Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
I праўда, з аграмаднага крэсла ён устаў зусім іншым, чым нядаўна садзіўся туды, i пачувацца стаў адпаведна. Найперш — прыбыло сілы i нават гонару. А як у наступным пакоі пачалі мераць яму гарнітуры, дык ён аж спадабаўся сабе — такіх файных апратак ён ня толькі ніколі ня меў, але i ня бачыў. Хіба ў тэлевізары. Чорны, бы смоль, пінжак з бялюткаю хустачкай у кішэньцы, такая ж белая сарочка i гальштук. Чаравікі замянялі двойчы, пакуль не прынесьлі дужа блішчастыя на высачэзных абцасах, ад чаго ён куды як падвысіўся ростам. З насалодай пратупаў па люстраным паркеце — лясь, лясь… Добра стаць прэзідэнтам!
Настрой яго трошкі пагоршаў, калі ў іншым пакоі, куды яго затым прывялі, вялізны паліцай ці вайсковец падаў яму штось няўклюднае i цежаленнае. «Што гэта?» — зьдзівіўся Памазок, і здаравяк адказаў: «Панцірблёк!» Бесцырымонна зьняўшы з яго пінжак, той навесіў на ягоныя плечы дзьве засланкі — сьпераду і ззаду. Памазок аж прысеў. «Але ж цяжкі», — мовіў ён, ды здаравяк толькі выскаліў свае конскія зубы. Як надзеў зьверху пінжак, дык стаў сам ня свой — нейкі камлюкаваты, здаравенны i таўсты. Ад нядаўняе Памазковай шчуплыні не засталося і сьледу.
Затым далі трошкі спачыць у прахалодзе з пальмай над высокай зашклёнай стольлю. На нізенькі, таксама шкляны столік прынесьлі дзьве шклянкі — з сокам i лёдам, да якіх Памазок i не дакрануўся нават. Што яму сок, калі карцела чагось зьесьці і, канешне, глыкнуць з такой ператомы. Дома гэткай парой ужо быў пасьнедаўшы, а то i паправіўшы галоўку, — калі было трэба. Але тут у яго не пыталіся, i ён ня ведаў, што i як сказаць. Ды во прыйшлі ажно тры вайскоўцы, сапраўды, быццам гарылы — усе ў камуфляжы i малінавых бярэтах, з вялізнымі рэвальверамі на баку. Зноў яго павялі. Адзін iшoў наперадзе, два ззаду — зноў нібы канваіры. Але Памазок ужо не баяўся, яго нядаўняя няёмкасьць збольшага мінулася, у новай аздабе ён пачуваўся амаль упэўнена, нават зьявіўся гонар. Ішоў, шырока сігаючы на высокіх абцасах i няўзнак пaзipaў на сябе ў люстэркі, якіх багата траплялася па баках, зусім не пазнаючы ў гэтым вусатым таўстуну сябе — колішняга калгаснага качагара. Доўгі стракаты гальштук целяпаўся каля матні.
Урэшце невялічкі канвой спыніўся каля нейкіх зачыненых дзьвярэй, трошкі счакаў, i дзьверы шырока, на абедзьве палавіны расчыніліся. Тут яго прапусьцілі наперад, Памазок увайшоў у вялізную залу, ад парогу якой адзін супраць другога стаялі два шчыльныя шэрагі вайскоўцаў. Усе былі ў аднолькавым камуфляжы, толькі адзін шэраг быў у бярэтах малінавага колеру, а другі — маркоўнага. Шэрагі штось гаркнулі, падобна — вітаньне, на што Памазок паціху кінуў сваё — дабрыдзень, іншага ён ня ведаў. Наводдаль у канцы залы месьціўся аздоблены золатам стол з адным крэслам, у якое, як зразумеў Памазок, яму належала сесьці. Што ён i зрабіў без замінкі. Тады з шэрагу малінавых бярэтаў выйшаў самы тоўсты вайсковец i пачаў прамаўляць. Прамаўляў гучна i доўга, аж гуло ў высокім падстольлі, малінавыя прытым зьзялі вачыма, а твары маркоўных наадварот — корчыліся ад злосных грымасаў. Але ўсе стрымана маўчалі. Пасьля таўстуна малінавых таксама грымотным голасам пачаў мовіць яшчэ болей тоўсты i аграмадны маркоўны. Памазок зьніякавела сядзеў на краі крэсла. Ягоная душа ўпершыню адчула, што гэтае прэзідэнцтва можа дабром ня скончыцца.
Як тыя два бугаі адкрычэлі свае прамовы, аднекуль збоку вынік непрыкметны малады чалавек з папкай i паклаў перад прэзідэнтам дзьве старонкі нейкага кароценькага тэксту. Тут жа зьявілася прыгожая асадка з залатым шлячком. Памазок сьцяміў, што трэба падпісаць. Што там надрукавана, было невядома, тэксты былі аднолькавага памеру, а вяршкі — з прыгожа намаляванымі пеўнямі. Але пеўні былі неаднолькавыя. Памазок ад нараджэньня быў хлопец прыкметлівы, i цяпер згледзеў, што адзін певень быў нібы ў пер’і, а другі — нібы абскубаны. Які з іх належала падпісаць першым, было невядома.
Між тым, абодва шэрагі зацята чакалі, скіраваўшы на яго нейкія дужа непрыемныя ваўкаватыя позіркі.
Памазок пасунуў да сябе тую паперчыну, дзе быў певень з пер’ем, i адразу адчуў, што памыляецца — левы шэраг малінавых заварушыўся, зласьліва загуў. Тады ён адсунуў паперчыну i пацягнуў руку да іншае — з абскубаным пеўнем, i тут жа настырчыўся шэраг маркоўных. Д’ябал іх ведае, як было зрабіць, каб дагадзіць абодвум? Трохі счакаўшы, бы ў роздуме, Памазок зноў падсунуў ранейшы аркуш i нават пасьпеў вывесьці першую літару П…