Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 206 207 208 209 210 211 212 213 214 ... 254
Перейти на страницу:

— Гэта канечне. Прыгожае заўжды прыемнае.

— Галоўнае, што паверыць у прыгожую хлусьню заўжды надта лёгка. Яна сама на душу кладзецца. Вось ты сказаў — прыгожая, і я ўжо растала. Я ўжо за адно гэтае гатовая цябе пакахаць.

— Праўда?

— Ну, — адказала яна проста, як некалі казалі ў нас, і ціхенька засьмяяўшыся, прыгарнулася да мяне.

— Але ж я бяз хітрасьці. Ты ж і сапраўды прыгожая.

— Калі побач няма прыгажэйшай, — гарэзьліва скончыла яна.

— Але ж ты яшчэ й разумненькая.

— Ну ўжо не. Я, можа, і была б разумная, калі б была шчасьлівая. Няшчасная дзяўчына разумнай ня будзе. Гэта хлопцы на горы вучацца. А дзяўчыну гора зьядае. I розум яе, і прыгажосьць.

— Навошта дзяўчыне розум, калі ёсьць прыгажосьць? — трохі жартоўна зазначыў я.

— Ну, ведаеш, розум — гэта ўсё ж адносная якасьць. Я недзе чытала, што каб паразумнець, трэба адчуць сябе дурнаватым. А ўвогуле розум — ня самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць і злачынца. Разумны для сябе.

— А што ж галоўнае?

— Чалавечнасьць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д’ябла. Ці ад малпы, як дарвіністы пісалі. Усё ж у нас дужа мала боскага. Ці яшчэ не набылі, ці бальшавікі адабралі. Аддзялілі народ ад Бога.

— А ў немцаў хіба больш… боскага?

— Ведаеш, больш. Усё ж яны болей з Богам жылі. Зноў жа яны Бога шукалі. Пратэстанты, напрыклад. Ён быў ім патрэбны, казаў доктар Шарф. А мы свайго так і не знайшлі.

— Хай сабе яны і з Богам. А мы ўсё роўна іх перамаглі.

— Перамагчы, можа, і магчыма, — не адразу, падумаўшы, сказала Франя. — Але ці магчыма бяз Бога жыць? Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве бяз Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Бяз Бога, ён проста сам сябе зьесьць. Асабліва прымітыўны народ.

— Ну мы ж во не прымітыўныя, а жывем бяз Бога і — нічога. Ня зьелі яшчэ адзін аднаго.

Франя трохі прымоўкла, зьбіраючыся з думкай, і сказала надта сьцішаным голасам:

— Ведаеш, даволі пасьпяхова елі. Клясавая барацьба — хіба ня тое ж самаедзтва? Хаця нас, можа, ратуе, што нас многа. Ня надта хутка можна адзін аднаго зьесьці!

Я ўжо не пярэчыў, унутрана я пачаў зь ёй згаджацца. Я адчуў, што яна разумнейшая за мяне, хоць і ня надта прыемна было ў тым прызнавацца сабе. Усё ж я не лічыў сябе дурнем — што-нішто разумеў у жыцьці, памятаў са школьнай гісторыі ды й прачытаў трохі кніжак. У размовах з такімі, як я, не выглядаў дурнейшым за іншых. Але пра што былі тыя размовы? Пра нашую праклятую вайну, пра несправядлівасьць начальства. Пра артылерыю ды нямецкія танкі, як іх падбіваць. Пра жыцьцё мы наогул не гаварылі, можа таму, што яго ў нас яшчэ не было. Не было ў нашым кароценькім мінулым, а на будучае мы ня надта спадзяваліся. Нам часта было незразумела, як дажыць да вечара, дзе ўжо было разважаць пра Бога. А яна вось разважала. Усё ж я ня ведаў дзяўчат. Духоўнае сталеньне ў іх, мабыць, адбываецца інакш, чым у хлопцаў. Усё ж яны нараджаюцца не для вайны — для жыцьця. Якое для хлопцаў — заўжды праблема. З Богам ці безь яго.

Тое, што я пачуў, уражвала не адным толькі выказаным ёю. Было там штось малапрыемнае для мяне — усё гэта яе партызанства ў атрадзе асобага прызначэньня. Але я падумаў, што гэтак па шчырасьці расказаць можа толькі даверлівая натура. Я ўжо ведаў, якія бываюць хамы і жлабы сярод нашага брата-вайскоўца, меў уяўленьне пра тых начальнікаў, якія і ў войску налаўчыліся ваяваць чужымі рукамі. За кошт чужых жыцьцяў. У партызанах тым болей. У партызанах, расказвалі некаторыя, хто там быў, для начальства наогул рай — рабі што хочаш. Камандаваньне далёка, аж у Маскве, па радыё вешай яму локшыны на вушы — ня прыйдзе, не праверыць. Во і рабілі подзьвігі з гэткімі во дзяўчаткамі, якіх па адной і дзясяткамі кідалі ў пашчу вайны. Новых заўжды хапала — яны любілі радзіму і ляцелі на вайну, бы матылькі на агонь.

— Ведаеш, я ж таксама Богам ня надта цікавілася, — сказала Франя. — Выхоўвалася ж ваяўнічаю атэісткай. Аж покуль во тут, у Нямеччыне, не пабыла на імшы. Як пачула арган ды сьпевы «Авэ Марыю», усё ўва мне перавярнулася. I я зразумела — раптам і назаўжды — Бог ёсьць. Яго проста ня можа ня быць. Нягледзячы на ўсё жахлівае на зямлі.

Што ж, можа й так, думаў я. Шкада, што тое да мяне яшчэ не дайшло — раней дайшло да яе. Моўчкі я прыгарнуў да сябе дзяўчыну, і яна не адхінулася. Здаецца, яна ўжо давяралася мне, хаця штосьці яшчэ не да канца адоленае стрымлівала яе адказаць на мае пяшчоты. Але пяшчота гоіць усё, мабыць, пачала яна гаіць і Франіна гора. Нясьмела яшчэ, з далікатнай стрыманасьцю яна пацалавала мяне і зьнерухомела. Я зьнерухомеў таксама.

1 ... 206 207 208 209 210 211 212 213 214 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)