Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
А калі раптам не? Калі залёг вось тут, за каменем? Ці там? А можа, там, дзе яго зусім і не чакаюць?
Загорскі спыніўся, уражаны раптоўным холадам. Ён яшчэ ніколі не бачыў такіх лагчын. Спадзістая, як начоўкі, уся шэрая ад верасу. Бурае неба бяжыць над галавой. Камяні, стойма, сышліся ў кола, на самым дне, як людзі, мяркуючы аб нечым. Ледзяная, жудасная самота вакол.
Калі не патрапіш – пасодзяць у клетку на ўвесь тэрмін. Алесь бачыў аднаго такога ўкушанага ў Тосне, амаль пад Пецярбургам. Сядзеў здаровы, поўны жыцця чалавек, дзікавата глядзеў на людзей і чакаў. Поўны жыцця. Здзек гэта, вось што. Калі ён, Алесь, не патрапіць – ён не дазволіць пасадзіць сябе ў клетку. Даб'е ваўка, што б там ні было, а потым папросіць Мсціслава аб апошняй паслузе, якую можа зрабіць друг.
Гэтая думка надала яму сілы, і ён пайшоў наперад. Глухая застаялася цішыня стаяла ў яміне. Толькі гучалі крокі ды звінеў пад ветрам сухі верас. Сам-насам з небам і верасам, у жаху за сябе і чамусьці за ваўка таксама, бо яны былі аднолькава самотныя, Алесь ішоў.
І раптам – убачыў.
Неасцярожна варухнуўся верас за адным каменем.
Чалавек стаў. Звінела цішыня. І ў гэтай цішыні зусім з другога боку даляцеў рэзкі жаласны гук:
– Кек, – і потым двойчы: – Кек-кек.
І, нібы ў адказ, застагнала:
– Ту-і-ту. Ту-і-ту.
Гэта было так дзіка ў злавеснай цішыні, што Алесь не адразу зразумеў: крычала камышніца, вадзяная курачка, і адказваў ёй недзе ў шлюбным палёце кулік-вераценнік. А калі зразумеў – раз'ятрыўся. Гэтая хвіліна непаразумення і адцягнутай увагі магла каштаваць яму ўсяго на зямлі. І ён зноў зірнуў на камень, зрабіўшы крок са сцежкі. Воўк поўз на яго, поўз значна бліжэй каменя. І стаячыя камяні моўчкі глядзелі на яго, а ён глядзеў на Алеся. Пільна, і дзіка, і шалёна. Вочы ў вочы. Так, як ніколі не глядзіць нармальны звер.
Алесь павольна пачаў падымаць ствалы. Звінела цішыня. Змясціўся час. Можа, гэта Ваўкалака ішоў на ваўка-людаеда, а можа, і ён, Алесь, хто ведае?
І пярун разарваў цішыню.
Трохі пазней, чым трэба, бо вобарацень ужо кінуўся. Заднія ногі ў яго былі ўжо звязаныя няўмольнымі ланцугамі шалёнства, ён не валодаў імі, як трэба, і бег больш павольна, чым бег бы здаровы.
Другі пярун нібы ўзняў яго ў паветра, і ён, звіўшыся клубком, пакаціўся, ляскаючы зубамі, кусаючы траву і сябе. Па жоўтых клыках – Алесь з жахлівай яснасцю бачыў гэта, – па набітай між іх зямлі сцякалі струменьчыкі сліны.
– Ар-ар-ар-ар, ар-ар-ар-ар!
Ён каціўся, набліжаючыся да чалавека. Алесь ліхаманкава загнаў трэці жакан, бо запоўніць другі ствол не хапала часу.
І тут Алма, трохі рахманая і не вельмі рашучая, як усе спаніэлі, раптам кінулася да ваўка, і, забіваючы поўсцю зяпу, схапіла яго за палена. Воўк клацнуў зубамі – на шчасце, міма яе, – і яна адскочыла, пачала "абтанцоўваць" яго.
Гэта не было смешна. Часам нават дзве гончыя скачуць вось так, ля гэткага волата. А гэты яшчэ быў шалёны. І Алесь, атрымаўшы патрэбную хвіліну, адчуваючы, што ён не даруе сабе, калі з сабакам нешта здарыцца, зноў націснуў курок.
Галава ваўка тарганулася і ўпала на верас. Трыма хвілінамі пазней ягоныя сківіцы толькі слаба самкнуліся на сталі ствалоў.
Увесь абмяклы, нібы з яго вынялі косці, Алесь агледзеў сабаку. Старанна, нібы блох шукаў. Ва ўсякім разе, так магло здасца старонняму гледачу. Драпін не было. І тады, усё яшчэ дрыжучы над дрыжачым сабакам, зразумеў са страшнай палёгкай, што гэта ўсё, усё. Зразумеў, што ён перамог нешта такое, пасля чаго ён ніколі, ніколі не будзе баяцца, бо страшнейшага не было, і не будзе, і не можа быць у жыцці. Зразумеў, што ён перамог і сябе, і нават жах сабакі. Зразумеў, што там, дзе трэба, ён перамог і абет, дадзены маці ў яе смяротны час.
Мужык, праўдзівей малады хлопец, калаціўся ад жаху, седзячы на кукішках перад Алесем. Белы-белы. Белы, як палатно на траве ля крыніцы. Рот крывіўся ў чаканні немінучага. Зрэнкі былі з прасяное зернетка, з галоўкі шпількі.
– Не магу! Не магу! Дабіце! Дабіце! – хрыпла прасіў ён.
Загоршчынцы гурміліся вакол яго і войкалі.
– Дзе ён цябе? – спытаў Алесь.
Хлопец працягнуў руку. Левую. На мякаці вялікага пальца чырванела дзёртая рана, падобная на чырвоны рот. І Загорскі зразумеў, што гэта, здаецца, усё.
– Хіба руку адсячы, – сказаў нехта.
Людзі, што стаялі ля вясковай кузні, змоўклі. Потым каваль, запэцканы да апошняга, як арап, Рыгор Лунь пахітаў галавою:
– Што за мужык без рукі?
І раптам з ярасцю ўдарыў нагою ваўка па галаве. Ляснулі мёртвыя сківіцы. Звер жоўта глядзеў на людзей, што ўсё яшчэ не рызыкавалі набліжацца да яго.
– Руку не трэба, – сказаў хлопец. – Калі ўжо так, то дабіце лепей. Дабіце мяне, пане.
У гэтым была такая безнадзейнасць, што ў Загорскага як нешта перавараціла ўнутры. Нельга было прымірыцца з гэтым. Няўжо ніхто нічога не зробіць?
Ён абводзіў вачыма людзей, і тыя хавалі вочы. А ў хлопца ўжо цяпер быў выгляд вар'ята. І ў той жа час ён не верыў. Не верыў, што гэта так нечакана, што вось быў ён жывы, а цяпер неадвяртальна, непапраўна мёртвы і чужы ўсім людзям. Нават горш чым мёртвы. Горш чым чужы.
Алесь глядзеў у вочы Луню. Ён вырашыў. Нельга было так, нічога не зрабіўшы, аддаць чалавека смерці. І Загорскі павёў вачыма ў бок кузні. Лунь зразумеў, непрыкметна знік.
– Хлопча, – сказаў Алесь.
Той не чуў. Ужо на тым свеце, ужо аддзелены ад іншых ледзяным мурам. Алесь крэкнуў. Нікуды не варта гэта было, вось што. І ён штурхануў хлопца:
– Распранайся.
Той паводзіў непаразумелымі вачыма.
– Ну, – сказаў Алесь.
– Н-нашто?
– Жыць хочаш?
Укушаны ўсё яшчэ не прытомнеў.
– Хочаш жыць?
І тут нешта нібы засвяцілася ў каламутных вачах. Нясмелае, спалоханае сваёй нечаканай верай і, аднак, ужо безумоўна веручае.
Гэта было… як неба.
– Пане?… Пане?…
Алесь падавіў нешта сухое ў глотцы. Усё, усё трэба было зрабіць, абы надзея… Абы толькі на хвіліну надзея… Не даць… Вырваць…
Гэты чужы, зусім чужы для яго чалавек раптам, на хвіліну, стаў яму даражэйшы і Мсціслава, і Кастуся, і самога сябе… "Агульнае з табой няшчасце жыць" – успомніў ён… Ах, якая, якая гэта была лухта!… І гэтыя саслабелыя ад раптоўнай надзеі рукі, што расшпільваюць вопратку.
Адчуваючы, што яго нешта душыць, Алесь сказаў:
– Транты – праварыць. Ды заадно і ствалы маёй стрэльбы. У крутым вары. Ну – хоць бы ты. Рукамі сам не чапай.
– А вы, пане?
– Я сваё – удома. Ды на мяне сліна і не трапіла.
Невымоўнае захапленне раптам заліло ўсю ягоную істоту. Укушаны стаяў перад ім, белы, як смятана, і глядзеў з надзеяй і верай і неймаверным шчасцем – аж ззялі вільготныя вочы: паверыў у моц другога. А за спіной ягонай, у дзвярах кузні, у горне, ужо зіхацеў пад частымі лятучымі іскрамі кавалак жалеза. Наліваўся паступова. Мацнеў.
– Не бойся жалеза, – сказаў Алесь. – Ты не бойся… брат. Ты ж хочаш жыць.
Моўчкі хіталася галава.
– І будзеш жыць… Абавязкова… Абавязкова, брат.
Ён апускаў паляўнічы кінжал у прынесены вар і паглыбляў укус, рэзаў яго, стараючыся не зачапіць жылы. І кроў – спачатку кроплямі, а потым струменьчыкам сплывала на зямлю.
– Пацярпі, – маліў Алесь.
Гэтая чужая незагарэлая плоць была зараз даражэйшай за сваю. І як некалькі хвілін таму Алесь хацеў кінуць ваўка ягонаму лёсу – так цяпер ён, калі б толькі яму сказалі, што гэты чужы будзе жыць, высмактаў бы кроў з ягонай раны.
– Цярпі, цярпі, калі ласка.
Лунь з'явіўся ў дзвярах з жалезам, заціснутым у абцугі. Звычайная нарыхтоўка на распорку нарога. Толькі вішнёвая, з залатымі бліскаўкамі, што бегалі па ёй.
– Патрымайце чалавека, – сказаў Алесь.