Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза 20 века » Цені забытых продкаў
Цені забытых продкаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Цені забытых продкаў

Электронная книга - «Цені забытых продкаў». Краткое содержание книги:

Незвычайны лірызм таленту Кацюбінскага пранізвае ўсе яго творы і асабліва ярка выступае ў аповесці «Цені забытых продкаў» (1911). Аповесць яскрава перадае жыццё ўкраінска-карпацкага племені гуцулаў. Асабістыя назіранні пісьменніка над жыццём гэтага племені і сабраны ім этнаграфічны матэрыял паслужылі нагодай для стварэння вельмі каларытнага, стылізаванага пад паэтычны гуцульскі «сказ» твора. На фоне карцін гуцульскага побыту, пераплятаючы казачнае з сапраўдным, рэальнае з фантастычным, Кацюбінскі паказвае на ўзоры дзвюх процілеглых натур два пачаткі ў развіцці жыцця: Іван Палійчук, які выхаваны і сфармаваўся пад вырашальным уплывам прыроды ва ўмовах старых традыцый — натура шчырая, паэтычная, што пакорліва прыстасоўваецца да сіл прыроды, і таму адчувае ўсе яе хароствы і таямніцы. Ён у гэтым жыцці няшчасны. Яго нявесту Марычку, такую ж паэтычную натуру, выносіць горная рака. Жаніўшыся на багатай гаспадыні Палагне, Іван тужыць, марыць і чэзне, набліжаючыся да трагічнай смерці. Тым часам яго сусед Юра — поўная супрацьлегласць яму. Ён валодае грубай сілай, казачнымі сакрэтамі чарадзея, праз якія ўмацоўвае сваю гаспадарку і вядзе актыўнае змаганне з прыродай як з варожай яму сілай. Ён спакушае жонку Івана Палагну; ён заўсёды перамагае, уносячы ў жыццё пачатак грубай актыўнай сілы. Простая паэтычная натура — Іван Палійчук — гіне. У пісьменніка сумнае, трохі песімістычнае пачуццё ад таго, што яму даводзіцца канстатаваць перамогу грубай сілы ў жыцці. Грубая, сурова-фантастычная казка як бы робіцца рэчаіснасцю, а простая паэтычная непасрэднасць — легендай. Такая асноўная канцэпцыя аповесці, напісанай напярэдадні смерці Кацюбінскага, калі здароўе яго было ўжо моцна падточана хваробай, што не магло не ўнесці песімістычных нотак у гэту аповесць. Над гэтым творам, напісаным хутчэй у рамантыка-сімвалічных, чым у імпрэсіянісцкіх тонах, Кацюбінскі доўга працаваў. Глыбокае, працяглае аздабленне твораў увогуле было вельмі характэрна для Кацюбінскага. Ён прад’яўляў да сябе як пісьменніку вялікія патрабаванні. «„Пачуццё незадаволенасці сабой у мяне вельмі развіта, казаў неаднойчы Кацюбінскі» — расказвае ў сваіх успамінах пра яго М. Горкі. Не раз здаралася, што яго твор ужо набіраўся, а ён усё яшчэ пасылаў тыя ці іншыя змены тэксту, што адносяцца да стылю, да асобных фраз, слоў. Гэтым тлумачыцца незвычайнасць кампазіцыі яго твораў, сіметрыя іх асобных частак. У творчасці сваім Кацюбінскі шырока скарыстаў сімволіку народнай мовы. Міхайла Кацюбінскі увайшоў ва ўкраінскую літаратуру як адзін з лепшых стылістаў, майстроў украінскай прозы.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23
Перейти на страницу:

— Ха-ха! — смяяліся абое, прытуліўшыся адно да аднаго.

Яна прыгадала яму ўсе іхнія дзіцячыя забавы, халодныя купанні ў ручаях, жарты і песні, страхі і пацехі, гарачыя абдымкі і мукі ростані. Усе тыя мілыя дробязі, якія грэлі ім сэрцы.

— Чаму ты так доўга не вяртаўся з паланіны, Іванка? Што так доўга там рабіў?

Іванку карцела ёй расказаць, як голасам Марычкі клікала яго ў паланіны лясная русалка, але ён абмінуў той успамін. Свядомасць яго дваілася. Адчуваў, што каля яго Марычка, і ведаў, што Марычкі няма на свеце, што гэта нехта іншы вядзе яго ў бездань, на дзікія вяршыні, каб там загубіць. Аднак жа яму было добра, ён ішоў за яе смехам, за яе дзявочым шчабятаннем, не баючыся нічога, лёгкі і шчаслівы, як і некалі.

Усе ягоныя клопаты і турботы, страх смерці, Палагна, варожы знахар — усё кудысьці знікла, усё адляцела, нібы ніколі нічога такога і не было. Бесклапотная маладосць і радасць зноў вадзілі яго па гэтых бязлюдных вяршынях, такіх мёртвых і самотных, што нават лясны шэпт не мог утрымацца там і сплываў у даліну шумам патокаў.

— А я цябе ўсё выглядала і ўсё чакала, калі з паланіны вернешся. Не ела, не спала, каламыйкі пагубляла, свет нямілы стаў… Пакуль мы любіліся, сухія дубы цвілі ўсе, а як перасталі, сырыя павялі…

— Не кажы такога, Марычка, не кажы, любая… Цяпер мы ўжо разам і давеку не разлучымся…

— Давеку? Ха-ха…

Іван уздрыгнуў і спыніўся. Сухі злавесны смех разануў яму па сэрцы. Недаверліва зірнуў на яе.

— Смяешся, Марычка?

— Што ты, Іванка! Я не смяялася. Гэта табе прычулася. Ты ўжо прыстаў? Табе цяжка ісці? Хадзем яшчэ трошкі. Хадзем!..

Яна прасіла — і ён пайшоў далей, моцна прытуліўшыся плячом да пляча, з адным жаданнем — ісці так, каб не астацца ззаду і не пабачыць, што ў Марычкі замест адзежы, замест спіны… Э, што там… не хацеў думаць.

Лес усё гусцеў. Прэлы дух гнілых пнёў, пах ляснога могільніку патыхаў на іх з гушчыні, дзе трухлелі мёртвыя елкі і гнездзіліся воўчыя грыбы — бледныя паганкі і мухаморы. Вялікія камяні халадзелі пад слізкім мохам, голыя яловыя карані запляталі сцежкі, укрытыя слоем шыльніку.

Яны ішлі далей і далей, забіраліся ў халодную і непрыветную глыбіню лясістых вяршынь.

Прыйшлі на палянку. Тут было трохі святлей, яліны быццам замкнулі за сабою чарнату глыбокай ночы.

Раптам Марычка ўздрыганулася і стала. Выцягнула шыю і прыслухалася. Іван заўважыў, як трывога слізганула па яе твары, звяла яе бровы. Што сталася? Але Марычка нецярпліва спыніла яго пытанне, паклала палец на губы, каб маўчаў, і тут жа знікла. Усё сталася так неспадзеўна і дзіўна, што Іван не паспеў апамятацца.

Чаго яна напалохалася, куды і нашто ўцякла? Ён пастаяў крыху на месцы, спадзеючыся, што Марычка падыдзе зараз, але калі яе доўга не было, ён ціха паклікаў:

— Марычка!..

Мяккае покрыва яловага галля праглынула той покліч, і зноў стала ціха.

Іван затрывожыўся. Хацеў шукаць Марычку, але не ведаў, у які бок ісці, бо не прыкмеціў, куды яна знікла. Яшчэ гатова заблудзіцца дзе-небудзь у лесе або сарвацца ў прорву. Ці не раскласці вогнішча? Убачыць агонь і будзе ведаць, куды вярнуцца.

Іван накідаў сухога галля і падпаліў. Агонь патрашчаў крыху спадыспаду і пагнаў дым. А калі дым замітусіўся над агнём, загойсалі цені каструбаватых ялін і ажывілі палянку.

Іван сеў на пянёк і агледзеўся. Уся паляна была завалена трухлявымі пнямі, калючаю сеткаю вострых сукоў, між якіх шчаміўся дзікі маліннік. Ніжнія яловыя лапкі, тонкія і пасохлыя, звісалі долу, як рудая барада.

Туга зноў ахапіла Івана. Ён зноў быў адзін. Марычка не ішла. Закурыў люльку і ўглядаўся ў агонь, каб хоць чым-небудзь скараціць чаканне. Мусіла ж нарэшце прыйсці Марычка! Яму нават здавалася, што ён чуе яе хаду і трэск галінак пад нагамі. О! Нарэшце яна… Хацеў устаць і пайсці ёй насустрач, але не паспеў.

Сухое голле рассунулася ціха, і з лесу выйшаў нейкі чалавек.

Ён быў неадзеты. Мяккае цёмнае валоссе ўкрывала ўсё яго цела, акаймоўвала круглыя і добрыя вочы, закліньвалася на барадзе і звісала на грудзях. Ён склаў на вялікім жываце зарослыя рукі і падышоў да Івана.

Тады Іван адразу яго пазнаў. Гэта быў вясёлы чугайстыр, добры лясны дух, што бароніць людзей ад мавак. Ён быў смерцю для іх: зловіць і раздзярэ.

Чугайстыр дабрадушна ўсміхнуўся, хітравата падміргнуў і папытаў у Івана:

— Куды пабегла?

— Хто?

— Маўка.

«Гэта ён пра Марычку, — са страхам падумаў Іван, і сэрца моцна затахкала ў яго ў грудзях. — Вось чаму яна знікла!..»

— Не ведаю… Не бачыў, — абыякава адказаў Іван і запрасіў чугайстыра: — Сядайце.

Чугайстыр сеў на пянёк, атрос з сябе сухое лісце і выцягнуў ногі да агню.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)