Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза 20 века » Цені забытых продкаў
Цені забытых продкаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Цені забытых продкаў

Электронная книга - «Цені забытых продкаў». Краткое содержание книги:

Незвычайны лірызм таленту Кацюбінскага пранізвае ўсе яго творы і асабліва ярка выступае ў аповесці «Цені забытых продкаў» (1911). Аповесць яскрава перадае жыццё ўкраінска-карпацкага племені гуцулаў. Асабістыя назіранні пісьменніка над жыццём гэтага племені і сабраны ім этнаграфічны матэрыял паслужылі нагодай для стварэння вельмі каларытнага, стылізаванага пад паэтычны гуцульскі «сказ» твора. На фоне карцін гуцульскага побыту, пераплятаючы казачнае з сапраўдным, рэальнае з фантастычным, Кацюбінскі паказвае на ўзоры дзвюх процілеглых натур два пачаткі ў развіцці жыцця: Іван Палійчук, які выхаваны і сфармаваўся пад вырашальным уплывам прыроды ва ўмовах старых традыцый — натура шчырая, паэтычная, што пакорліва прыстасоўваецца да сіл прыроды, і таму адчувае ўсе яе хароствы і таямніцы. Ён у гэтым жыцці няшчасны. Яго нявесту Марычку, такую ж паэтычную натуру, выносіць горная рака. Жаніўшыся на багатай гаспадыні Палагне, Іван тужыць, марыць і чэзне, набліжаючыся да трагічнай смерці. Тым часам яго сусед Юра — поўная супрацьлегласць яму. Ён валодае грубай сілай, казачнымі сакрэтамі чарадзея, праз якія ўмацоўвае сваю гаспадарку і вядзе актыўнае змаганне з прыродай як з варожай яму сілай. Ён спакушае жонку Івана Палагну; ён заўсёды перамагае, уносячы ў жыццё пачатак грубай актыўнай сілы. Простая паэтычная натура — Іван Палійчук — гіне. У пісьменніка сумнае, трохі песімістычнае пачуццё ад таго, што яму даводзіцца канстатаваць перамогу грубай сілы ў жыцці. Грубая, сурова-фантастычная казка як бы робіцца рэчаіснасцю, а простая паэтычная непасрэднасць — легендай. Такая асноўная канцэпцыя аповесці, напісанай напярэдадні смерці Кацюбінскага, калі здароўе яго было ўжо моцна падточана хваробай, што не магло не ўнесці песімістычных нотак у гэту аповесць. Над гэтым творам, напісаным хутчэй у рамантыка-сімвалічных, чым у імпрэсіянісцкіх тонах, Кацюбінскі доўга працаваў. Глыбокае, працяглае аздабленне твораў увогуле было вельмі характэрна для Кацюбінскага. Ён прад’яўляў да сябе як пісьменніку вялікія патрабаванні. «„Пачуццё незадаволенасці сабой у мяне вельмі развіта, казаў неаднойчы Кацюбінскі» — расказвае ў сваіх успамінах пра яго М. Горкі. Не раз здаралася, што яго твор ужо набіраўся, а ён усё яшчэ пасылаў тыя ці іншыя змены тэксту, што адносяцца да стылю, да асобных фраз, слоў. Гэтым тлумачыцца незвычайнасць кампазіцыі яго твораў, сіметрыя іх асобных частак. У творчасці сваім Кацюбінскі шырока скарыстаў сімволіку народнай мовы. Міхайла Кацюбінскі увайшоў ва ўкраінскую літаратуру як адзін з лепшых стылістаў, майстроў украінскай прозы.
1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 23
Перейти на страницу:

— Стой!..

І хмара раптам спынілася. Падняла здзіўлена край, абаперлася, як конь на заднія ногі, заклекатала ўнутраным гневам, адчаем бяссілля і ўжо прасіла:

— Пусці! Дзе я падзенуся?

— Не пушчу!

— Пусці, бо гінем! — малілі жаласна душы, згінаючыся пад цяжарам перапоўненых градам мяшкоў.

— Ага! Цяпер ты просіш!.. Я цябе заклінаю: ідзі ў невядомасць, у прорву, куды коні не даржуць, каровы не дарыкаюць, авечкі не дабляюць, вораны не даляцяць, дзе хрысціянскага голасу не чуваць… Тады адпускаю цябе…

І — дзіўная рэч — хмара скарылася, пакорліва павярнула налева і развязала мяшкі над ракою, засыпаючы густым градам жвірысты бераг. Белая заслона закрыла горы, а ў глыбокай даліне штосьці клекатала, ламалася і глуха шумела. Юра ўпаў на зямлю і цяжка дыхаў.

А калі сонца прадрала хмару і мокрыя травы ўраз усміхнуліся, Юра нібы ў сне ўбачыў, што да яго бяжыць Палагна. Яна ззяла ўся прыветна, як сонца, калі нагнулася над ім з клопатным пытаннем:

— Ці з табой, Юрачка, не сталася чаго ліхога?

— Нічога, любая Палагначка, нічога… Сюды! Я адагнаў буру…

І працягнуў рукі да яе…

Так Палагна стала Юравай палюбоўніцай.

* * *

Іван дзівіўся з Палагны. Яна і раней любіла пышна адзявацца, а цяпер быццам нешта найшло на яе: нават у будзень насіла шаўковыя хусткі, дарагія і мудра расквечаныя, надзявала бліскучыя, каніцеллю тканыя панёвы, а цяжкія пацеркі са срэбных манет гнулі ёй шыю.

Часам знікала з дому і вярталася позна, чырвоная, раскудлачаная, нібыта п’яная.

— Дзе ты ўсё валочышся? — злаваўся Іван. — Глядзі, гаспадыня!

Але Палагна толькі смяялася.

— О-ёй! To ўжо мне і пагуляць няможна?.. Я хачу здаволіцца! Адзін раз жывём на свеце!..

Што праўда, то праўда, жыццё наша кароткае — блісне ды і згасне. Іван і сам так думаў, але ж Палагна занадта зарывалася. Штодня яна запівалася ў карчме з Юрам, знахаром-ведзьмаром, прылюдна цалавалася і абнімалася з ім, не хаваючыся нават, што мае палюбоўніка. Хіба яна першая! Спрадвеку не было такога, каб толькі аднаго трымацца.

Усе гаварылі пра Палагну і Юру, чуў і Іван, але ўспрымаў усё абыякава. Знахар дык знахар. Палагна цвіла і весялілася, а Іван нудзіўся і сох, трацячы сілу. Ён сам здзіўляўся з той перамены. Што сталася з ім? Сілы пакідалі яго, вочы, нейкія разгубленыя і вадзяністыя, глыбока запалі, жыццё страціла смак. Нават жывёла не давала колішняй уцехі. Ці яму падрабілі што, ці хто ўрок? Не меў да Палагны жалю, нават крыўды не чуў у сэрцы, хоць біўся за яе з Юрам. Не са злосці, а для прыліку, калі людзі звялі. Калі б не Сямён, яго пабрацім, што заступіўся за Івана, можа б, нічога і не было. А то, сустрэўшыся аднаго разу ў карчме, Сямён садануў Юру ў твар.

— Ах ты, гультай, ты што да Палагны прыстаеш, не маеш сваёй жонкі?

Тады Івану сорамна стала. Ён скочыў да Юры:

— Глядзі за сваёй Гафіяй, а маёй не руш! — і замахаў тапарком у Юры перад самым носам.

— Ты купіў яе на рынку? — ускіпеў Юра.

Яго тапарок таксама мільгаў перад Іванавымі вачыма.

— Каб цябе пранцы паелі!..

— Бандзіта кавалак!..

— На, бяры заробленае!

Іван выцяў першы, проста ў лоб. Але Юра, умываючыся крывёй, паспеў секануць Івана паміж вачэй. Аслеплі абодва ад хвалі гарачай крыві, што залівала ім вочы, а ўсё ж красалі тапарком аб тапарок, усё цэлілі адзін аднаму ў грудзі. Яны танцавалі смяротны танец, гэтыя чырвоныя маскі, з якіх паравала гарачая кроў. У Юры была ўжо скалечаная рука, але ўдалым ударам ён раптам зламаў папалам Іванаў тапарок. Іван сагнуўся, чакаючы смерці, ды Юра на бягу ўгаманіў сваю лютасць і прыгожым, велічным рухам адкінуў убок свой тапарок.

— На безаружнага з тапарком не іду!..

Тады яны схапіліся загрудкі.

Іх ледзь разбаранілі.

Ну што ж, Іван абмыў свае раны, пафарбаваўшы Чарамош крывёй, дый пайшоў да авечак. Там знайшоў свой спачынак і ўцеху.

Аднак бойка не памагла. Усё асталося, як і было.

Гэтаксама Палагна не трымалася хаты, гэтаксама марнеў Іван. Асталіся ад яго скура ды косці, вочы запалі яшчэ глыбей, яго трэсла ліхаманка, ён стаў раздражнёны і неспакойны. Ён нават страціў ахвоту да ежы.

«Не інакш як знахарскія штучкі, — горка думаў Іван, — на маё жыццё замахнуўся, хоча са свету звесці, дык і сушыць…»

Ён хадзіў да варажбіткі, тая адварожвала — не памагло: відаць, знахар мацнейшы.

Іван нават упэўніўся ў гэтым. Праходзячы неяк паўз Юраву хату, ён пачуў Палагнін голас. Няўжо яна? Яму заняло дыханне.

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)