Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 147
Перейти на страницу:

— Патрэбны твае паслугі. Ты не мог бы пад'ехаць для пазнавання?

— Вядома, — голас у мяне сеў.

— Машына праз дзесяць хвілін будзе ля пад'езда.

— Так. Апранаюся і адразу спускаюся ўніз.

Дрыжучы ад перарванага сну, хвалявання і холаду, у поўным непаразуменні, што б то магло азначаць, я спусціўся па сходах у золкі туман, нібы на дно малочнага возера. Праз нейкую хвіліну з гэтага туману вынырнулі вясёлкавыя, размытыя плямы фараў.

У «казле» было пасля вуліцы горача ад матора і неяк асабліва сонна. Тры чалавекі, што ехалі са мной — праўдзівей, везлі мяне, — увесь час надрыўна і вельмі заразліва пазяхалі. Пахнула бензінам, мокрым сукном і яшчэ чымсьці. Чалавек год пяцідзесяці, што сядзеў побач са здаравенным шафёрам, працягнуў мне цёплую і моцную руку. Гэта і быў Андрэй Шчука. Быў ён са звычайнымі рысамі твару, што называецца «без асаблівых прыкмет», каб не паўдзесятка шнараў на шыі і руках. Урэшце, не вельмі й прыкметных. А поціск ягоны мне заўсёды падабаўся: я пра многае мяркую па поціску.

Лейтэнант, які прымасціўся побач са мною, прыемна пачырванеў і сунуў мне халаднаватую далоньку.

— Клепча… Якуб… Іванавіч… вельмі прыемна.

Ну, гэты быў, прынамсі, устойлівы. І на тым дзякую богу.

Машына рванула з месца, і толькі тут я заўважыў, што за ёю сляпуча мірганулі фары другой. Скосу, краем вока, я ўбачыў, як прыстройваецца да нашага картэжу адзін матацыкл… другі.

Пачуццё было надзіва непрыемнае. Я ледзь не пачаў думаць, а можа, я ўсё ж зрабіў у жыцці нешта такое… сам, можа, і не думаў, а яно з пункту гледжання крымінальнага кодэкса… Пасля, раззлаваўшыся на сябе самога, я ўявіў яшчэ горшае глупства: што гэта я рэзідэнт і еду патаемна на спатканне з шэфам (божа мой, колькі ж гэта я наглядзеўся дрэнных карцін) у нейкі лясны дом. На прыём нейкага пасла гэта не паходзіла, не хапала сонечнага святла і ганаровага каравула.

— І вось ён і кажа прадаўцу, — Клепча відавочна расказваў далей анекдот. — «А ці ёсць у вас аленева сядло?» Магазін жа завецца «Дары прыроды». «Не, — кажа прадавец, — ёсць натаценія». Рыба ў сэнсе. «Ну а ласіна ёсць?» — «Натаценія ёсць». — «Гм, ну а хаця каўбаса хатняя ёсць?» — «Бярыце натаценію, у ёй фосфару шмат». — «Ведаеце што, — кажа пакупнік, — мне не трэба, каб… свяцілася…»

Шафёр коратка гмыкнуў, Шчука толькі галавой пакруціў.

— За такія старыя анекдоты пры іхняй мірапамазанай вялікасці Мікалаі, ведаеш, што рабілі?

— Ну?

— Ссылалі туды, дзе козам рогі правяць… У Аляску.

— Аляску да таго часу прадалі, таварыш палкоўнік, — сказаў Клепча.

Палкоўнік на хвіліну замяўся.

— Ды я не пра таго Мікалая кажу. Я пра Першага. Твайму ж анекдоту горай.

— А якая ж тады, Андрэй Арсенцевіч, натаценія была?

— Гэта праўда, на вялікі жаль, — не было. Уніклівы ты чалавек, Клепча, скрупулёзны. Дока!

— Трэба ж ведаць, Андрэй Арсенцевіч. Іначай такіх памылак наробіш.

— Ну і добра. — Шчука павярнуўся да мяне, але чамусьці толькі ў профіль. — Расказвайце.

Я расказаў. Страшэнна мне было не па сабе. Я не разбіраўся ні ў тым, што робіцца, ні што яны такое гавораць, як не разбіраўся пасля ні ў дэталях апазнання, ні ў тым, хто з іх следчы абласной пракуратуры, а хто старшы ўмацаванай аператыўнай групы. Сяк-так яшчэ мог сказаць, што вось гэта «праваднік службовага сабакі» — так, здаецца, гэта называецца, — і то таму толькі, што пры ім быў сабака. У даміно згуляць, выпіць — гэта так, але ўсё жыццё я хацеў быць — па справе — далей ад людзей іхняй прафесіі. Таму што гэта толькі ў кепскіх раманах чалавек б'е ў ладкі і скача ад радасці з той прычыны, што да яго ў дом кожны дзень пачала ўчашчаць міліцыя. На месцы следчага я б у такіх выпадках абавязкова зацікавіўся, чаго-то ён скача? Але тады і рамана не было б! Таму што скрынку з доларамі абавязкова знайшлі б тут жа ў клумбе ў гэтага веселуна, і не трэба было б прыглядацца да падазроных паводзін хлопчыка Пеці і да таго, адкуль пенсіянер Сінічка бярэ грошы на штодзённыя оргіі з «мадэлькамі».

За шклом машыны, як на здымку, паступова пачалі праяўляцца праз туман чорныя дрэвы. Туман плыў аднекуль хвалямі, пэўна, з нізіны. Машыну пачало кідаць на каранях дрэў. Пасля яна спынілася і дрэвы скончыліся, а вачам адкрылася вялікая паляна ў хаосе туману, які варушыўся над ёй.

Мы выйшлі, і толькі тут Шчука спытаў:

— Ну а галоўны неспакой?

— Мне здалося, што драпіны вакол замка.

— Віця, — звярнуўся Шчука да матацыкліста, адвязі Сцепанца, каб стаў ля кватэры… Адрас?.. Вось па гэтаму адрасу. Адвязі і адразу вяртайся.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)