Багуслаў Радзівіл
- Автор: Даневская Ирина
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: Выдавец А. М. Янушкевіч
- Переводчик: Наталка Бабіна
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
Лёгкі шэпт прыдворных паведаміў, што кароль занадта слабы, каб прыбыць асабіста. Арганіст, які чакаў толькі з’яўлення яго вялікасці, даў першыя акорды ўрачыстай імшы. Яе пачаў біскуп з епархіі Мо — Дамінік Сег’е, які ўжо хрысціў дафіна малой цырымоніяй і зараз павінен быў завяршыць сакрамент перадачы будучага караля Францыі пад апеку каталіцкай царквы. Спевы падхапіла духавенства — біскупы Бавэ, Вів’е, Рые, Сэн-Поль, Кутанс і Пюі са сваім шматлікім суправаджэннем. Калі гадзіннік пачаў выбіваць чацвёртую, у капліцы з’явіўся апрануты ў робу[172] са срэбнай тафты маленькі дафін, якога вяла за руку нянька — мадам дэ Лансак. За імі ішлі каралева, прынцэса Кандэ, графіня Суасон, герцагіня дэ Лангвіль і кардынал Мазарыні. Багуслаў спакойна назіраў, як біскуп Сег’е чытае малітву, як кропіць дафіна святой вадой, як запальвае свечку, як хросная маці, прынцэса Кандэ, і кардынал Мазарыні адзяваюць на маленькага Луі белую кашулю — сімвал ачышчэння і святла Хрыстова, і, нарэшце, як біскуп, сказаўшы «Accipe signaculum doni Spiritus Sancti»[173], ставіць мірам на добе будучага караля Францыі крыж…
Пасля цырымоніі, не занадта доўгай, каб не стаміць дзіця і гасцей, Радзівіл з арыстакратычнай публікай услед за духавенствам адправіліся ў каралеўскую спальню, каб паказаць ахрышчанага каталіка шчасліваму бацьку.
Людовік XIII ляжаў на парадным ложку, бяссільна адкінуўшыся на высока ўзнятыя падушкі. Яго васковы твар у цьмяным святле свечак адліваў мёртвай зеленню. Коратка прывітаўшы працэсію, яго вялікасць зрабіў дафіну знак падысці.
— Ну, сынку, як цябе завуць? — спытаў ён, любоўна правёўшы рукою па яго кучаравых валасах.
— Луі XIV, бацька, — ліха адрапартаваў малы.
На бяскроўных вуснах караля з’явілася слабая ўсмешка.
— Не, сынку, — толькі і сказаў ён. — Але ўжо скора…
14 мая Людовік XIII памёр. Ужо на наступны дзень Ганна Аўстрыйская распарадзілася адправіць мэблю і рэчы ў Луўр, дзе з гэтага часу павінен быў жыць каралеўскі двор. Цырымонію ўезду юнага караля Людовіка XIV у Парыж зладзілі з усёй магчымай пышнасцю. Яго вялікасць сядзеў у карэце з маці, братам Філіпам, дзядзькам Бастонам Арлеанскім і прынцам Кандэ. Наперадзе маршыравалі французскія і швейцарскія гвардзейцы; на вымуштраваных конях ехалі каралеўскія мушкецёры і кавалерыя, крочылі збройнікі каралевы, асабістая ахова юнага караля і сотні швейцарцаў. Ззаду выступала каралеўская гвардыя, ехалі карэты прыдворных дам каралевы, за імі ішлі шатландскія і французскія гвардзейцы, а затым зноў швейцарцы, якія атачалі пустую карэту нябожчыка манарха, якую цягнулі яго любімыя коні. Услед доўгай чарадой цягнуліся карэты арыстакратаў, а ў хвасце картэжу — натоўп слуг, да якіх заляцаліся прастытуткі з Новага моста і не абыходзілі ўвагай парыжскія злодзеі. Парыжане хацелі бачыць свайго юнага валадара і сустракалі працэсію радаснымі крыкамі. Людовіку падабалася такая мітусня, час ад часу ён высоўваўся ў акно і весела махаў мінакам, нягледзячы на засцярогі маці, якая баялася, каб сын не падхапіў якой хваробы.
Багуслаў назіраў за каралеўскім поездам з верхняга акна гатэлю дэ Раган. Маргарыта сёння зноў былі не ў гуморы, і князь не мог вінаваціць у гэтым Тарэнта, бо, страціўшы надзею заваяваць сэрца герцагіні, ён адправіўся ў Галандыю. Правёўшы вачыма апошні воз з паклажай, што якраз знікаў за вуглом, князь пацягнуўся за капялюшам і, пераканаўшыся, што яго намер сысці чароўная дама ўспрымае больш чым станоўча, адкланяўся з дрэнна прыхаванай прыкрасцю.
Багуслаў вярнуўся дадому сярдзіты і раздражнёны.
— Гэты парыжскі бруд, мабыць, д’ябал з пекла прыпёр, — бурчаў ён, грэбліва аглядаючы заляпаныя едкімі чорнымі пырскамі батфорты, якія слугі знялі з яго, каб пачысціць. — Тут на каня трэба з ганку садзіцца, каб ботаў не забрудзіць, а пра бальныя туфлі і казаць няма чаго. Я б на такую драбязу, вядома, увагі не звяртаў, ды жанчыны насамі круцяць…
— А смурод! — падхапіў Невяроўскі, які ледзь не адзіны з усёй княжацкай моладзі не баяўся дрэннага настрою Радзівіла. — У гэтым Парыжы пахне, як з памыйнай ямы. Хоць бы і з ног да галавы духамі заліўся, усё адно чуваць.
Багуслаў пакасіўся на яго.
— А я як раз думаю, чаму ў флаконе з лавандавай вадой, якую ты, Яне, пазаўчора ад каралеўскага парфумера прынёс, ужо дно відаць! — з’едліва заўважыў ён.
172
Размоўнае. Ад фр. Ia robe — сукенка.
173
«Прымі знакі дару святога Духа» (лац.).