Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 181 182 183 184 185 186 187 188 189 ... 192
Перейти на страницу:

На хвіліну яму стала балюча. Ён успомніў словы Корчака і падумаў, што за пагарду продкаў да народа, за пагарду адукаваных да народа – каб не давялося плаціць дзецям, якія любяць гэты народ. Але тут жа падумаў, што пастараецца, каб Корчак, калі звядзе іх лёс, змяніў аб ім думку. Ён бачыў у гэтым мужыку вялікую чысціню нянавісці. Як патрэбныя ім людзі, якія ўмеюць ненавідзець! Харошы мужык! I як шкада, што нельга ўсяго раздаць, каб паверылі табе. Грошы патрэбны справе. Нічога, з Корчакам яны яшчэ сустрэнуцца. Ён, Алесь, зробіць ўсё, каб той быў таварышам яму. У іх адна справа.

Нічога. Нічога. Усё яшчэ будзе добра, чыста, смела. I людзі на зямлі будуць людзьмі.

Сядала пурпуровае сонца, і цені на снезе зрабіліся ізумрудна-зялёныя, чысцейшыя за мароскі зялёны прамень, убачыўшы які, кажуць, нельга памыліцца ні ў каханні, ні ў любові, ні ў нянавісці.

I ён цяпер цвёрда ведаў, што ён любіць і што ненавідзіць, і адкуль у яго такі боль, і чаму ён ніяк не можа супакоіць сябе.

…Ён расплюшчыў вочы. Ехалі азярышчанскім берагам, ледзь не над самым урвішчам. I ён успомніў, як даўно-даўно, адзінаццаць год назад, тут сядзелі пад гарачым сонцам маленькія дзеці.

Што тут было яшчэ? Ага, груша.

Яна стаяла той год толькі сілаю ўласных карэнняў, умацаваўшы імі для сябе паўкруглы фарпост. Ва ўласных руках трымала жыццё.

I за ёю была зямля, а перад ёю плынь, і наступная паводка павінна была кінуць грушу ў хвалі, і ёй варта было б падрыхтавацца да смерці. Але яна не ведала гэтага, яна цвіла.

I пялёсткі падалі на быстрыню ракі.

Дзе яна цяпер? Алесь глядзеў пад адхон і ўрэшце ўбачыў тое месца. Пад стромай растаў снег, і ў пра-таліне чарнела нешта доўгае.

Мёртвы ствол занесенай пяском грушы.

Сані завярнулі і спыніліся перад ганкам загоршчынскага дома. Алма, падстаркаватая ўжо, тоўстая, як туга напхнуты шырокі мяшэчак, заматляла хвастом, пабегла да санак, потым убачыла чужога са зброяй і забрахала на яго так, што, здавалася, разарвецца ўсё яе цельца.

Зміцёр ўзяў Ургу і пайшоў з ім. Ад’ехаў і салдат. Алесь павольна пачаў падымацца ў дом.

…Ён блукаў па пакоях, сам не ведаючы, што яму трэба, да чаго яго цягне. I ўрэшце, сам не ведаючы як, прыйшоў туды, дзе яны з Майкай яшчэ дзецьмі глядзелі праз каляровыя шкельцы. Усё было як раней. Вось на гэтай канапе калісьці сядзела Майка, калі ён адвёў потым вочы на сценку і заўважыў яе, чорную з ліловымі валасамі.

А вось і скрыначка са шкельцамі. Забылі. Калі глядзець праз чырвонае шкло – якое страшнае, дымна-барвянае полымя раве над светам. Такое страшнае, нібы вось-вось заравуць трубы архангелаў і неба ўпадзе на зямлю.

А гэта што?

Бог ты мой, чарапок кітайскай вазы, што разбілі тады. Дзед яшчэ казаў:

– Біце, так ёй і трэба.

Ён раздаў чарапкі. Цікава, ці зберагла Майка? А Франс?

Колькі сяброў, равеснікаў. Можна склеіць усе гэтыя чарапкі, і зноў будзе ваза. А вазу паставіць у агульным, у сонечным доме, у якім жывуць усе.

Ваза-ваза. Белая ваза з сінімі рыбамі.

Ён пайшоў па напаўцёмных пакоях.

Чорныя яліны. Змрокам напоўнены дом. За вокнамі гасцінай халодная зорка гарыць між дрэў. Што гэта, пачатак канца ці канец пачатку?

Хоць бы хутчэй, хоць бы хутчэй паўстанне. Няхай нават смерць! Бо немагчыма болей цярпець гэта гнілое, душнае ліхалецце, хлусню, разважанні кроераў, мусатавых, корвідаў, дэмбавецкіх – усёй гэтай навалачы. I немагчыма больш сядзець у гэтым доме, бачыць у цёмных вокнах конусы ялін і вострую, як салдацта багнет, нацэлены ў тваё сэрца, зорку. Немагчыма бачыць рабоў і паноў, немагчыма напрактыкоўвацца ў цярпенні, бачыць, як другія ўдасканальваюцца ў ліслівасці. Немагчыма бачыць царкву, кароны, расшытыя мундзіры. Немагчыма бачыць на кожным раздарожжы, над усёй краінай узлёт прабітых цвікамі рук.

Лепей бы ўжо яму, Алесю Загорскаму, выкупіць грахі ўсіх, сваёй крывёю здабыць вызваленне для ўсіх, загінуць за ўсіх.

Ён раптам зразумеў, чаго яму не хапае, пакуль няма бітвы. Няхай сабе сябры і ён сам пагарджаюць вершамі. Сёння ён не можа.

Пяро бегала, пакідаючы радкі:

Чым угнявіла ты бога? I чым раззлавала, Што над табою, яшчэ не апетай і сотняю строф, Маятнік часу упаў, і касцельная цемра настала, Цемра прабітых далоняў і тысяч няправых галгоф? Што ты зрабіла зямлі – ад фіёрдаў да Рыма, Што залівалі пажары цябе, распраналі вятры, Што паміралі ў сібірах твае маладыя багрымы, Што дастаеўскія кідалі нівы твае і бары? Хто адабраў тваю памяць, мая дарагая, Што, на працягу вякоў, забываючы мукі свае, Лепшых паэтаў сваіх забыццём ты смяротным караеш, Лепшых прарокаў каменнем няведання б’еш? Веру ў адно. Калі злосць векавечную звяжуць I над крыніцамі зорка-Палын узыдзе, Ты на судзе – пад архангелаў трубы – Марыі адкажаш. Скажаш адзінае слова за ўсіх на планеце людзей: “Ў бітвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла, Каб на палетках ягоных воля і мова ўзраслі. Маці сыноў чалавечых. Я столькі пакут перанесла. Можна зямлі дараваць, Калі я існую на зямлі”.

Ён не верыў, а вобразы атрымаліся міфалагічныя.

Ды і хіба ў гэтым справа, калі сапраўды гіне ўсё добрае, калі праўду кажуць булгарыны, а за волю ваююць мураўёвы, калі сапраўды над зямлёю ўзлёт прабітых рук?

Ён глядзеў у акно, на зорку. I раптам убачыў…

…У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонта да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы.

Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне.

Дадаткова

БРАНЬ

Таму, што наша браць не супраць

крыві й цела, але супраць начальстваў,

супраць улад, супраць светапраўцаў цемры

гэтага веку, супраць духаў злосці паднябёснай.

Пасланне Паўлы да эфесцаў

I

Праз апошнi чуйны сон Рака слухала голас зямлi.

Як тысячы год назад. Як тады, калі нас не было, і як тады, калі не будзе нашых нашчадкаў. Днямі і начамі. У апошнюю замець і першую адлігу.

Уся скутая, уся сонная, з цяжкай ад сну галавою і непаслухмяным, прыціснутым да дна целам – яна маўчала і слухала, нават праз сцены сваёй турмы.

Таму што яна відушчая і вечная. Рака.

Неба над ёю было аднолькавага колеру, што і над занесенай снегам зямлёй. Толькі адбітак лёду. Толькі адбітак снягоў.

Але яна слухала. І, як тысячы год назад, падалі ў яе ўлонне галасы здранцвелай зямлі, і яна хавала і таіла іх, каб потым, з часам, успомніць.

Яна чула асцярожныя крокі ваўкоў і іхняе выццё за весніцамі пахаваных вёсак. Чула, як мякка выходзіць на бераг і глядзіць на яе мядзведзь-бадзяга. Стаіць, як скала, і глядзіць, ці доўга яшчэ яму блукаць. Чула першы плач дзіцяці і смех, праклёны і бажбу, стрэлы і ляск молата. Чула нават нячутнае падзенне апошняй слязы з чалавечых вачэй.

Слухала галасы зямлі і не магла дапамагчы.

У Ракі была свабода. Няхай не тут, няхай ва ўсеагульным моры – яна ўсё ж вырывалася пад чыстае неба. Але Рака не хацела гэтага. Свабода была патрэбная ёй тут, на гэтай зямлі, што нарадзіла і гадавала яе, пад гэтымі вербамі, для гэтых людзей, галасы якіх былі голасам самой зямлі. Яна не ведала, што гэта такое сплывае ў яе. Песні? Расталыя ручаінкі? Слёзы? Яна не ведала, што гэта звініць і плача. Яна не ведала, чые гэта галасы. Але галасы шапацелі мякка і настойліва:

– Ці-ха, ці-ха. І-дзе, і-дзе.

Кроплі збіраліся, зліваліся адна з адной, сцякалі ў трэшчыны, у падмытыя пелькі, у прадушыны, зробленыя выдрамі.

1 ... 181 182 183 184 185 186 187 188 189 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)