Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Падпісваючы, ён адным вокам працягваў сачыць за шэрагамі i адразу згледзеў, як аднекуль ад дзьвярэй паявіўся падобны на д’ябалёнка, невялічкі прыгнуты чалавечак з даўжэзным кулямётам у руках. Кінуўшы асадку, Памазок, бы на фронце, кульнуўся пад стол, як залу аглушыла грымотная кулямётная чарга. Ад стала паляцела ўгару ашмоцьце папераў, трэскі; Памазка, бы кувалдай, выцяла ў грудзі, i ён дагары нагамі сьлізгануў ад стала па паркеце. Адчуваў, што жывы, але ўскочыць ня мог, да яго падбеглі нейкія людзі, паднялі i хуценька павялі праз бакавыя дзьверы з праклятай залы. Дзіўна, але людзі навокал былі нават спакойныя, нібы нічога асаблівага i ня здарылася. Дый ніхто болей не пацярпеў, можа, не спалохаўся нават. Дрыжучы ад страху, Памазок даў садраць з сябе ператвораны ў ашмоцьце шыкоўны пінжак i з удзячнасьцю падумаў пра свой выратоўчы панцыр.
У гэтых пакоях, куды прывялі Памазка, вайскоўцаў не было ніводнага, вакол тоўпіліся цывільныя — добра апранутыя, усе скрозь вусатыя мужчыны розных узростаў. Памазок пакратаў свой вус — той аказаўся на месцы. А во хамлак з лысіны дарэшты зьмяло чаргой, i прэзідэнт падзівіўся, як блізка яго мінула пагібель. Ён усё яшчэ ня мог акрыяць ад прыкрага здарэньня, каб усьміхнуцца, тады як усе навокал аж расплываліся ў лагодзе добразычлівасьці. У Памазковай душы другі раз мільганула сумненьне наконт слушнасьці сваёй паездкі. Як тут з ім абышліся! Але, падобна, тое нікога, апроч яго, не клапаціла.
Неўзабаве яму прынесьлі новы, яшчэ болей шыкоўны гарнітур — чорны, з малюсенькімі бліскаўкамі па тканіне i новы даўжэзны гальштук — малпы сярод пальмаў. Гальштук асабліва спадабаўся Памазку, i ён пaпpaciў служку, каб той завязаў яго яшчэ даўжэй, чым ранейшы. Такія даўгія гальштукі тут былі ва ўcix. Як яго апранулі, тады зноў кудысь павялі разам з грамадою гаваркіх мужчынаў. Памазок паныла i моўчкі ішоў. Ажыў толькі апынуўшыся ў прасторнай асьветленай зале з багата накрытым сталом, на якім выразна тырчэлі рыльцы бутэлек. I тады ён падумаў, што ўсё ж гэта краіна, мабыць, не такая i кепская, як ён сьпярша меркаваў.
Як пачалі рассаджвацца за сталом, нейкі сівавусы мажны мужчына, можа, туташні тамада, пацягнуў яго ў канец стала да крэсла, адметнага сярод іншых дужа выкрутасьлівым падплечнікам. Памазок, можа б, i сеў на яго, калі б насупраць на стале было штось болей прывабнае, чым жоўтае пітво ў графіне. Крэсла выразна не здалося Памазку выгодным, ён ужо нагледзеў для сябе лепшае — каля невялічкай, але прывабнай купкі бутэлек. Там ён i сеў. На адмысловае ж крэсла змушаны быў сесьці той белавусы; лакей зважліва памяняў іхнія карткі, што былі расстаўленыя перад кожным месцам.
Упершыню за ранак Памазок перавёў дух i ўжо стаў забывацца на прыкрае здарэньне. Пакуль побач гаманілі, ён засяродзіў увагу на дзьвюх бутэльках, адна з якіх здалася яму знаёмай. Як лакеі з-за плячэй пачалі наліваць бакалы, Памазок паказаў свайму — во гэту, i той зважліва наліў яму, — праўда, ня ў самы вялікі фужэр. Памазок на тое паморшчыўся, але змоўчаў — хай! Можа, не апошняя, мабыць жа прэзідэнцкі тэрмін не на адзін год. А калі што, дык можна i падоўжыць…
З таго адмысловага крэсла з фужэрам жоўтага соку ў руцэ ўстаў сівавусы — мабыць, каб мовіць тост. Памазок з гатоўнасьцю працягнуў руку да свае чаркі, як перуновы выбух абрушыў усё — i стол, i гасьцей, i ўсю гэтую залу. Засыпаны друзам Памазок апынуўся далёка ў куце, побач цяжка пляцнулася долу ўзьнятае выбухам грузнае цела сівавусага тамады. Адусюль сыпалася тынкоўка, трэскі ды кавалкі мэблі, бітае шкло бутэлек, енчылі людзі. Памазок на кукішках падаўся між акрываўленых целаў у той бок, дзе, памятаў, былі дзьверы.
Зрэшты, ён мог бы i не турбавацца пра дзьверы, — як трохі асеў пыл, дык убачыў, што канца палацу як не было — скрозь грувасьціліся кавалкі сьценаў, каменьня, знадворку тырчэў абломак калоны. Уцалелі хіба нейкія прыступкі з парэнчынамі, да якіх i падаўся Памазок. Абы прэч з гэтага жахлівага палацу…
Ён мкнуў прэч, а прыступкі вялі, куды самі хацелі — унутр i ўгару. I ён бег па іх, пасьля задыхана плёўся, бо блізка ўнізе ўсчалася страляніна i чуліся крыкі. У нейкім сьцішаным закутку скінуў з сябе свой цяжкі панцыр, які ўжо не было сілы трываць на плячах. Ён прагнуў выбавіцца з гэтага муру, кідаўся па ягоных заблытаных пераходах, пакуль незнарок не апынуўся на даху. Але, можа, i добра, што на даху, тут нікога не было i можна было аддыхацца. Дах быў вялізны i плоскі, з рознымі папярэчынамі i надбудоўкамі ў доле. Зьнізу Памазок ня быў бачны, i тое абнадзейвала. Можа, яму пашэньціць перахавацца да ночы, а ноччу ён бы як-небудзь уцёк. Памазок ужо набыўся ў гэтай краіне, болей яму не хацелася. Ён ужо амаль пераканаўся, што зрабіў памылку, калі паквапіўся на тое прэзідэнцтва.