Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 189 190 191 192 193 194 195 196 197 ... 268
Перейти на страницу:

— Ай, мусіць, напроці аптэкі, ага? — здагадалася Дзёмчыха. — Дык то ж Ігналя Супрон жыў.

— А табе што? — няласкава перапыніў яе Пётра. — Хто ні жыў, ці не ўсё роўна. Нашто пытацца?

Дзёмчыха пакрыўдзілася:

— Дык а што я? Калі і сказала, дык што?

— Анічога! — строга абарваў яе былы стараста. — Ну дык як яно далей? Расказвай, усё скарэй ноч мінецца.

«Іш ты, стары індык, — падумаў Рыбак. — Яму ноч мяшае. Нешта ён надта падазрона чакае таго заўтра. Ці, можа, думае, што заўтра яго выпусцяць?»

Але заўтра наўрад ці будзе ім радасць.

Рыбак хацеў перапыніць Басю — навошта тут было расказваць усё тое? Каму не вядома, што і ў сцен часам ёсць вушы. Але пагадзя разважыў: мабыць, позна ўжо нешта таіць, чаго асцерагацца. Калі Стась сказаў праўду, дык заўтра ўсім будзе крышка. Не пакінуць нікога.

— Ну, закрычалі, а я ўцякаць. Бегла, бегла па снезе, аж пакуль не ўпала за гародамі. Да лесу не дабегла. Ну, яны і схапілі мяне за рукі, прывялі сюды. Тут білі дужа. А пасля… Ай-ай!

Бася спалохана крыкнула на ўвесь голас, Пётра, чуваць было, падхапіўся з месца, і Рыбак зразумеў: пацукі. Абнаглелі ці згаладнелі ўжо так, што перасталі баяцца і людзей. Стары ўстаў і ботам некалькі разоў тупнуў у куце. Бася, ускочыўшы, стаяла на сярэдзіне, захінаючы светлы квадрат акна, і калацілася ад страху.

— Яны ж кусаюцца! Яны ж мае ногі пагрызлі. Я ж іх баюся, а дзядзечка!..

— Нічога, не бойся. Пацукі што? Пацукі не страшныя. Укусяць, ну і што? Гэткай бяды. Ідзі во ў мой кут сядай. А я тут… Я іх, халераў!..

Ён патупаў яшчэ, паварушыў там у куце і сеў. Бася прыткнулася на яго належаным на саломе месцы. Сотнікаў быццам бы спаў. Насупраць то ўздыхала, то смаркалася ў хустку Дзёмчыха — мусіць, плакала.

— Так, што ж… Што ж цяпер зробіш? — пытаўся ў кагось Пётра і сам сабе адказваў: — Нічога не зробіш. Цярпі, нямнога асталася.

Яму ніхто не адказаў, стала ціха. Рыбак вальней выцяг к парогу ногі, думаў заснуць у спакоі, але сон да яго не ішоў — свядомасць тачыла нязбыўная, як боль, трывога.

Перад ім быў абрыў.

Ён выразна адчуў гэта, асабліва цяпер, уначы, у хвіліны спакою, і думаў, што нічога ўжо зрабіць нельга. Гэтае пачуццё непапраўнасці рэдка калі так апаноўвала яго нават на вайне; усюды і заўжды ён умеў знайсці нейкае выйсце, але не цяпер. І яму пачало рабіцца страшна, як у тую незабыўную з дзяцінства хвіліну, калі жах ахапіў яго так моцна, што перасіліў і розум.

Праўда, тое было даўно, у пару яго вясковага маленства — што было ўспамінаць пра яго? Але чамусьці ўспаміналася міжволі, бо, мусіць, той выпадак меў нейкую еднасць з яго цяперашнім станам.

Здарылася гэта яшчэ да калгасаў. У іх быў ладны буланы конік, старанны і цягавіты, хіба трохі малады і залішне рухавы. Аднак Коля Рыбак з ім ладзіў няблага. У вёсцы хлапчукі рана бяруцца за сялянскую працу, у свае няпоўныя дванаццаць год Коля ўжо спрабаваў памалу і касіць, і араць, і баранаваць. Умеў ужо запрэгчы і распрэгчы, не хапала сілы хіба што засупоніць хамут, трэба было клікаць каго з дарослых, але спакваля навучыўся і гэтаму. Мусіў вучыцца, бо працы хапала, — бацька меў тры надзелы зямлі, каб абрабіць яе, ніхто ў іх сям’і не знаў перадыху ніколі.

Тады з поля вазілі снапы.

Гэта была ўжо зусім хлапчукоўская справа. Увесь дзень Коля тросся ў пустой дрогкай брыцы цераз поле пад параснікі, затое адтуль, седзячы на высокім возе са снапамі, важна ехаў у вёску на сваё гумно. Дарога была знаёмая, вывучаная да апошніх драбніц. Ён ведаў на памяць, дзе трэба павярнуць крыху ўбок, дзе ехаць па каляінах, як абмінуць глыбокую з вадой рытвіну ў лагу. Самым небяспечным месцам была Капцова гара — касагор, спуск і вузкі ўзровак па-над абрывам. Але і там Коля ўпраўляўся няблага, брыка толькі хілілася, конік трымаў, хоць хамут часам наязджаў на ягоную галаву да самых вушэй. Усё абыходзілася добра. Той раз бацька падбіраў апошнія бабкі ў канцы нівы і, відаць, наклаў у брыку трохі залішне — ледзь хапіла вяроўкі, каб увязаць воз. Да яго на самы верх узлезла яшчэ сямігадовая сястрычка Маня і суседская дзяўчынка Люба. Суседзі, Міходзя з жонкай, таксама скончылі працу і пайшлі дамоў пешкі.

Усю дарогу яны ціха ехалі, валюхаючы на высокім возе. Коля, як заўжды, няблага кіраваў канём. Перавалілі Капцову гару, дарога пайшла ў лог. І тады нешта ў збруі трэснула, конь не стрымаў, брыка жахліва паднялася адным бокам і стала хіліцца направа. Коля зірнуў уніз і скульнуўся долу.

Ён ураз сцяміў, што павінна зараз жа здарыцца, і ў якімсьці бяздумным імкненні кінуўся пад цяжкую, нахіленую брыку, падставіў пад яе край сваё яшчэ слабаватае хлапечае плячо. Цяжар быў страшэнны, іншы раз ён бы нізашто не вытрымаў, але тады ўсё ж асіліў. Дзяўчаты скаціліся на зямлю, яго заваліла снапамі, але конь усё ж неяк управіўся з брыкай і адхіліў перадок ад пагрозлівай круцізны абрыву.

1 ... 189 190 191 192 193 194 195 196 197 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)