Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Гарачлівая ўзрушанасць яго паступова сціхала, ён мусіў мірыцца з непазбежнасцю і ў дадатак да ўсяго пачынаў пакутаваць ад сцюжы. Ад слабасці на лобе выступіў пот, які паволі сох на марозным ветры, і галава ад таго калела да ламаты ў мазгах. І наогул вецер, здаецца, дашчэнту выдзьмуваў з яго ўсё назапашанае за ноч цяпло, цела зноў пачала біць дрыготка. Але ён стараўся датрываць да канца.
На пустой местачковай вуліцы яны перайшлі масток без пярылаў, далей з аднаго боку пачынаўся вузенькі скверык з натапыранай блытанінай марознага галля ўгары. Наперадзе на пагорачку стала відаць белая двухпавярховая камяніца; шырокае палотнішча фашысцкага сцяга трапяталася на яе рагу — мабыць, гэта была тутэйшая ўправа ці камендатура. Ля камяніцы варушыўся натоўп людзей. Згледзеўшы іх цераз голавы пярэдніх, Сотнікаў падзівіўся: якая патрэба сабрала іх столькі ў адно месца? Пасля ён падумаў, што, мажліва, сёння кірмаш. А можа, што здарылася? Ці, хутчэй за ўсё, сагналі насельніцтва, каб запалохаць расстрэлам? Калі так, хай страляюць, ім яшчэ лягчэй будзе прыняць смерць на людзях. Што ж да страху, дык яго і так хапае на вайне, і тым не менш барацьба разгараецца. На змену пакараным прыйдуць другія. Смелыя заўсёды знойдуцца.
Яны пляліся далей. Сотнікава ступня, нібы пратэз, нягнутка выкручвала ямкі ў рыхлым, расцёртым палоззем і конскімі капытамі снезе, нага гарэла пякучым нутраным болем і нязграбна падпарадкавалася яму. Відаць, ён усё ж перабольшваў свае сілы, калі ў пачатку наважыўся ісці сам, — цяпер ён амаль віснуў, падчэплены пад паху цвёрдай рукой Рыбака. Ад мосціка было трошкі ўгору, і стала яшчэ трудней, дыханне яго захліпалася, дарога слізгала з-пад ног. Ён спалохаўся, што не дойдзе, упадзе, тады прыб’юць на дарозе, як апошняга «дахадзягу», у канаве. Не, гэтага ён не мог дазволіць сабе, гэта было занадта. Сваю смерць, якой бы яна ні была, ён павінен сустрэць з салдацкай годнасцю. Гэта стала цяпер галоўнаю мэтай яго апошніх хвілін.
Па дарозе яны ўзышлі на пагорачак, параўняліся з беленай камяніцай і сталі. Сотнікаў, трудна выдыхнуўшы, прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць далей. Але канвойныя паліцаі таксама сталі, наперадзе пачулася нямецкая мова — некалькі чалавек, мабыць, начальства, асобнаю купкай чакалі каля будыніны. Насупраць цераз вуліцу ля штыкетніка, што агароджваў сквер, ля дзвюх аблезлых будак-ларкоў застылі ў нядобрай страхавітай увазе пяць-шэсць дзесяткаў людзей, якія таксама чагось чакалі. Стала падобна, што іх невялікая працэсія дашкандыбала да прызначанага ёй месца — дарогі далей ужо не будзе.
І тады Сотнікаў убачыў вяроўкі.
Пяць гнуткіх, дбайна завязаных петляў ціха пагойдваліся па-над вуліцай, нібы дэманструючы перад усімі адмысловую моцнасць тоўстых, спрытна завязаных вузлоў. Віселі яны на папярочыне старой, яшчэ даваеннай вулічнай брамы. Такая самая брама-арка была некалі і ў іх гарадку. Перад святам яе абкручвалі дзеразой ды хвояй, прыбівалі ўгоры лозунг, напісаны чарнілам на гладкім баку шпалерыны. Побач, на плошчы перад райвыканкомам, збіралі святочныя мітынгі, і праз невысокі пралёт той аркі ішлі калонамі вучні з дзвюх школ, рабочыя льнозавода, гуты і тарнага камбіната. Наверсе, на крыжавіне, звычайна гарэла зорка або трапятаў на ветры сцяжок, якія надавалі асаблівае хараство і закончанасць усяму гэтаму збудаванню. Цяпер жа там не было нічога, толькі з-пад счарнелых рэек-лучын выглядвалі парудзелыя папяровыя абрыўкі ды на слупе матляўся ад ветру нейкі аблезлы ласкут памерам з ражок піянерскага гальштука. Акупанты прынеслі на арку сваю аздобу — гэтыя пяць новенькіх, мабыць, спецыяльна дзеля таго выпадку выпісаных са склада, вяроўчын. Значыць, іх будуць вешаць. А ён думаў — расстрэльваць.
Двое — паліцай і яшчэ нехта ў шэрай суконнай паддзёўцы — няслі цераз вуліцу тоўсты стары ўслон, і Сотнікаў здагадаўся, што гэта для іх. Каб дастаць да пятлі, перш чым загойдацца, збочыўшы на плячо голаў, — бездапаможна, пакорліва, безгалоса. Яму зрабілася да жаху брыдка і боязна ад аднаго толькі ўяўлення пра сябе павешанага ды і ад усяе гэтай старанна падрыхтаванай расправы. За час вайны ён і не падумаў пра магчымасць іншае смерці, чым ад асколка ці кулі, і цяпер усё ў ім інстынктыўна запратэставала супроць гэтага ўдушэння пятлёй.
Але ён нічым не мог памагчы ні сабе, ні іншым. Ён толькі ўгаворваў сябе ў думках: нічога, нічога!.. Урэшце, гэта іх права, іх звярыны звычай, бо тут іх улада. Выбар спосабу кары — заўжды прэрагатыва катаў. Цяпер апошні яго абавязак — трываць з яснаю ўпэўненасцю ў сабе, без ценю страху ці шкадавання. Хай вешаюць.