Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 209 210 211 212 213 214 215 216 217 ... 264
Перейти на страницу:

— Я пагляджу, як там Штэфаніц, — прашаптала яна захмялеламу мужу, які палез абдымацца з пасламі канстанцінопальскага патрыярха, і хутка выйшла з залы.

Багуслаў рушыў услед. Кацярыну ён дагнаў у вузкім пераходзе, дзе не было ні душы. Яшчэ не ведаў, чым апраўдае гэтую дзіўную пагоню, але гарачы бляск у яго вачах сказаў жанчыне болей за словы.

— Мой муж… — пачала яна, сабраўшы ў кулак усю сваю мужнасць.

— …зараз храпе носам у талерцы, — скончыў Радзівіл і, нягледзячы на супраціў, прыціснуў жанчыну да сябе.

— Што ты робіш… навошта?.. — прашаптала яна, патапіўшы словы ў яго гарачым пацалунку.

Віхор жарсці — той самы, які князь пасля расстання з Беатрысай ужо і не думаў перажыць, — падхапіў іх абаіх і панёс далёка за межы чалавечай свядомасці.

Князь ачомаўся ў нейкай цеснай каморцы, дзе было цёмна і холадна. Здзіўлена пачуў, як на вуліцы выюць цыганы і невядома дзе грымяць вясельныя музыкі. Побач домна Кацярына спрабавала прывесці ў парадак разарваную на грудзях сукенку. Багуслаў паспрабаваў у цемры адшукаць яе вусны і, на здзіўленне, адразу знайшоў, пакінуўшы на іх поўны пяшчоты пацалунак…

х х х

Вясельныя ўрачыстасці працягваліся дванаццаць сутак, якія праляцелі для Багуслава як адзін шчаслівы дзень. Калі надышоў час ад’езду, Кацярына не стрымлівала слёз.

— Я цябе больш ніколі не ўбачу, — прашаптала яна, поўным роспачы поглядам гледзячы ва ўласную бязрадасную будучыню. — Божа, як жа лёгка пусціць у сэрца каханне і як жа цяжка яго адтуль прагнаць!

Багуслаў думаў пра тое ж.

— Я магу ўзяць цябе з сабой, — прапанаваў ён, канчаткова страціўшы галаву. — Калі ты гэтага хочаш…

І змоўк, спалохаўшыся, што палюбоўніца можа пагадзіцца. Па ружовай шчацэ жанчыны скацілася цяжкая сляза.

— І тады б я была новай Аленай Траянскай, а польскі кароль і радзівілаўскі дом замест саюзніка атрымалі б ворага, — сказала жанчына. — І потым… тут мой сын… я не магу яго пакінуць…

Яны развіталіся ўжо пры ўсіх. Багуслаў моўчкі пацалаваў ёй руку і змрочна заняў месца ў санях разам з Глябовічам. Катарына яшчэ злавалася на кузэна за хлапчукоўскую выхадку са снежным умываннем, за якую князь так і не здагадаўся папрасіць у яе прабачэння, і сустрэла яго цяжкім маўчаннем. Але Радзівілу цяпер было не да яе — уся яго ўвага была прыкаваная да домны Кацярыны, што якраз развітвалася з княгіняй Марыяй. На вачах у жанчыны да гэтага часу блішчалі слёзы, але ніхто з прысутных не падумаў нічога дрэннага, усе добра ведалі пра сяброўства гаспадарскай жонкі і яго дачкі, якая сёння назаўжды пакідала бацькоўскі дом.

Не адзін Багуслаў пакідаў Ясы з цяжкім сэрцам — у Пятра Патоцкага таксама стаялі слёзы ў вачах. Ён маліў Лупу аддаць за яго сваю другую дачку, але малдаўскі гаспадар не пагаджаўся, апраўдваючыся, што юнай Разандзе яшчэ рана думаць пра замужжа.

— Май розум, пане Пётр, — пазней сказаў яму Радзівіл. — Гаспадар яшчэ не выплаціў пасаг старэйшай дачкі, дзе яму думаць пра шлюб малодшай?

Раздзел 13

КРЫВАВАЯ ВЯЧЭРА

Варшава

(сакавік 1645 года)

У Варшаве маладых мужа і жонку з пашанай сустракалі на каралеўскім двары. Затым пацягнуліся бясконцыя балі, наведванне сяброў і ворагаў і, вядома ж, палітыка… Галоўнай навіной, якая ўразіла абодвух Радзівілаў у польскай сталіцы, стала вестка пра новы шлюб караля — каралева Цэцылія Рэната памерла ў родах яшчэ летась. Таму пакуль князі гулялі на вяселлі, Уладзіслаў, якому неабходныя былі грошы на жаданую вайну з туркамі, паспеў выбраць сабе новую жонку.

Багуслаў даведаўся пра гэта, прыбыўшы на соймавы суд, дзе павінна была вырашыцца справа адносна Копысі. Пачуўшы імя нявесты, ён скамянеў ад здзіўлення — гэта была Марыя Луіза Ганзага!

Князь занадта добра ведаў гэтую славалюбівую жанчыну і зусім не ўзрадаваўся каралеўскаму выбару.

— Адно добра, што францужанка, — заўважыў ён Яну Невяроўскаму, які пасля пахавання Стаброўскага прыбыў у Варшаву і заняў сваё месца ў радзівілаўскім атачэнні.

Больш Багуслаў не дадаў нічога, але яго змрочны выгляд сказаў княжацкай моладзі больш за словы. Калі князь адышоў перамовіцца з канцлерам Альбрэхтам, які пагадзіўся спрыяць пляменніку ў судовай цяжбе, шляхціцы сышліся і пачалі ціха абмяркоўваць навіны. Янкоўскі, якога пан Пуцята яшчэ не паспеў выгнаць са службы, а таварыства не жадала прызнаць сваім, трымаўся ўбаку і ад няма чаго рабіць слухаў размову.

1 ... 209 210 211 212 213 214 215 216 217 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)