Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 147
Перейти на страницу:

У другім прасценку, над тахтою, вісеў партрэт у авальнай раме. Пісаны пад старую манеру. Нават лакам крыты. Партрэт прадзёрты ля ніжняга закруглення рамы: ірваная рана, кімсьці грубавата зашытая і па-аматарску зафарбаваная. На партрэце жанчына ў чорнай з чырвоным сукенцы. І сама чарнявая, відавочна, паўдзённага тыпу.

Заўсёды, калі я заходзіў да Хілінскага, мяне здзіўляў гэты партрэт. Ніколі яшчэ мне не даводзілася бачыць такі значны жаночы твар. І такі прыгожы адначасова. Вачэй не адарвеш. І напаўадкрыты рот, і горды нос і лоб, і ўся гэтая пяшчотна-ганарлівая, дасканалая стаць. О, пане мой божа!

Хілінскі прыкаціў столік на колцах, перагрузіў з яго на другі, круглы, шкляны, пачатую бутэльку віньяку, лімон, прасаваны ў каўбасу грузінскі інжыр.

— Ну, каб звялася бяда.

Выпілі.

— Ды што з табою, урэшце, хлопча? Рэктара пад тры д'яблы паслаў? Га?

— Не. А варта было б.

— Калеку набіў? У дачку архіерэя закахаўся?

— Якая ж у архіерэя дачка?

— Ну што яшчэ? Троцкага на лекцыі выпадкова працытаваў?

Я маўчаў.

— Ага. Памылкова зайшоў у аднатыповую з тваёй кватэру, малака папіў і, думаючы, што дома, правёў час з чужой жонкай, як са сваёй. Святла не хацеў уключаць. А ўсё — аднатыпнае.

— Так, — сказаў я.

І тут ён зразумеў, што я не жартую. А я, сам не ведаючы чаму, расказаў яму ўсю гэтую гісторыю. Вядома, без прозвішчаў. Вядома, змяніўшы ўсё, што магчыма змяніць.

— Прыкра, — сказаў ён. — Але што ж зробіш? Надалей зведай усё, перш чым кідацца, нібы ў вір галавой. Страснасць гэта нашая дурная, беларуская! А ты, раз ужо так здарылася, прапанаваў ёй пайсці з табою?

Я адказаў, як яно было:

— Няма ўжо звароту, Адам Пятровіч. Катуе яна сябе за падман. Што ж рабіць?

— Маўчаць трэба, хлопча, — пасля паўзы сказаў ён. — Магчыма, там яшчэ й склеіцца, калі маўчанне, калі ніхто нікому. А ты — што ж — адпакутуй сваё. З бядой пераспаць трэба. І не адну ноч. Тады яна табе абавязкова здрадзіць з кім-небудзь іншым. Тады толькі будзе лягчэй.

Я не пазнаваў яго. Звычайна так і сыпаліся з яго прыказкі, часта фрывольныя, а тут сядзеў перада мною паглыблены ў маё гора, суровы нават чалавек.

Выгляд у мяне быў, напэўна, страшнаваты, таму што Адам зморшчыўся амаль жаласна, крэкнуў і наліў яшчэ па кілішку.

— Давай за яе. Усё ж высакароднасці, пэўна, больш у яе ў душы. Вось за гэта.

Назіраў за мною.

— Ды не пабівайся ты, дубе. На вось, пацягні файку. Хаця ў вас кішка слабая. Усё на цыгарэтках. Імпартных.

У мяне перахапіла дыханне.

— Ну кінь ты. Ну!.. Ну кінь! Гэта яшчэ, Антоне, не гора.

І, відаць, вырашыў нешта, уздыхнуў.

— А, каб цябе! Ну добра. Шчырасць за шчырасць. Партрэт бачыш?

— Ну.

— І ніколі не спытаў, хто гэта. Далікатнасць. Ды я, можа, тады сам бы табе не адказаў. Цяпер скажу. Занадта ты ўжо кепскі. Пабіваешся. А меры чалавечаму няшчасцю — не ведаеш.

Выпіў.

— Жонка мая. Па прафесіі была артыстка.

Ягоны сухі твар нібы абцягнуўся скураю на выліцах і абвіснуў знізу, ля вуснаў. Адразу абрэзаліся вочы пад цяжка навіслымі павекамі.

— Як лічыш, хто па народнасці?

— Не разбіраюся я, Адам Пятровіч, у паўдзённых тыпах. Беларуса за вярсту адрозню, а тут баюся судзіць.

— А ўсё ж…

— Грузінка? Армянка? Таджычка?

— Ды не.

— Малдаванка? Яўрэйка?

— Яшчэ горш, — горка сказаў ён. — Цыганка, браце.

Зацягнуўся.

— Вось у гэтым і была яе галоўная віна. А па віне і пакаранне. І добра, калі — першы-лепшы на дарозе яр. Карацейшая была пакута… А я ў той час быў дужа далёка… Не меў змогі вывезці, памагчы… Не мог, не меў права нават залямантаваць, што вось вы самага дарагога мне чалавека, сволачы, у лагерах, у воспе гэтай на ўсёй зямлі, закатавалі. І сын згубіўся недзе… Маю цень звесткі: адбіралі дзяцей нардычнага тыпу. А ён беленькі быў, у мяне. Ты не глядзі, што я зараз сівы… Быў я — белы.

Скоса зірнуў на партрэт.

— Якая была Грушанька ў «Зачараваным вандроўніку», якая Маша ў «Жывым трупе»! Спявала — плакалі людзі. І за гэта — яр. За ўсё — яр.

Адклаў файку.

— З гэтым… прыцерпеўся не прыцерпеўся, а так, прытупілася крыху… А вось з сынам… Ці назад ён трапіў, у наш дзіцячы дом? А можа, і… там. І не выключана, што нейкаму нашаму такому… Грыбку давядзецца перастрэльвацца з ім… Вось як.

Узняў кілішак з залацістай вадкасцю.

— Я табе гэта не таму расказаў, каб ты мяне пашкадаваў. Я таму, каб ты сябе пашкадаваў. Гэта, што з табою, не самае страшнае. Не самае апошняе.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)