Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 191 192 193 194 195 196 197 198 199 ... 221
Перейти на страницу:

— На лінію марш! Жыва!

Чарнаручанка нешта ўмольна кінуў да Гутмана, піхнуў за спіну карабін і, падхапіўшы провад, пабег да балота.

Валошын нядоўга чакаў, усё ўслухоўваючыся ў суцэльны няўрымслівы грукат, з неразумнай упартасцю імкнучыся ўчуць у ім хоць што-небудзь суцяшальнае для батальёна, але нічога ўчуць не мог. Цяпер ужо ўвесь агонь ішоў з боку немцаў, нашы ў ланцугу не стралялі, змоўкла артылерыя, і затаіліся ДШК за балотам, мусіць, падаўленыя гэтым гагатлівым шквалам куль і асколкаў, што абрынуліся на батальён. Разрывы брызантных у небе бязлітасна трэскаліся над раёнам дзевятай, адкуль праз якіх чвэрць гадзіны замест старшага лейтэнанта Кізевіча прыбег краем хмызняку жвавы баец у ватоўцы. Камбат памятаў яго ў твар, але прозвішча цяпер успомніць не мог. Кашляючы ад удушлівай трацілавай гаркаты, што асядала ў балоце, баец выцягнуўся поруч з Валошыным.

— Во запіска ад камроты.

Ён падаў пакамечаны ў бруднай жмені шкумат паперы, на якім без подпісу было накідана рукой Кізевіча: «Наступаць не магу, залёг у балоце. Выбіваюць брызантныя. Фланкіруючыя кулямёты з вышыні „Малой“ не даюць ступіць кроку. Прашу дазволу адысці».

«Час ад часу ўсё не лягчэй, — падумаў Валошын. — Не хапіла брызантных, дык яшчэ і фланкіруючыя».

Прабегшы вачмі запіску, камбат пракрычаў байцу:

— Страты вялікія?

— Га?

— Страты, кажу, вялікія?

— Пэўна, чалавек дваццаць. Вунь як лупасіць зверху. А з фланга кулямёты. Старшы лейтэнант усё лаецца…

Праз хвіліну прыбег і распластаўся побач выкліканы фланга восьмай камандзір узвода Яршоў, спакойны з выгляду чалавек у зялёным бушлаце і запэцканых ватных штанах.

— Якія страты? — запытаў камбат.

— У роце не падлічваў,— аціраючы спатнелы твар, сказаў Яршоў.— Напэўна, чалавек восем. Пагорачак ратуе.

Пагорачак ратаваў восьмую, гэта пэўна, інакш бы яны тут не ляжалі. А вось у дзевятай пагорачка не аказалася, і таму ёй даводзіцца кепска.

Ззаду, няспрытна валюхаючы, да камбата падпоўз ветэрынар і, папраўляючы на галаве шапку, прасіпеў сарваным голасам:

— Што здарылася, камбат? Чаму не паднімаюцца ў атаку?

Камбат паглядзеў на яго абыякавым позіркам — у грымоцці і трэскаце бою ён выразна пачуў кулямётныя чэргі па той бок балота, якія білі па флангу Кізевіча, і з непрыяззю падумаў пра ягоных разведчыкаў. А заадно і пра палкавых, на якіх ноччу з такой упэўненасцю спасылаўся маёр Гунько. Панаразведвалі, называецца. На яго галаву.

— Чаму не паднімаеце роты ў атаку? — настойліва сіпеў ля вуха маёр, усё не выпускаючы з рук невядома для якой патрэбы выняты з кабуры наган, ствол якога быў шчыльна забіты зямлёй.

— Прачысціце зброю, — холадна сказаў Валошын. — А то разарве ствол.

Ветэрынар, спахапіўшыся, пачаў выбіваць са ствала зямлю, а Валошын з яшчэ большай, чым раней, злосцю падумаў, што такія вось уедлівыя правяральшчыкі — куды большае зло, чым тыя, хто, слаба разумеючы ў справе, не вельмі і рвуцца ў яе, трымаючыся бліжэй да зямлянкі, дзе трохі бяспечней, чымся ў гэтым пекле.

Ён чакаў лейтэнанта Самохіна, якога ўсё не было, і ён пачаў сумнявацца, ці перададзены яму яго выклік, ці не застаўся дзе на дарозе пасыльны. Сувязі таксама не было. Гутман трымаў ля вуха тэлефонную трубку і ўсё дзьмуў у яе, але лінія, відаць, маўчала.

Калі з хмызняку ззаду з’явіўся лейтэнант Круглоў са споўзшай набок спражкай дзягі і без ценю звычайнага дабрадушша на ўзрушаным твары, камбат зразумеў, што становішча дзевятай на самай справе крытычнае. Камсорг размашыста рухнуў злева ад яго, выцер рукавом потны ў пыле і гары твар.

— Камбат, ратуйце дзевятую! Праз паўгадзіны ўсю выб’е.

— Кізевіч жывы?

— Жывы пакуль што. Але страты вялікія. Галоўнае — гэта шрапнель. Ды і кулямёты справа. Спярша трэба браць тую вышыню, за балотам. Інакш дрэнь справа, задарма пакладзеце людзей, — нервова загаварыў камсорг.

Камбат, падумаўшы, азірнуўся на Гутмана.

— Як сувязь?

Гутман замест адказу развёў рукамі.

— Ракетніцу! — патрабаваў камбат.

Ён выхапіў з рук ардынарца ракетніцу, лежачы, паварушыў у кішэні, выняў белы з чырвонай галоўкай патрон.

— Што ж, будзем лічыць, фокус не ўдаўся. Фокуснічкі!..

I, падняўшы руку, паслаў у дымнае ад выбухаў неба імклівы агеньчык чырвонай ракеты.

Роты па-пластунску і перабежкамі пачалі адыход за балота.

16

Ён разумеў, на што ішоў, і ведаў, як гэты яго адыход будзе ўспрыняты камандзірам палка. Але ён іначай не мог. Ён не мог паднімаць батальён пад такім агнём з вышыні — гэта было б свядомым яго знішчэннем. Роты, зрэзаныя кулямётным шквалам, назаўжды б засталіся на яе мёрзлых схілах, з кім бы тады ён вярнуўся на свой КП? Вярнуцца аднаму са жменькай упраўлення ён бы не здолеў, значыць, і ён павінен быў бы застацца на гэтай праклятай вышыні. Але гінуць ён яшчэ не збіраўся, ён хацеў ваяваць, каб паквітацца з немцамі.

1 ... 191 192 193 194 195 196 197 198 199 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)