Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 212 213 214 215 216 217 218 219 220 ... 264
Перейти на страницу:

— І рабіў так, напэўна ж, не без добрага подкупу, — адзначыў Багуслаў. — Ну, як бы там ні было, а прыйдзецца мне ехаць у Парыж па нашу новую каралеву — Уладзіслаў сёння намякнуў, што хоча даручыць гэтую ганаровую місію менавіта мне, хоць пазнанскі ваявода Апалінскі аж са скуры вылазіць, жадаючы ўзначаліць пасольства.

Госці радасна загудзелі, вітаючы князя з такім гонарам, але Януша новае падарожжа кузэна ў Еўропу не ўзрадавала.

— Шмат з гэтага гонару ды мала пажытку, — сказаў ён. — Заставаўся бы ты лепш, браце, у Літве — дома ты больш патрэбны, чым на чужыне.

Багуслаў перастаў усміхацца.

— Я табе, княжа, так скажу, — ён выцер тлустыя пальцы сурвэткай, каб тут жа выпацкаць іх сакавітым кавалкам маладой аляніны. — Калі б нават не каралеўскае вяселле, я б усё адно ў Галандыю вярнуўся. Бо за мяжой я побач з замежнымі валадарамі сяджу і з прынцамі братаюся, а тут, каб свайго права на сойме дасягнуць, маю падлашчвацца да дробнай шляхты і шукаць міласці ў бязродных выскачак, якія каралеўскай воляй узнесліся нада мной.

— Дарэчы, пра каралеўскую волю, — падаў голас князь-канцлер. — Кароль дэклараваў табе, пляменнік, годнасць каралеўскага падчашага.

— Ну, як жа, будзе наш прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі каралю віно падаваць, — прашаптаў Адам на вуха пану Глябовічу — пасля памятных абодвум заручын яны нядрэнна ладзілі, — і не памыліўся.

Гэта пацвердзіў агаломшаны выгляд Багуслава, які, пачуўшы такую навіну, ледзь не падавіўся кавалкам хлеба.

Князь-канцлер клапатліва паляпаў яго па спіне.

— Я лічу гэта вялікай абразай, дзядзька, — сказаў, з цяжкасцю вымаўляючы словы, слуцкі князь. — Можа, ты ўзяў бы на сябе клопат патлумачыць каралю, што мяне цалкам задавальняе годнасць літоўскага харужага.

— Ды ўжо растлумачу, — сказаў канцлер. — Але ты, пляменнік, занадта высока не нясіся, бо нізка ўпасці можаш.

— Будзе тое, што бог дасць, — сказаў Багуслаў. — А прыдворных сракалізаў у караля і без мяне дастаткова — абыдзецца без таго, каб імперскі прынц у яго на пасылках быў.

Далейшую спрэчку перапыніў прыход каралеўскага ўлюбёнца Адама Казаноўскага, які любіў бываць там, дзе добрая ежа і моцнае пітво. Але сёння ён прыбыў да Радзівіла па справах, якія пачаў выкладаць адразу ж пасля першай здравіцы за здароўе гаспадара дома.

Клопат Казаноўскага тычыўся князя Ярэмы Вішнявецкага і горада Ромны. Той здаўна належаў Вішнявецкім, а каралеўскі ўлюбёнец чамусьці лічыў яго сваім. Атрымаўшы каралеўскі прывілей, ён захапіў Ромны і, упэўнены ў манаршай міласці, пакінуў замак пад апекай упраўляючага з невялікім вайсковым атрадам, а сам вярнуўся ў Варшаву. Такая рабаўніцкая тактыка прынесла Казаноўскаму некалькі маёнткаў, бо ніхто не адважваўся выступаць супраць фаварыта, за якім стаяла каралеўскае правасуддзе. Але князь Ярэма быў не з баязліўцаў і здолеў вярнуць сваю ўласнасць так адчайна, што пра гэта захоплена расказвалі ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Зразумела, што ў доме князя Януша добра ведалі пра гэты выпадак, і слухалі жальбы Казаноўскага, ледзь стрымліваючыся ад смеху.

— Той нягоднік Вішнявецкі, — скардзіўся пан Адам, не забываючыся, зрэшты, есці і піць, — добра ведаючы, што гаспадара… гэта значыць мяне… у Ромнах няма, паслаў да майго аканома слугу з нахабным патрабаваннем вярнуць крэпасць. Той, вядома, адмовіў, але як шляхціц і часовы гаспадар дома пасланца за стол пасадзіў, напаіў і накарміў, як вядзецца…

Казаноўскі адпіў мёду з вялікага куфля, які яму паднёс княжацкі крайчы, і, задаволена прыгладзіўшы бараду, працягнуў.

— Значыць, слугі сабе балявалі, як раптам прыбыў яшчэ адзін пасланец князя Ярэмы з такім жа патрабаваннем. Вядома, мой упраўляючы і яго пасадзіў за стол, і таксама частаваў гадзіну-другую… І раптам — едзе трэці пасланец. Што тут рабіць? І яго трэба прымаць! Так, адзін за адным — і наехаў у Ромны гасцей поўны двор! І здаровыя быкі — мой аканом ужо дзёўб носам у талерцы, а тыя пілі, елі, весяліліся і пакідаць гасцінны дом не спяшаліся…

Багуслаў, хоць і чуў гэтую гісторыю, ужо не мог стрымаць смеху. Схіліўшыся на плячо Янушу, ён з усіх сіл спрабаваў апанаваць сябе, але дарэмна. Ды што там ён — сам канцлер Альбрэхт, які слухаў гэтую справу на сойме, таксама захлынаўся ад рогату. Толькі гаспадар дома з усяе сілы стараўся захаваць твар і, засяроджана грызучы курыную костку, на якой ужо не засталося ні кавалачка мяса, час ад часу журботна ківаў, каб не пасварыцца з таварышам.

1 ... 212 213 214 215 216 217 218 219 220 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)