Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Нікога. А між тым ён мог бы паклясціся, што чуў, як наводдаль ад яго, сажэняў за пяць, слаба, бо пры канцы лёту, запляскаў па агароджы шрот.
Не разумеючы, што да чаго, ён яшчэ думаў: прабірацца яму да парку ці, можа, насустрач небяспецы, калі пачуў у завулку немы, на вышэйшых нотах, крык. Чалавек крычаў захлынаючыся, відаць, для таго, каб напалохаць кагосьці, і здалёк гэта чулася як неразборлівае "ла-ла-ла-ла!!!". Была нейкая мітусня, нехта за кімсьці гнаўся. Потым ляснуў яшчэ адзін стрэл. І тады Алесь зразумеў, што гэта не па ім, што ў Загоршчыне чыніцца нешта дзіўнае.
Ён кінуўся быў туды, але адразу спыніўся, таму што позірк ягоны ўпаў на Алму.
Сабакі – мужны народ. Часам куды больш мужны, чым людзі. Алма, нягледзячы на тое, што яна была спаніэль, а значыць, сабака падатлівы, лагодны і не заўсёды кемны, – не была выключэннем.
Але тут і Алеся здзівіла змена, якая адбылася з сабакам. Сам захоплены палётам гусей, ён пакараў Алму не вельмі строга, пагардай. І тое, што зараз адбывалася з ёю, не магло быць помстай.
Яна не хацела ісці за гаспадаром, цягнулася нага за нагу, нібы нешта прадчувала. Падціснуты, падведзены зад, вушы абляпілі круглую галаву.
– Алма, што такое?
Пёс ціснуўся да ног. Той пёс, у якім Алесь, з дапамогаю Карпа, развіў мала ўласцівую гэтай пародзе мужнасць кідка, настойлівасць і рэдкую для спаніэляў адчайную смеласць (у наваколлі за апошнія гады развялося чорт ведае колькі дзікіх катоў, і без смеласці ў "плотных", "крэпкіх" месцах было – хоць і не палюй).
– За мной!
Нешта здарылася. Сабака ішоў, але так неахвотна, нібы яго збіраліся лупцаваць вязкай для качак, прычым не хвастамі, а спражкай.
Алесь паціснуў плячыма, скочыў на вал і пайшоў паўз яблыні да сцежкі, што вяла ад весніц на верасовыя пусткі. Дайсці да яе ён, аднак, не паспеў. На сцежцы з'явілася нешта буравата-шэрае. Яно хутка кацілася ад вёскі. Па характэрнай дубаватасці тулава, па цяжкім палене здалёк можна было здагадацца, што гэта воўк. Паспрабаваў, відаць, па зімнім звычаі, залезці ў вёску і нешта там сцягнуць. Ну і атрымаў па пысе. Здзіўляла толькі тое, што шэры пан зрабіў сваю вылазку ўдзень і што людзі ў вёсцы ўсё яшчэ так крычаць. Звычайная, ледзь не штомесячная справа – і нa табе.
Алесь закінуў стрэльбу за плячо. Да звера было далёка: наўрад ці заб'еш. Акрамя таго, гэты дурны напад Алеся не датычыўся. Бараніцца – калі ласка. Нападаць – не ягоная справа. Загорскі добра памятаў сваё абяцанне. Да таго ж звера напалохалі. Наўрад ці ён сунецца да людзей і хатняй жывёлы цяпер, калі можна здабыць харч і ў лесе.
Ваўкі нават зімою вельмі рэдка нападаюць на людзей. Хіба пад час руі? Кожны звер панічна баіцца чалавека.
Вось і гэты зараз уцякаў так хутка, што рабілася нават смешна. Вушы падціснутыя, зяпа ад жаху сашчэраная, бяжыць да нязвыкласці валка.
Загорскі нават усміхнуўся. І раптам пачуў, як Алма падала голас. Не брэх, не бурчанне, а жаласны віск, нібы гэта бег не звычайны воўк, а ваўкалак. Алесь пакасіўся – на мордзе сабакі быў, без усякага перабольшання, выраз неймавернага страху. Хацеў голасна крыкнуць на пса – нешта стрымала яго.
Воўк пракаціўся сажэняў за пятнаццаць – васемнаццаць, і Алесь паціснуў плячыма:
– Сорам, Алма! Хай сабе бяжыць!
Сабака ўвесь калаціўся. Дробна-дробна. І толькі тут Загорскі, супаставіўшы гэты дзённы напад, і страшны крык чалавека ў вёсцы, і незразумелы спуд Алмы, зразумеў, што воўк, які прабег, нейкі незвычайны, страшны воўк. Магчыма, воўк-людаед. Бываюць і такія, якім не пад сілу ўжо напасці на каня, і яны год ці два да смерці нападаюць на людзей. Бо чалавек не толькі самы моцны і страшны звер, але яшчэ і самы слабы.
А памяць паслужліва падсунула нейкі несаабразны, хісткі бег звера, няўпэўненыя рухі задніх канечнасцей, ашчэраную зяпу, з якой, відаць, падала сліна, – і тады ён пахаладзеў ад страшнай думкі.
Неадвяртальная, немінучая смерць толькі што прабегла паўз яго, і ён даў ёй прабегчы, згубіцца паміж узгоркаў, зарослых верасам, а потым выскачыць на гасцінец, да сяла, яшчэ куды-небудзь. Ён яшчэ думаў аб тым, што гэтага не можа быць: ранняй вясной, у прахалоднае надвор'е, але ўжо лаяў сябе, як толькі мог.
Хто ведае што-небудзь пра вадабоязь, акрамя таго, што ад яе няма паратунку? Старыя людзі сцвярджаюць, што часам жывёла можа хадзіць тры – пяць – восем месяцаў, часам – год, пакуль не пачне кідацца на людзей.
І Загорскі зразумеў, чаму так калаціўся сабака. Ніхто ніколі яшчэ не ўратаваў чалавека, у якога быў хоць трохі запушчаны, глыбокі ўкус. Горш чым праказа, горш за ўсё на свеце.
Ён глядзеў на нізкае неба над верасовымі пусткамі і ўспамінаў, што ён ведае аб вадабоязі. І галоўнае было тое, што ўкушаны быў усё адно што выключаны з ліку жывых… Магчыма, вось якраз цяпер воўк вылецеў з-за гарбоў на лёзнага старога… на жанчыну, што гоніць карову… на дзяцей, якія збіраюць леташнія салодкія журавіны… Ён ляціць і ляціць… Далей… Далей… Далей… Яму застаецца кусаць яшчэ шэсць дзён… А колькі застаецца гэтым?… Трошачкі болей… Зусім трохі… І прыгожы сівы стары будзе сутаргава глытаць і калаціцца ў канвульсіях нават пры паху вады… Жанчына будзе кусаць сама сябе… Дзеці есці невядомае, магчыма, пясок ці анучы. Так канчаюць усе. Жыцця і ратавання няма.
Дрыжыкі несамавітай абрыдлівасці прабеглі ў яго па спіне. На хвіліну ён уявіў у такім стане сябе, каханага ад Майкі, улюбёнага ад сяброў, вернага і ўвогуле зусім нядрэннага і няшкоднага чалавека, – і зразумеў, што не мае ніякай сілы на тое, каб пайсці ў пусткі, нягледзячы на тое, што ён апошні бачыў шалёнага звера. Гэта было проста вышэй за яго – няхай і не патрабуюць. На мядзведзя пайшоў бы не разважаючы, як на роўнага. Ён цёплы, мядзведзь. І на іншых пайшоў бы, каб не маці і слова, дадзенае ёй. Нават змяю забіў бы, хаця гэта і агідна да нясцямы. А тут не можа. Рызыкаваць жыццём – гэта няхай сабе. Але гэты звер узяў бы ад яго не жыццё, а розум, ператварыў бы ў жывёлу, якая здатная нават жэрці ўласны гной. Такой ахвяры ад яго ніхто не мае права патрабаваць. Пазбавіцца розуму, перастаць быць самім сабой, выклікаць ва ўсіх толькі агіду – што яшчэ можа быць страшнейшае? Алесь адчуваў, што не можа пераступіць цераз гэты цёмны жах.
– Хадзем, Алма, – ціха сказаў ён.
Сабака адразу аджыў, бо гаспадар ішоў да вёскі. Сабака таксама не мог пераадолець падспуднага адчування пагрозы. І сапраўды, гэта ж вышэй здатнасцей жывой істоты.
Загорскі стаў. Нізкія хмары цягнуліся ад вёскі на ўзгоркі, укрывалі верас і шэрыя камяні.
І тады ён уздыхнуў і пайшоў туды, куды плылі хмары. Павольна, як яны.
Усё нутро лямантавала ў страшэнным пратэсце. Ён ведаў, звер у такім стане нахабны, але і асцярожны і часта нападае знянацку, і для жывога досыць і адной драпіны. Ён не мог ісці, але яго нібыта нешта вяло. Два разы ён спыніўся і пастаяў у нерашучасці. І пасля другога разу, нібы апраўдваючыся перад кімсьці (хаця нікога вакол не было), дастаў з кішэні два жаканы і загнаў іх у казённікі ствалоў. Ён сам, яшчэ дома, праверыў кулі, прапхнуўшы іх шомпалам праз канал. Усё было добра. Свінцовыя рэбры халадзілі, а вайлаковы клак пасля іх быў прыемна шорсткі і цёплы.
Яму не адразу ўдалося патрапіць кожнай куляй у казённік. Воўк за гэты час, вядома, паспеў уцячы далёка, калі толькі не залёг. Алесь сам не ведаў, чаго ён хацеў, але ўсё ж пасля таго, як зарадзіў, пайшоў хутчэй. Гарбы набліжаліся. Шэрыя ад верасу, пагрозлівыя пад нізкім небам, зусім яшчэ мёртвыя. Звер мог ляжаць у кожнай вадамоіне, за кожным камяніскам. І кожны скачок ягоны мог быць апошнім. Сліна набягала ў роце. Алесь паспрабаваў глынуць і адчуў, што не можа, быццам гэта пачыналася ўжо. Вось так яно і пачынаецца.
Так яно заўсёды і пачынаецца.
Уваход у лагчыну быў вельмi вузкi. Сабака "плёў лапцi", iшоў за чалавекам, амаль датыкаючыся пысай да ягоных пятак.
Загорскі глынуў. І раптам раззлаваўся невядома на каго. Што, на самай справе?! Ён не Ваўкалака, які забіў ваўка верасовых пустак. Ён звычайны слабы чалавек, і ён ідзе… А хрэн яго ведае, чаго сапраўды ён ідзе?!
Ваўкалаку было што? То быў звычайны воўк, няхай сабе і людажэр, няхай сабе і ўтрая большы за звычайнага. Ідзі сабе ды спявай: "Сёння – цябе, заўтра – мяне". Што б ён заспяваў на ягоным, Алесевым, месцы. Урэшце, ніхто не перашкаджае ў кожную хвіліну пайсці назад. Дый воўк, пэўна, далёка. Як гэта добра, што воўк ужо далёка.