Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Але нам і тут хапала радасьці. Некалькі амэрыканцаў, здаецца, ужо на добрым падпітку, апынуліся перад маёй машынай і ўжо весела гарланілі, двое абдымаліся з тэлефаністам Мухам. Аказваецца, гэтыя разумелі па-польску, таксама, як і Муха, што трапіў у полк з польскай арміі. I ўжо там чутна было, як гучала «Бардзо прошэ», «Пан капрал», «германско быдло». Убачыўшы мяне, Муха радасна растлумачыў:
— Таварыш лейтэнант, во дзіва! Землякі! Іхныя бацькі з-пад Познані. Во ромам частуюць…
Адзін з тых землякоў — расхрыстаны, плячысты вярзіла ўжо соваў мне вялізную бутэльку, у якой яшчэ штось плёскалася, а Муха падахвочваў: «За пабеду, лейтэнант!» I я выпіў — без вялікай ахвоты некалькі глыткоў цёплага сьмярдзючага пойла. Пасьля мяне спаважна выпіў сяржант Мядзьведзеў. Затым аднекуль зьявілася алюміневая пляшка, жвава пайшла па руках. Муха раздаваў невядома дзе ўзятыя цьвёрдыя кавалкі шакаляду — на закусь. Мы яшчэ выпілі, і ля мяне апынуўся здаравенны белазубы негр, увесь у хакі, пачаў бесцырымонна мацаць на грудзях маю «чырвоную зорку».
— Прэзэнт, сэр офіцыр? Эс, прэзэнт? Эс?
Я не разумеў, што значыць — прэзэнт? Ці ня хоча ён атрымаць у падарунак мой ордэн? Сапраўды, мабыць так. У адплату ён ужо скінуў з рукі мэталічны бранзалет гадзіньніка і соваў мне. Як было ад яго адчапіцца? Іншыя, аднак, не адчапляліся, скрозь адбываўся п’яны абмен сувэніраў — гадзіньнікаў, зорак зь пілотак, дзягаў і нават пісталетаў. Гляджу, мой ціхі Кананок ужо прыцэльваецца кудысь у кузаве з ладнай амэрыканскай вінтоўкі, выменяў ці што? Не наваяваўся хлопец. Побач сядзіць на борце і паблажліва ўхмыляецца расхрыстаны амэрыканец.
— Ну, яшчэ трохі прымем за пабеду, — трохі разьвязна соваў мне пляшку Мядзьведзеў.
— Давай!
Чорт яе бяры, сапраўды перамога. Найвялікшая перамога ў найвялікшай вайне. Давай, Мядзьведзь, будзем піць. За тых, хто ніколі ня вып’е.
I я выпіў, ці ня першы раз са сваім падначаленым, камандзірам гарматы. Увогуле тое не было ў нас прынята — піць з падначаленымі. Калі й пілі, дык болей з роўнымі сабе: узводныя — з узводнымі, камбаты — з камбатамі. Але тут такая падзея — канец вайны. А мы зь Мядзьведзевым болей за чатыры месяцы кожны дзень і кожную ноч разам. У адным акопчыку і ля адной гарматы. А з адной пляшкі выпіваць не даводзілася.
— Усё ж маглі ў адной яме ляжаць, — сказаў Мядзьведзеў, боўтаючы паднятую пляшку і быццам не адважваючыся дапіць.
— Пад Шаманторніяй?
— Пад Шаманторніяй гэтай. Там я ўжо не спадзяваўся. Нявыкрутка поўная.
Так, ён казаў праўду, на Шаманторнію я не забыўся. У час веснавога прарыву нямецкіх танкаў нашую гармату адрэзалі ад сваіх, мы суткі праседзелі ў кукурузе, ужо не спадзеючыся выбрацца жывымі. Наперадзе на вышыні былі немцы, ззаду на дарозе нямецкія танкі, наш цягач «студэбэкер» згарэў яшчэ ранкам ля пераправы. I мы апанурыліся. Тады Мядзьведзеў кажа: трэба, як пацямнее, паслаць каго ў пяхоту, каб далі чалавек пяць, і тады б мы паспрабавалі выкаціць гармату. Так і зрабілі. Паслалі Сьцяпанава, той прабраўся між нямецкіх танкаў і прывёў чатырох зь пяхоты; пад ранак у тумане мы неяк выкацілі з кукурузы нашую гармату і прабраліся да сваіх. Нават нікога ня страцілі. Але натрываліся — дай Бог! Уранку па той кукурузе ўжо гойсалі нямецкія грэнадзёры.
Якраз да нашае вясёлае купкі далучыўся і Сьцяпанаў — дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гімнасьцёрцы — гэта за той яго ня надта звычайны подзьвіг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кірмашы гарэзнае весялосьці ён выглядаў нейкім найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, і я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца ніводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалі: не заслужыў. Праваяваў зіму побач з усімі, як і ўсе, трываў пад агнём, але во — не заслужыў. Бо малады і сьціплы. Хаця галоўнае — заслужыў жыцьцё, ці гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?