Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Над гарадком вечарэла, горы паволі асядалі ў цень, толькі сьнегавыя вяршыні яшчэ блішчэлі здалёк сонечным водсьветам. На фоне блакіту вечаровага неба той бляск рабіўся надзвычай выразным, набываў перад ноччу сілу. Як добра было б сядзець тут зь мілым дзяўчом да ночы, ды і ўночы таксама. Слухаць яе, адчуваць і — кахаць. Каб не вайна. Але калі б не вайна, дзе б я сустрэў яе? Дзіўна, але менавіта вайна зьвяла нас тут, наводдалі ад радзімы, сярод гэтае альпійскае прыгажосьці. Як бы і не разьвяла таксама, — раптам падумалася мне.
Амаль нячутна ў вежу паднялася Франя, штосьці прынесла ў руках. Разадрала ўпакоўку і паставіла на канапу невялічкі пакуначак.
— Во, частуйся, Міця. Акурат, як нашыя да вайны.
То былі цукеркі, знаёмыя зь дзяцінства «падушачкі». Мабыць, ня дужа сьвежыя, некаторыя пазьліпаліся, і Франя аддзірала іх па адной, частавала мяне. Сапраўды, не зважаючы на ня надта апэтытны выгляд, цукеркі, як і ў дзяцінстве, былі салодкія і пахкія.
— Сорак капеек сто грамаў. Прыпамінаеш?
— Прыпамінаю, — сказаў я. — У сельмаг бегалі на перапынку.
— А яшчэ былі ірыскі…
— Дык усё ж, адкуль ты родам? — папытаўся я.
— Ды зь Менску. Там і нарадзілася.
— I даўно адтуль?
— Зь Менску даўно. Зь Менску ж я сьпярша перабралася ў Чэрвень, адтуль ужо ў Нямеччыне апынулася. Ды тут, каб не пашэнціла, прапала б. Як прапалі мае дзяўчаты.
— Дзе прапалі?
— А на хімічных заводах у Руры. Паатручваліся і пагінулі. Усе чацьвёра чэрвеньскіх.
— А ты?
— Ведаеш, тут, можа, лёс такі. Можа, якая выпадковасьць. Гэта ж як мы прыехалі ў нейкі гарадок ля Гановэра, нас пачалі разьмяркоўваць. Ну, пастроілі ў шарэнгу, прыйшло нейкае начальства — у форме і ў цывільным — хто якія, мы тады мала разьбіраліся. I пачалі перабіраць, каго куды. Але сьпярша прыйшлі вайскоўцы, як пасьля аказалася, афіцэры зь вэрмахту. Яны былі ў водпуску з фронту, і ім дазвалялася выбраць у свае сем’і абслугу. А я была самая маленькая, схуднелая за дарогу, бедна апранутая. Стаю, ледзьве дыхаю… Перад тым ня спалі тры ночы, пакуль нас мутузілі па станцыях, згаладнелыя. А яны ідуць — сытыя такія, здаровыя бугаі, два ў эсэсаўскай форме і трэці — афіцэр вэрмахту, малады юнак, танкіст. Тыя павыводзілі дзяўчат, што здаравей, ну, рослых, дужэйшых. А я стаю самая апошняя. I во гэты вэрмахтаўскі лейтэнанцік прайшоў раз, ды, мусіць, яму ўжо не хапіла дужэйшых. Тады ён вяртаецца і да мяне — «ком», кажа. Я ледзь не самлела, так ён холадна паглядзеў на мяне, і голас такі, чыста салдацкі, бы на пляцу. Выйшла. I мяне аформілі ў гэтую во сям’ю доктара Шарфа. А той афіцэр быў іхны сын Курт. Дома ён зусім не такі страшны аказаўся, як там выглядаў — ветлівы і ціхі. I надта ўжо сумны. Праз два дні паехаў на фронт, а праз два тыдні загінуў у танку. Як падумаць, дык ён выратаваў мяне. Каб ня ён, атруціцца б і мне на той хіміі.
— Аднак гісторыя! — сказаў я, уражаны гэтым аповедам. — Можа, табе і пашэнціла.
Франя спахмурнела і хвіліну роўненька сядзела, апусьціўшы на калені маленькія, з вострымі локцямі рукі.
— Можа, адной мне і пашэнціла. І я ўсё думаю: як бы чаго ня сталася. Усё ж шчасьце, яно падманлівае. Гэта няшчасьце — назаўсёды. Я тут кожны дзень бяды якой чакала, ну, думаю, няўжо ж мне і далей будзе так шанцаваць?
— Цяпер ужо можна не баяцца. Скончыцца вайна, дамоў вернесься. Ці ты іначай думаеш? — запытаўся я і насьцярожыўся, чакаючы яе адказу. Франя ўздыхнула.
— Хто ж ня хоча дамоў. Але што дома? Каб жа ён быў хоць, той дом. Ды і аднаклясьнікаў — нікога ж не засталося. Як во жыць сярод незнаёмых? I тут незнаёмыя, і там незнаёмыя…
Ну, ведама, зьявяцца новыя знаёмыя і нават сябры, гэта я ведаў па сабе. Але аднаклясьнікаў, сяброў дзяцінства ўжо, мабыць, ня будзе. Тое ўжо адрэжацца назаўжды. Мабыць, кепска жыць з адрэзаным дзяцінствам? Я неяк пра тое ня думаў. Франя ж во думала…
Здаецца, неўпрыкмет за гаворкай мы скончылі той цукеркавы пакуначак. Я пасунуўся яшчэ бліжэй, і Франя не адсунулася — ужо не было куды.
— Бедная дзяўчынка! — шчыра вымавілася ў мяне з самай душы і нечакана для сябе я пацалаваў яе ў шчаку. Франя на момант зьнерухомела і раптам скаланулася ўсім целам у незразумелым бязгучным плачы.
— Ну што ты! Ну што ты! — ледзьве не спалохана казаў я, усё цалуючы яе мокры ад сьлёз твар, і яна не адхілялася, не ўнікала маіх вуснаў. Аднак патроху марудна спакайнела і раптам бездапаможна ўсьміхнулася празь сьлёзы.
— Ты прабач мне…
— Ну нічога, нічога…
Я і яшчэ цалаваў яе, каб неяк суняць яе боль і выказаць глыбіню маёй да яе пяшчоты.