Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Ад мяне адабралі падпіску, што буду маўчаць.
— Во як!
Гэта было горш. Зрэшты, я ўжо ведаў, што там, куды лезьлі гэтыя, і не магло быць добра. Ну, але хай гэта ў нас — у войску, у тыле. Ды пры чым тут аўстрыякі? Пры чым нарэшце Франя? Ужо яна навошта ім спатрэбілася? Ці чым не дагадзіла? А можа, яна замінала ім у нейкай іх цёмнай справе?
Хаця, заспакойваў я сябе, да таго патрэбна быць гатовым. Усё ж у гэтых малойчыкаў свае, спэцыфічныя абавязкі, якіх простым людзям ніколі не зразумець. Найперш шукаць ворагаў. Але няўжо ж і гэты стары прафэсар біялёгіі — таксама вораг? Шпіён? Дывэрсант? Ці можа, яны самі вярбуюць шпіёнаў? Але як жа ў такім выпадку тут заставацца Франі?
— А доктар Шарф не фашыст?
— Ну, што ты! Ён ня любіць фашыстаў — страх! Бывала, у Гановэры, як бяжым у бомбасховішча, дык ён груба лае іх. Вакол усё грукоча, ніхто нічога ня чуе..
— Як ніхто ня чуе, можна і палаяць, — сказаў я. — А ты сядай побач, во тут, ля мяне.
Неяк нерашуча Франя прысела ў куточку канапы. Настрой яе зноў, здаецца, рабіўся мінорны, яўна заклапочаны. Яе захапіла перажытае. Я быў настроены інакш, але таксама радасьць мая панікла. Франя між тым пачала расказваць.
— Там жа бамбілі кожную ноч. Алярмы гэтыя зь вечару да ранку. У горадзе пекла, усё гарыць ды рушыцца. Немцы ратуюцца ў бомбасховішчах. Было, што і бамбасховішчы рушыліся, і ўсе гінулі. Як пачнецца, мы адразу — у склеп. Да таго ў мяне ўсё ўжо нарыхтавана — тэрмас, пледы. Сядзім, яны там моляцца. Я, як умею, таксама.
— А што ў іх — свой дом!
— Не, кватэра. У вялікім доме. Праўда, і кватэра немалая, а я адна пакаёўка. I за кухарку. Работы процьма. Але я старалася. Сьпярша прыглядаліся да мяне, як што ўмею. Я і праўда, ня шмат умела. Але вучылася. Хацела дагадзіць. Бо як жа іначай жыць у чужых? Трэба дагаджаць. Так мама заўсёды казала. Ну што зраблю ня так — ня лаялі, не каралі, як некаторыя. Вучылі. Фраў Сабіна спакойна раскажа, пакажа. Што, я тыя дзьвярныя ручкі дома калі начышчала? Ды ў нас іх і не было, такіх бліскучых. Сьпярша мне пра тое сказалі, паказалі. Ну, а пасьля я ўжо і сама рупілася. Каб было чыста і прыгожа. Дома ніколі так не было.
На цеснай канапцы Франя сядзела блізка ад мяне, але я пасунуўся яшчэ бліжэй, і яна не адхінулася. Мае свавольныя рукі яна перахапіла ў свае і цесьненька трымала іх на каленях.
— Дык ты ў іх за прыслугу? — з затоеным папрокам сказаў я.
— Ну, ведама. А для чаго ж яны мяне ўзялі. Але розная прыслуга бывае, і розныя гаспадары. У Гановэры цераз вуліцу жыла Клава, таксама остаўка. Дык кожны дзень плакала ад сваёй гаспадыні. Загінула ў бамбёжку. Малако кіпяціла, быў налёт, колькі хвілінаў трэба было пачакаць, каб малако закіпела малому. Спазьнілася ў сховішча, ну і заваліла. I малога таксама. А маці таго ўцалела. Справілася з шостага паверху ўніз. Як наш дом разваліўся, вылезьлі мы на вуліцу з пустым тэрмасам і адным пледам. Болей нічагусенькі — ні дома, ні маёмасьці. Што рабіць? Іншыя б сябе ратавалі, а мае безь мяне нікуды. Трохі часу разам жылі ў нейкай канторы, пасьля ў салдацкім бараку. Пасьля прыйшлі дакумэнты з Аўстрыі, і яны паехалі. Мяне таксама ўзялі. Грошай амаль не было, фраў заклала ў банк свае завушніцы, брошку. Тут, праўда, спадчыну атрымалі.
— Ну добра, — сказаў я. — А мова? Дзе ты так навучылася па-нямецку? У школе?
— Трохі ў школе, праўда. Але ў асноўным тут. Здольная была, умела слухаць. Слых добры маю. Зноў жа фраў Сабіна трохі разумее па-польску.
— А ты што — таксама ўмееш па-польску?
— Трохі ўмею, ага. Мама ж каталічка, з майго ж імя відно. А ў нас каталікі, хоць і беларусы, а разумеюць па-польску. Ты пасядзі тут, — выпусьціла мае рукі Франя. — Я зараз.
Яна зьнікла ў прыцемках люка, зьнізу пачуўся мяккі стук яе пятак па дошках-прыступках, і недзе нягучна бразнулі дзьверы.
Я ўстаў з канапкі, аглядзеў праз шыбкі гарадзкое навакольле. Па дарозе з-за вугла паўразбуранага дома, дзе я так ганебна пляснуўся з ровара, хутка праімчаў знаёмы трафейны «хорх», на якім езьдзіў наш «сьмершавец», і я з прыкрасьцю падумаў: чаго ён тут гойсае? Хоць вайна канчаецца, а гэтым няма спакою, усё нешта шчыруюць, уведваюць, мабыць, нешта камусь рыхтуюць. За сябе ўвогуле я быў спакойны, здаецца, вялікіх грахоў ня меў. На акупаванай тэрыторыі ня жыў, з харкаўскага акружэньня выйшаў не адзін, а з групай, і тое «злачынства» было ўжо добра дасьледавана «сьмершам» і, пэўна, здадзена ў архіў. Але, мабыць, гэтак жа думаў і камандзір узвода сувязі Ляжнеўскі, якога месяц таму рэпрэсаваў «сьмерш». Той, выпіўшы, даў сабе волю паразважаць наконт «несправядлівасьці» да акружэнцаў, якіх пасьля вызваленьня спрэс накіроўвалі ў штурмбат. Сам апынуўся праз тое ў штурмбаце, і ніхто з нас яго болей ня бачыў.