Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 193 194 195 196 197 198 199 200 201 ... 268
Перейти на страницу:

«Ну, як справы, малады чалавек? Адолеў марыніста?»

Хлопчык праглынуў даўкі камяк — напярэдадні ён узяўся чытаць Станюковіча. З іншых кніжак, што ляжалі ў вялізным дзедавым сундуку-куфры, ужо мала што асталося не прачытанае ім, хіба што збор твораў Пісемскага і некалькі томікаў Станюковіча, адзін з якіх і выбраў яму надоечы бацька. Але цяпер было не да кніжак, і ён сказаў:

«Тата, я браў твой маўзер».

Бацька матнуў галавой, хутка паклаў пінцэт, звыклым рухам рукі зняў адны акуляры і цераз другія строга паглядзеў на сына.

«Хто дазволіў?»

«Ніхто… І ён стрэліў», — запалым голасам выціснуў з сябе сын.

Нічога болей не кажучы, бацька ўстаў і выйшаў з пакоя. Ён жа астаўся стаяць ля дзвярэй з такім адчуваннем, нібы яго павінны зараз пакласці пад нож гільяціны. Але ён ведаў, што вінаваты, і гатоў быў прыняць самую бязлітасную кару.

Неўзабаве бацька вярнуўся.

«Ты — шчанюк! — сказаў ён з парога. — Нявыхаваны, распешчаны смаркач! Як ты пасмеў без дазволу дакранацца да баявой зброі? Якое ты меў права лезці, як злодзей, у камод?»

Бацька доўга і бязлітасна крычаў на яго — і за неасцярожнасць, і за стрэл, які мог учыніць няшчасце, а найбольш за таемны намер, свавольства. Ён дасканала разабраў усе незайздросныя маральныя аспекты яго ўчынку і нарэшце сказаў:

«Адзінае, што змякчае тваю віну, дык гэта тваё прызнанне. Толькі гэта цябе ратуе. Зразумеў?»

«Ну».

«Калі сам, вядома, надумаўся. Сам?»

Адчуваючы, што канчаткова гіне, хлопчык матнуў галавой, і бацька, трохі спакайнеючы, трудна, працяжна ўздыхнуў:

«Ну і то дзякуй!»

Гэта было ўжо занадта — міжвольнай хлуснёй купляць бацькаву падзяку; у вачах у яго пацямнела, кроў хлынула да твару, і ён стаяў, не могучы ступіць кроку з месца.

«Ідзі гуляй», — сказаў тады бацька.

Так увогуле лёгка абышлося яму тое непаслушэнства — пакаранне дзягай яго мінавала, але яго маладушны ківок балючаю драпінай астаўся саднець у душы. З таго часу ён ні ў чым і ніколі не схлусіў ні бацьку, ні каму другому, за ўсё трымаў адказ, гледзячы людзям у вочы, — надта добра ён памятаў пакутную цану аслушэнства і маладушнае свае без’языкасці. Ён не ведаў пэўна, але, мабыць, і маці не сказала бацьку, па чыёй ініцыятыве адбылося тое прызнанне. Са шчаслівай упэўненасцю ў добрасумленнасці сына так і скончыў свой шлях на зямлі гэты кавалерыйскі камандзір, інвалід вайны і гадзіннікавы майстра, усцешаны перад смерцю надзеяй, што сыну дастанецца лепшая доля. І вось дасталася…

17

У ранішняй дрымотнай цішыні выразна затупалі боты, зверху глухавата данесліся галасы, гучней заляскалі дзверы. Тут, у склепе, найбольш былі чутны гэтыя дзверы, часам ад іх асабліва моцнага стуку ажно сыпалася са столі. Рыбак не спаў — падкурчыўшы ногі, моўчкі ляжаў на баку пад сцяной і слухаў. Цяпер уся яго ўвага перайшла ў слых. У акенцы патроху святлела, мусіць, на дварэ ўжо развіднялася, і ў гэтай іхняй каморы таксама стала што-колечы бачна. З ранішняй шэрасці вынікалі бязладныя, нібы скамечаныя постаці арыштантаў: Дзёмчыхі пад сцяной насупраць, далей у куце патроху варушылася высокая кучомка Пётры; Басі, праўда, амаль не было відаць у густым яшчэ змроку пад акенцам. Сотнікаў, як і раней, ляжаў на спіне побач і дыхавічна сіпеў. Каб не гэтае яго сіпенне, можна было б падумаць, што ён нежывы. Наставаў трудны, мабыць, апошні, дзень іх жыцця, яны ўсе адчувалі тое і прымоўклі, кожны паасобку перажываючы сваю паныласць і сваю бяду.

Боты наверсе затупалі часцей, усё грукалі дзверы. І раптам у склеп уварвалася гамана з панадворка. Рыбак падняў голаў, прыпёрся патыліцай да сцяны. Слоў нельга было разабраць, але было відавочна, што паліцаяў там назбіралася больш, чым учора. Што яны ўдумалі рабіць? І чаму ніхто яшчэ не спусціўся ў склеп? Быццам забыліся на іх.

Нехта прайшоў па-над самай сцяной, чутно было хрупасценне ботаў па снезе, непадалёк ад акенца штось стукнула, потым неяк дужа зблізку раздаўся грубы хрыпаты голас:

— Ды тут усяго толькі тры.

— А шуфля яшчэ была. Шуфлю паглядзі.

— Што мне шуфля! Рыдлёўкі трэба.

Нешта гучна залязгала, потым прарыпелі крокі, і зноў паблізу ўсё сціхла. Але гэта кароткая размова тужлівым спалохам ускалыхнула Рыбака — нашто рыдлёўкі? Рыдлёўкі толькі на тое, каб капаць, а што цяпер можна капаць? Акоп? Канаву? Магілу? Пэўна, магілу, але каму?

І тут ён успомніў: мабыць, сканаў той паліцай.

Ён павярнуў голаў, няўцямна паглядзеў перад сабой. Дзёмчыха з-пад пакамечанае хусткі гэтак жа трывожна-напружана глядзела на яго; у куце застыў, не варухнуўся Пётра. Ніхто не сказаў ні слова, усе ўслухоўваліся, тоячы ў душы страх і няпэўнасць.

1 ... 193 194 195 196 197 198 199 200 201 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)