Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 192 193 194 195 196 197 198 199 200 ... 268
Перейти на страницу:

Маўзер — не прывярэда дурнога сну, ён сапраўды быў у бацькі, былога чырвонага конніка і колішняга паручніка з двума «георгіямі» на грудзях — бацькава фота пасля той вайны ён часта бачыў у прыгожай, з залатымі паўлінамі, мамінай шкатулцы, што стаяла ў спальні. Маўзер быў яго захапленнем, ягонаю дзіцячай марай. Часам, маючы вольны час і добры настрой, бацька вымаў з камода гэтую таямнічую штуковіну і дазваляў сыну хіба што прытрымаць за жоўты драўляны кабур — самому было няўпраўна аднаруч: правая яго рука, параненая на вайне, тады адымалася, і ён усё меней валодаў ёю. Гэта былі радасныя хвіліны, нейкая невымоўная трапяткасць напаўняла хлопца, але на тым яго дапамога і канчалася. Ён мог толькі глядзець, як бацька праціраў пісталет, але ніколі яму не было дазволена нават пагуляць з ім. «Са зброяй і ўзнагародамі гуляць забараняецца», — казаў бацька, і хлопец не ўпарціўся, не пярэчыў. Слова бацькі было законам, дома панаваў ягоны непахісны культ. Зрэшты, гэта і зразумела: бацька яго быў вядомы ў горадзе чалавек, удзельнік і герой Грамадзянскай вайны, які толькі з прычыны калецтва і свайго празмернага гонару, як казала маці, змушаны быў зарабляць на хлеб рамонтам гадзіннікаў.

Варанёны, у драўляным кабуры маўзер быў ягонаю марай, але дарма было прасіць яго таксама і ў маці. Пры сваёй мацярынскай паблажлівасці да сына і яна не адважвалася парушыць бацькавай забароны і толькі здзіўлялася: «Гэта ж імянная татава зброя, хіба можна чапаць?» Ён ведаў, што нельга, але гэтае «нельга» яшчэ болей распальвала яго жаданне авалодаць забароненаю рэччу, нагуляцца з ёю ці хоць разок прыцэліцца, як на сапраўднай вайне.

Аднойчы здарыўся зручны выпадак. Прачнуўшыся неяк уранку, хлопец пачуў глухую цішыню ў доме. Бацькі, напэўна, не было ў ягонай каморцы, адкуль неслася звыклае рознагалоссе двух дзесяткаў гадзіннікаў — нібы цвіркатанне конікаў у лузе. Маці, ён ведаў, пайшла зранку ў царкву — над горадам плыў галасісты перазвон ранішняй службы, і тады Сотнікаў зразумеў, што менавіта цяпер здзейсніць тое, пра што столькі марыў.

Спехам насунуўшы кароценькія, да каленяў, штонікі, пакінуўшы на пасля мыццё і чыстку зубоў, ён хуценька прашмыгнуў у маміну спальню. Запаветная шуфлядка камода была зачынена, але ключык тырчэў у яе дзірцы. Ён павярнуў яго і дрыготкімі ад шчасця рукамі выцягнуў слізкі ад лаку, нечакана цяжкаваты кабур, на драўляным баку якога блішчала знаёмая пласцінка з надпісам, які ён ведаў на памяць: «Чырвонаму камэску А.Сотнікаву ад Рэўваенсавета Каварміі». Першы ж дотык да апраўленай нейкім дарагім дрэвам разьбяной ручкі страхавітай радасцю ўскалыхнуў хлопчыка. Рукі яго ўпэўнена ўправіліся з зашчапкай, і вось ужо ўвесь пісталет туга, але падатна пайшоў з кабура, заблішчаўшы ўсімі сваімі варанёнымі часткамі. Хвалюючае адчуванне зброі ахапіла хлопца, хвіліну ён абмацваў маўзер — пакратаў прыцэл, паспрабаваў адвесці затвор, зазірнуў у ствол. Але самай вялікай асалодай, вядома, было прыцэліцца. Толькі не паспеў ён як след абхапіць рукаятку і пальцам намацаць спуск, як зусім нечакана з-пад ягоных рук кудысь у падлогу аглушальна грымнула стрэлам.

Хвіліну ён стаяў змярцвелы, трываючы востры і няспынны звон у вушах. Ад сцяны адскочыла і пакацілася па падлозе гільза, а пад сталом аднекуль узялася тоўстая, паточаная шашалем шчэпка з чорнай касой адмецінай кулі.

Зразумеўшы, што адбылося, ён знобка ляснуў зубамі, сунуў пісталет у кабур, замкнуў усё ў камод і не мог знайсці сабе месца, пакуль не прыйшла маці. Тая адразу пачула нядобрае ў настроі сына, кінулася да яго з роспытамі, і ён расказаў усё, як было. Вядома, справіцца з такой бядой не магла і маці, яна таксама дужа спалохалася за яго, нават заплакала, чаго раней ніколі з ёй не здаралася, і сказала, што ён павінен шчыра пра ўсё расказаць бацьку.

Адважыцца на тое было нялёгка. Прыблізна ён ужо мог меркаваць, як да таго паставіцца бацька, але іншага выйсця ў яго сапраўды не было. Пакуль набраўся рашучасці, мінула гадзіна ці болей, і, нарэшце, сам не свой ён адчыніў дзверы ў каморку.

Бацька ўжо працаваў. Як заўжды, нізка схіліўшыся над падаконнікам, засяроджана калупаўся ў гадзінніку. Правая яго рука ў чорнай пальчатцы бяссільна ляжала на каленях, а левая спрытна калупала, вінціла, разнімала і складвала розныя маленькія штучкі, з якіх складаўся гадзіннік. На сценах няўлад адзін аднаму матлялі маятнікамі, ляскалі і цікалі два дзесяткі гадзіннікаў — ад танных, размалёваных па цыферблаце ходзікаў да спаважнага, у грувасткім футарале кутавіка з басавітым працяглым боем. Бацька не павярнуўся на яго ўваход, не падняў галавы, але пазнаў сына і зусім не да ладу цяпер запытаўся бадзёрым голасам:

1 ... 192 193 194 195 196 197 198 199 200 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)