Фрашкі да пляшкі
- Автор: Квяткоўскі Севярын
- Год: 2007
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6937-75-3
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Фрашкі да пляшкі». Краткое содержание книги:
“Фрашкі да пляшкі” можна чытаць як ураздроб, гэтак адным цэлым тэкстам, які можна назваць эсэ, а можна—прыгодніцкім раманам.
Бывала, вядома, што трэба было ісьці ў начнік. Часьцяком хадзіў я сам альбо ў кумпанействе з кімсьці з рэдакцыі. “Дык вось, — казаў Дзядзя Пеця, — у адрозьненьне ад нас тыя нашаніўцы самі па начніках не хадзілі. Яны выклікалі гарадавога, давалі яму рупь, і ён ім усё прыносіў”. Альбо: “Уяўляеце сабе Янку Купалу? Апрануты па-моднаму, сядзіць у нятаннай рэстарацыі “Зялёны Штраль”, п’е дарагі каньяк, паліць дарагую цыгару, вакол человек завіхаецца, чего изволите, у парцаляне кава духмяная, грае музыка, дамы ў вечаровых сукнях…
А Купала піша на сурвэтцы: “Я мужык-беларус, пан сахі і касы…”
“Наш лёзунг — ніводнай паблажкі чытачу”, — казаў Дубавец і вяртаўся з кухні-курылкі да свайго кампутара.
Так і мы зь вярстальнікам газэты Віцем Корзунам не давалі паблажак выпадковым суразмоўцам, якія чапалі нашаніўскія тэмы. Напрыклад, тэму беларускай мовы.
Неяк з Корзунам мы прыселі на аўтобусным прыпынку, што побач з “Акіянам”. Было позна. Пляшка “Зуброўкі” ў кішэні, і жаданьне абмеркаваць супольны творчы праект. Толькі сабраліся адкрыць пляшку, як спыняецца таксоўка. Выходзіць мужык і кажа: “Братаны, давайте выпьем. Так нужна компания!” І працягвае пляшку “Абсалюту” 0,7. Сядзім, выпіваем, нармальна размаўляем, ажно пакуль не зайшло пра беларускую мову й ейную будучыню. Скончылася тым, што мужыка паслалі куды далей разам зь ягонай амаль пустой пляшкай: “Валі ў сваё Іванава, мудак маскальскі”. Не пасьпелі распачаць сваю пляшку, як падыходзіць другі мужык. У руках пяць “Старога Замку”, на твары — прага кумпаніі. Пагаварылі душэўна. “Вот вы по-белорусски говорите, а я свою дочку забрал из белорусского класса. Ничего путного из этого не будет”. Ясна, мужыка адправілі гуляць вельмі эмацыйна.
І вось нарэшце адкрытая “Зуброўка”. Мы атрымалі магчымасьць спакойна пагаварыць пра супольныя творчыя пляны. І ў той жа момант спынілася міліцэйская патрульная машына. Выйшаў лейтэнант з аўтаматам на плячы: “Мужыкі, ну вы даеце! Я ўжо дзявяты раз міма вас праяжджаю, а вы ўсё п’еце й п’еце!”
Быў у “Нашай Ніве” працяглы пэрыяд, калі з усімі спрэчнымі візытэрамі мусіў размаўляць мастацкі рэдактар Сяргей Харэўскі: пэўны час ня мог нікуды ўцячы, бо быў зламаўшы нагу.
Для тых, хто ня ведае, патлумачу, што Ігар Бабкоў ня толькі паэт і філёзаф, які захапляецца старажытнымі ўсходнеазіяцкімі культурамі, ён яшчэ ў юнацтве быў баксэрам.
Неяк рэдакцыйны калектыў “НН” падзяліўся на дзьве часткі. Адна ладзіла прэзэнтацыю выданьня ў Гомелі — на радзіме Бабкова. А другая накрыла некалькі (рэдакцыйных) сталоў і сьвяткавала народзіны аўтара “НН” Алега Дашкевіча. Мы чакалі на мікрааўтобус, у якім вярталіся Ігар Бабкоў, мастацкі рэдактар газэты Сяргей Харэўскі і паэт і нарысіст Славамір Адамовіч. Яны ўсё вяртаюцца і вяртаюцца, а мы ўсё адзначаем і адзначаем… Калі нашая імпрэза позьнім вечарам набліжалася да піку (альбо лягічнага завяршэньня), мікрааўтобус зьявіўся. Харэўскі кульгаў. “Што здарылася, Сярожа?” — “Ударыў нагой у падбародзьдзе Бабкова”. — “Ну, ты багатыр!” — “Не, гэта ён — самурай! Гэта якое ж трэба мець падбародзьдзе, каб аб яго можна было пашкодзіць нагу…” Так вось сьмяяліся, а Бабкоў тлумачыў, што машына зламалася, і што трэба было неяк грэцца. Паколькі гарачыцельны элексір быў скончыўся, дык Харэўскі прапанаваў разьмяцца. Ну, маўляў, Харэўскі пасьлізнуўся… “Ладна, ладна, Ігар, не апраўдвайся! Пашкодзіў падбародзьдзем нагу чалавеку!”
Варта адзначыць, што імпрэза плаўна перацякла ў паход на госьці, які скончыўся пад пятую раніцы. І толькі а восьмай Харэўскі выклікаў хуткую. Ён больш як дзесяць гадзінаў баляваў зь пераломам досыць цяжкой ступені. Ну, не багатыр?
P. S. Гісторыя існуе ў выглядзе анэкдоту, народжанага проста на месцы ў рэдакцыі. Насамрэч, Харэўскі сапраўды пасьлізнуўся. Усім вядома, што калі б ён паспрабаваў замахнуцца на Бабкова, то застаўся б ня толькі зь пераломам, але зусім без нагі.
100
Я кітайскай культурай ня надта захапляўся. Але дзеля прыколу неяк навучыўся ад даты нараджэньня вылічваць, якое з дванаццаці магчымых жыцьцяў (паводле старажытнай будыйскай навукі) жыве чалавек.
Заходжу аднойчы ў рэдакцыю “Нашай Нівы”. За сталом сядзяць тры багатыры: Адам Глёбус, Сяргей Дубавец і паэт N. П’юць каньяк, размаўляюць. У якасьці жарту я прапанаваў вылічыць, хто зь іх каторае жыцьцё жыве. Узяў асадку і паперу. Высьветлілася, што Глёбус жыве ўжо адзінаццаты раз, Дубавец восьмы, а паэт N. усяго толькі першы.