Спеў аб Гаяваце
- Автор: Лангфэла Гэнры
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Аркадий Александрович Кулешов
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Спеў аб Гаяваце». Краткое содержание книги:
Сусветную вядомасць Гэнры Лангфэла прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў. Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай.
Перейти на страницу:
Хіба ўсёй крывёй не прагну
Да цябе я, каб сустрэцца
Гэтак, як зара з зарою —
У начы кароткай Месяц?
Онэвэ! Спявае сэрца,
Калі ты са мною побач
Уздыхаеш, як галінка,
У суніц вясёлы Месяц!
А як толькі засумуеш
Ты, каханая, адразу
Я змрачнею, быццам рэчка,
Над якой навісла хмара!
А ўсміхнешся — твар мой змрочны
Зноў маршчынкамі сваімі
Засвіціцца, як ад сонца
Рабізна вады халоднай!
Дол смяецца, хвалі ззяюць,
Усміхаюцца нябёсы,
Але як мне быць вясёлым,
Калі я цябе не бачу!
Я з табою, дарагая —
Ток маёй крыві гарачай!
Хіба ты мяне не бачыш?
Онэвэ! Хутчэй прачніся!»
Так пяшчотны Чайбайабас
Скончыў песню пра каханне;
I тады, хвалько вялікі,
Ягу, казачнік вядомы,
Даўні друг старой Накоміс,
Што зайздросна слухаў буру
Воплескаў у гонар песні,
У вачах гасцей прыкмеціў,
Зразумеў па іхніх жэстах
Нецярплівую цікавасць
Да яго дзівосных казак
I да выдумак ілжывых.
Быў хвалько ён на здзіўленне;
У прыгодах, што расказваў,
Сам удзел прымаў, няйначай;
На любы адважны ўчынак
Толькі ён адзін быў здольны;
Толькі ён адзін дакладна
Ведаў байкі ўсе і казкі.
Калі верыць самахвалу,
Дык ніхто стралу ніколі
Не пускаў, як ён пускае —
Так далёка і высока,
Не забіў так многа ланяў,
Не злавіў у сеці рыбы,
Не прывабіў дзічы ў пастку.
Ён бяжыць шпарчэй ад іншых,
Ён глыбей усіх нырае,
Ён плыве далей любога,
Больш за ўсіх па свеце ходзіць,
I ніхто не бачыў столькі
На зямлі дзівос, як Ягу,
Гэты казачнік найлепшы.
Так імя яго ў народзе
Для другіх мянушкай стала;
Толькі ўздумае хто-небудзь
Выхваляцца паляваннем
Альбо воін — перамогай,
Калі вернецца з паходу,
Як яго спыняюць: «Ягу!
Новы Ягу, новы Ягу!»
Гэта ён для Гаяваты
З ліпы выразаў калыску
I звязаў яе надзейна
Лані моцным сухажыллем;
Паляўнічы лук і стрэлы
Навучыў рабіць пасля ён
Гаявату: стрэлы — з дубу,
Лук жа — з ясеню, вядома.
А цяпер старой руінай
На яго сядзіць вяселлі
Ягу, выдумшчык вядомы,
Ягу, казачнік выдатны!
I Накоміс гаварыла:
«Раскажы нам, добры Ягу,
Казку, дзіўную прыгоду,
Каб было цікава слухаць,
Каб гасцям было прыемна,
Каб яны не сумавалі!»
Адказаў адразу Ягу:
«Вы пачуеце прыгоду,
Незвычайнае паданне
Пра Асэа — чарадзея,
Што сышоў з Вячэрняй Зоркі»
Перейти на страницу: