Спеў аб Гаяваце
- Автор: Лангфэла Гэнры
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Аркадий Александрович Кулешов
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Спеў аб Гаяваце». Краткое содержание книги:
Сусветную вядомасць Гэнры Лангфэла прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў. Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай.
Перейти на страницу:
«Пасля доўгіх год бясконцай
Барацьбы, вайны крывавай,
Зажылі Аджыбуэі
I Дакоты ў добрым ладзе,—
Так працягваў Гаявата,
А пасля дадаў спакойна —
Каб навечна мы злучылі
Рукі поціскам сардэчным,
Сэрцы — вернасцю сяброўскай,
Ты аддай дачку мне ў жонкі —
Прыгажэйшую з прыгожых
Аж па ўсёй зямлі Дакотаў».
Майстра стрэл, сівы ад часу,
Закурыў спачатку люльку,
Горда ён на Гаявату
Праз дымок зірнуў з павагай,
На дачку сваю — з пяшчотай,
I, падумаўшы, адказваў:
«Згодзен я, калі на гэта
Згодна сэрца Мінегагі!»
Яшчэ больш прывабнай стала
I чароўнай Мінегага
У той час, як Гаяваце
З нерашучасцю дзявочай,
Сеўшы побач з ім, сказала,
Чырванеючы: «Я згодна
Стаць тваёю жонкай, муж мой!»
Так дамогся перамогі
Ён над сэрцам Мінегагі,
Адружыўся так з дачкою
Майстра стрэл з зямлі Дакотаў.
Пакідаў з Вадой Вясёлай
Ён яе вігвам бацькоўскі;
Ім глядзеў услед з парога
Майстра стрэл, сівы ад часу;
I, пабраўшыся за рукі,
Адыходзілі і чулі
За сабой яны далёкі
Шум і голас развітальны
Вадаспадаў Мінегагі:
«Будзь шчаслівай, Мінегага!»
А стары адзін застаўся;
За ранейшаю работай
Ён сядзеў, бурчаў паціху:
«Так вось дочкі пакідаюць
Нас, бацькоў, якіх любілі,
Нас, бацькоў, што іх любілі,
Нас, старых, якім патрэбны
Іх прыгляд і дапамога.
Дзе там! З'явіцца аднойчы
Прыгажун з чужога краю,
На жалейцы трысняговай
Паіграе мілагучна,
I гатова ўжо дзяўчына
З ім ісці, куды пакліча».
Быў прыемны шлях дадому,
Шлях праз пушчы векавыя,
Праз узгоркі і праз горы,
Праз лугі, даліны, рэчкі,
I здаваўся Гаяваце
Шлях кароткім, хоць павольна
Ён ішоў і прымяркоўваў
Крок да крокаў Мінегагі.
На руках сваіх праз рэкі
Пераносіў ён дзяўчыну
Лёгка так, нібы пярынку,
Што ў яго над галавою;
Адхіляў рукой галіны
Дрэў густых на вузкіх сцежках,
А на ноч, шалаш зрабіўшы,
Слаў пасцель ёй з лапак тсугі
I агонь з сасновых шышак
Распаліў каля ўвахода.
Па чарзе вятры-бадзягі
Падарожнічалі з імі,
Зоры сон іх вартавалі,
Не заплюшчваючы вока,
I вавёрка, Аджыдома,
Не вылазячы з засады,
Закаханых выглядала,
I цікаўны трус, Вабаса,
Уцякаючы з іх сцежкі,
Цікаваў з нары патайнай
Кожны рух і крок суладны
Гэтай пары закаханай.
Быў прыемны шлях дадому!
Звонка птушкі шчабяталі,
Сіваграк, Авейса, гэтак
Ім спяваў аб мірным шчасці:
«Ты шчаслівы, Гаявата,
Што такую жонку маеш!»
I малінаўка спявала,
Апечы: «Шчаслівай будзеш
З гэткім мужам, Мінегага!»
З неба сонца іх вітала,
Гаварыла ім: «О дзеці!
Ведайце: святло — каханне,
Цень — нянавісць; шлях жыццёвы
Стракаціць святлом і ценем,
Будзь сардэчны, Гаявата!»
У шалаш з нябёсаў месяц
Заглядаў, шаптаў таемна:
«Тлумна днём, а ноччу — ціха,
Муж — спрадвечны ўладалюбец,
Жонка — вечная пакора,
На дваіх — адно жыццё ў іх,
Будзь цярплівай, Мінегага!»
Гэткі быў іх шлях дадому,
Так прыйшоў з Вадой Вясёлай,
З Мінегагай, Гаявата,
Так прыйшла дачка Дакотаў
У вігвам старой Накоміс
I яе дачкою стала,
Цеплынёй таго вігвама,
Ясным месяцам і зоркай,
Сонцам братняга народу.
Перейти на страницу: