Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Гэтае дрэва з роднай борцю і падвяло Мар'яна. Снарад трапіў праменька ў борць, як навёў яго хто ці сядзелі там вельмі ўжо грэшныя пчолы, разнёс у пух і прах борць, як брытвай зрэзаў хвою. Вершаліна яе высока-высока ўзнялася ў неба, і гэтая хвоя-палятуха з расшчэпленым ствалом — апошняе, што бачыў Мар'ян. Задраўшы ў неба галаву, ён ужо ўпаў на дно акопчыка, а хвоя ўсё працягвала ляцець, укручваючыся кронаю ў самае сонца, смецячы зялёнаю гліцаю і шышкамі, трэскамі, пчалінай перхаццю; самі пчолы, таму што былі божымі дзецьмі, адразу адышлі, пэўна, у рай. Туды ж следам за імі, наўздагон хвоі, што так марудна ляцела па небе, скіраваўся і Мар'ян. Ён таксама, здаецца, адарваўся ад зямлі, ужо даганяў хвою, пацягнуўся за шышкаю, што расла на хвоі, але гэтая шышка ляжала на пяску ў акопчыку. I Мар'ян скроб пальцамі пясок, не выпускаючы з вачэй хвою, што ўсё яшчэ лунала ў небе, падгроб да сябе шышку, якая сыходзіла жывіцай, заціснуў яе ў кулаку і супакоіўся. Гэтая шышка ў знямелай руцэ і вывела яго з небыцця, ён паспрабаваў збавіцца ад яе, расціснуць пальцы і не здолеў, здзівіўся ліпкасці жывіцы, вось да чаго клейкая, і пальцам варухнуць немагчыма, добра памятаў, што падаў на спіну, але цяпер ляжаў чамусьці ніцма, на жываце, і не было дыхання.
Увогуле дыхаў, але неяк апалавінела, удыхаў толькі, а на выдых сілы ўжо не было. Хапаў, як адломваў, паветра носам і ротам, а выдыхнуць не мог, цела было падобна на дзіравы кавальскі мех, як ні накачваў яго амаль што да сёмага поту, а з зевані на вугельчыкі, што ледзь тлеюць, ні ветрыку, шып ды хрып, вужыны посвіст з усіх бакоў, і сам ён ляжаў на зямлі як зморшчаны, зліплы кавальскі мех, не мог утрымаць сябе на жываце, расплёхваўся, расцякаўся целам на пяску, што цеста, сплываў крывёю. Паветра, якім ён насычаў лёгкія, выструменьвалася вонку разам з крывёю дзесь пад лапаткаю. Мар'ян адарваў сябе ад зямлі і паціху ўстаў, цела слухалася яго, хаця і было бязважкім, кружылася галава. Яго здзівіла штучная нейкая, нязвыклая цішыня, а кулямёт жа страляў, тузаўся, курчыўся каля яго кулямётчык, сутаргава крывіўся і нешта крычаў, зявіў рот баец, імя яго Мар'ян не ведаў ці забыў, таму што ён прыйшоў у аддзяленне гэтай вось ноччу. Кулямёт замоўк, баец перастаў курчыцца, пацягнуўся да гранат. Мар'ян, адчуваючы, як разам з перахопленым дыханнем выцякае з яго цела і жыццё, схапіў аўтамат, выкінуўся з акопчыка на бруствер. Але баец сханіў яго за нагу і ўцягнуў зноў у акопчык.
— Куды ты, маць тваю...— не пачуў, а счытаў ён з губ байца.
— А, усё роўна паміраць, дык хоць аднаго гітлера накладу.— Свайго голасу ён таксама не чуў, абмяк, аслабеў, але зноў з нейкай зацятай упартасцю і абыякавасцю да свайго жыцця пачаў выдзірацца з акопчыка, няспрытна, нялоўка. Мар'ян адчуў, як нямее, мярцвее цела, наліваецца холадам. Ён папрасіў вады: няма крыві, дык хай будзе хоць вада ў целе. Баец страсянуў біклагі, што ляжалі ў яго пад нагамі ў акопчыку, і паляпаў рукою па кулямёце, маўляў, ён усё выжлукціў, не крыўдуй, я не вінаваты.
...Мар'ян адарваўся ад хвоі, што п'яным пахам жывіцы так затлуміла галаву: бядуй не бядуй, а трэба жыць, трэба рухацца. Мо яшчэ сёння вечарам ці ноччу, калі пашанцуе, то і дабрыдзе да сваёй вёскі.
— Ну, бывай, родная, расці, яшчэ спатрэбішся, калі не мне, дык майму зайчыку,— крануў асколкі, што захраслі ў дрэве, сядзелі так глыбока, трывала, як і той, што насіў ён у сабе, у сваіх лёгкіх. У медсанбат яго прывезлі без крывінкі ў твары, ды і ў целе, пэўна. Прывезлі, каб на наступны дзень пахаваць у брацкай магіле. Пазней сёстры яму гаварылі: ніхто не верыў, што ён будзе жыць.
А ён яшчэ здолеў памыцца пад дожджыкам-душам: класціся ў магілу нямытым таксама ж нядобра, хоць твар, ды спаласнуў. Куды цяжэй было прымусіць знаўцоўскую кроў прыняць кроў чужую. Але ўсё пераадолеў, вось толькі вывергнуць чужое жалеза з свайго цела не атрымалася. З рукі і пляча выцягнулі, а лезці ў лёгкія, рабіць аперацыю ўрачы не наважыліся. Спрабавалі дастаць магнітам. Тройчы ўкладвалі на стол, уключалі той магніт, і кожны раз адзін і той жа вынік — уздымалася ў неба хвоя, і ён траціў прытомнасць.
— Добра, жыві са сталлю,— дазволіў хірург.— I ў сэрцы пламенны матор.
— Доўга так пражыву? — ціха спытаў ён у хірурга.
— Доўга. Пакуль не памрэш. Збірай транты. А руку распрацоўвай. Зляпілі мы яе табе, не будзеш насіцца,што з лялькай, абдымеш яшчэ і бабу.