульны рытм жыцьця яшчэ нічым ня зрушыўся.

Але ўжо першыя трамвайныя асьвятленьні цьмянага сіняга колеру ды завешаваньні сінімі папяровымі закрываламі вітрынаў магазынаў ды вокнаў дамоў можа найперш далі зразумець кажнаму, што сапраўды йдзе ўжо вайна. У гэтых праявах можа ўпяршыню слова «вайна» пачало прымаць канкрэтны зьмест.

Прайшоўшы ўздоўж галоўнае вуліцы й адчуўшы асабліва балюча гэтага вечару сваю адзінотнасьць і пакінутасьць, Кастусь падаўся дамоў. Толькі на паўдарозе перадумаў і павярнуў у бок Пярэспы, дзе на адным з ускрайных селішчаў жыў ягоны адзіны сябра Язэп. Гэта быў адзін зь вялікага ліку сяброў маладосьці, унівэрсытэцкіх год, пісьменьніцкіх пачынаньняў і спадзяваньняў, якіх пасьля кон усіх параськідаў у далёкія выгнаньні. Гэты адзіны дзівам захаваўся.

Быў ён чалавекам зусім не падобным да ўсяе тае бальшыні ягоных аднагодкаў, што запоўнілі сьцягі новае інтэлігенцыі. Паходзячы зь сялянаў дзесь з Аршанскае акругі, ён, відаць, змалку праз літаратуру, да чытаньня якое быў вялікі ахвотнік, увабраў у сябе лепшыя запаветы тварцоў клясычнае мастацкае спадчыны й пераняў ад іх разуменьне чалавечае годнасьці й каштоўнасьці.

Таму ў сваёй творчасьці і ў жыцьці ён заставаўся заўсёды чалавекам. Ня йшоў крывымі шляхамі прытарнаваньня да сыстэмы, не патураў вымогам паказаць «соцыялістычных герояў». Ягонымі героямі звычайна былі або малыя дзеці, якія яшчэ не пасьпелі паддацца агульнаму псаваньню, або старыя разважлівыя людзі, філёзафы з народных гушчаў, што выстаялі сваю асобу ў завірухах жыцьця й астоіліся ў самастойныя, нязломныя арыгінальныя характары. Таму й цкавала яго напераменку крытыка, як рэакцыйнага «асталага» пісьменьніка. Даўгія пэрыяды, па колькі год, не друкаваўся. Пасьля, сьціхалі крыху пагромы беларускае літаратуры, ізноў пачынаў зьяўляцца, апошнімі часамі зь дзяцінымі апавяданьнямі пра буслоў, лясных зьвяроў ды палявых тубыльцаў.

Гэтак і абмінаў ён пакрысе абавязкавы кажнаму пісьменьніку ў саветах «соцыяльны заказ». Ні ў якія арганізацыі ня лез, да высокіх пасадаў ня пнуўся, перакідаючыся на невялічкіх тэхнічных пасадах, як «літаратурна-стылістычнага рэдактара» ці карэктара пры выдавецтвах. Прынцыповая беспартыйнасьць і адасобленасьць, абумоўленая ёю пасыўнасьць у сэнсе грамадзкім, замкнёнасьць у сваім асабістым сямейным жыцьці ратавалі яго ў часох пагромаў беларускае інтэлігенцыі. Частая зьмена пасадаў, пакіданьне надоўга Менску й праводжаньне часу ў вёсцы, зьдзержлівасьць, каб лішняга слова не сказаць, прыялі ягонаму перахаваньню й рабілі яго вынятковаю зьяваю сярод беларускае інтэлігенцыі. Гэта быў выпадковы недасек у поўным сэнсе гэтага слова.

Ягоная жонка, Жлобінянка, былая мэдычная сястра, надораная моцным пачуцьцём замілаваньня да сямейнага жыцьця, абыходлівая зь людзьмі, уважлівая да сям'і, рабіла ўсё магчымае, каб водар сямейнага шчасьця ня траціў свае моцы.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 77
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)