Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 180 181 182 183 184 185 186 187 188 ... 264
Перейти на страницу:

— Хай д’ябал возьме тваю душу!

Тарэнт, які ўжо не мог стрымлівацца, ускочыў на ногі, напалохаўшы крыкам слугу, што разносіў напоі. Бядак скалануўся, адскочыў убок і ўпусціў драўляны паднос з талеркамі. Прынцавы праклёны патанулі ў звоне пабітага посуду і ў віску карчмара. Той апошнімі словамі лаяў няшчаснага хлопца, які нанёс яму такую шкоду. Гэтая калатня трохі супакоіла Трэмуйля, і ён толькі цяжка дыхаў, не зводзячы лютага погляду з саперніка.

— Думай, што гаворыш, — Радзівіл небяспечна бліснуў вачыма. — Я ведаю, шпагу ты ўжо не ўтрымаеш. Але калі хочаш, можам страляцца.

— Страляцца? — Шарль-Анры глядзеў на ворага так, быццам той звар’яцеў. — Гэта самагубства!

— Я б назваў гэта божым судом. — Багуслаў працягваў выпраменьваць ледзяны спакой. — Прашу цябе, сядзь, і так гаспадар ужо нервуецца, а мне б не хацелася з ім сварыцца, таму што гэта карчма — месца, дзе людзі нашага паходжання могуць бываць, не рызыкуючы запляміць рэпутацыю.

— Ты вар’ят, — прамармытаў Тарэнт, павольна апусціўшыся на лаву. — Далібог, вар’ят!

Яшчэ некалькі доўгіх хвілін ён глядзеў на князя, без надзеі спадзеючыся, што той пачне вагацца.

— Значыць, не адступіш? — спытаў ён ужо спакайней.

Радзівіл адмоўна пахітаў галавой.

— Добра, — Тарэнт ускочыў. — Добра. Я таксама не адступлюся… Хай Маргарыта вырашае сама!

Ён пайшоў да дзвярэй, але праз некалькі крокаў спыніўся.

— Гэта, напэўна, д’ябал заўсёды ставіць цябе на маім шляху, — кінуў у роспачы.

— Не пашанцавала табе, — весела сказаў Багуслаў.

х х х

У змаганні Радзівіла і Тарэнта за руку Маргарыты дэ Раган прайшла зіма. Шарль Анры быў блізкі да адчаю — яго заляцанні стрыечная сястра ўпарта адхіляла, аддаючы перавагу таварыству князя Багуслава. Тарэнт люта зайздросціў радзівілавай фартуне. Багуслаў жа мог суцяшацца хіба паразай саперніка — герцагіня дэ Раган прыхільна прымала яго заляцанні на людзях, але ў кароткія хвіліны сам-насам рашуча спыняла ўсе, нават самыя нявінныя, пяшчоты. Такая цнатлівасць даводзіла Радзівіла да шалу.

— Гэтыя гульні не вартыя і меднай манеты, — скардзіўся ён Яну Невяроўскаму. — Я добра ведаю цану французскім арыстакраткам, якія адрозніваюцца ад прастытутак тым, што не бяруць грошай за каханне! Вось Ганна Ганзага нават пасля шлюбнай авантуры з дэ Гізам прыкідвалася нявінніцай, каб распаліць маю жарсць і прымусіць адрачыся ад веры. А чаго жадае Маргарыта, я не разумею, бо дзясяткі, нават сотні разоў кляўся, што гатовы даць ёй шлюбныя абяцанні!

Ян мог толькі паспачуваць князю, але дапамагчы яго бядзе хоць бы парадай не мог…

Між тым, надышла вясна і прынесла новыя клопаты — у Парыжы загаварылі пра хуткую смерць караля.

— Гэта нябожчык кардынал кліча яго да сябе, — жартавалі прыдворныя веселуны. — Гэта ён баіцца даверыць яму кіраванне краінай, якой кароль хоць і валодае, але не кіруе!

Радзівіл не хацеў верыць гэтым чуткам, але не мог не верыць уласным вачам — знясілены хваробай Людовік ужо нагадваў жывога мерцвяка. У Сэн-Жэрмен пачалі з’язджацца ворагі нябожчыка міністра, якіх кароль пасля яго смерці так і не вярнуў да двара. Прыбыў нават прынц Гастон Арлеанскі, які пасля змовы Сэн-Мара знаходзіўся ў выгнанні. Прыдворныя кляліся, што менавіта мансеньёр будзе новым рэгентам, таму што кароль, які ненавідзеў жонку, наўрад ці пакіне пасаду ёй. Багуслаў мог бы з імі пагадзіцца, калі б пастаянна не бачыў побач з Ганнай Аўстрыйскай чырвоную мантыю Мазарыні і не валодаў досыць вострым зрокам, каб ужо зараз разгледзець тое, што прыдворныя заўважаць толькі праз шмат месяцаў.

«Будзе правіць каралева, а італьянскі ліс будзе кіраваць ёю», — напісаў ён прынцэсе Аранскай, якая працягвала цікавіцца весткамі з Францыі.

І не стаў спяшацца засведчыць пашану прынцу Бастону, у той жа час не стамляючыся адрасаваць свае кампліменты Ганне Аўстрыйскай і яе фаварыту.

У красавіку кароль Людовік XIII вырашыў ахрысціць свайго сына і спадкаемца, які пры нараджэнні атрымаў толькі малую цырымонію хрышчэння. Хроснымі бацькамі запрасілі прынцэсу Кандэ і кардынала Мазарыні, які прадстаўляў Папу Рымскага. Дваццаць першага чысла Святая капэла — адзіны будынак, які захаваўся ад сярэднявечнага замка Сэн-Жэрмен-ан-Ле, — была цалкам запоўненая прыдворным людам, што хацеў бачыць цырымонію. Багуславу прыйшлося вытрымаць кароткую, але жорсткую сутычку з біскупам Бавэ, які пазнаў князя і спрабаваў забараніць яму як ерэтыку уваход у святое месца. Умяшанне Мазарыні, які асабіста правёў Радзівіла ўсярэдзіну, супакоіла духавенства, а самому князю дало падставу яшчэ раз задумацца аб прычынах нечаканага фавору ў французскага міністра.

1 ... 180 181 182 183 184 185 186 187 188 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)