Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ператвораныя ў попел - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ператвораныя ў попел

Электронная книга - «Ператвораныя ў попел». Краткое содержание книги:

Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю, калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году вясну, бачу шпака, што сьпявае на разгалістай яблыні, і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна. “Шпак”, — прамаўляе маці й вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку. У гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае: “Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это скворец!” Мы з бацькам сьмяемся зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай, ледзь чутна прамаўляе: “Скворец”. З таго красавіцкага ранку мінула безьліч гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькаў сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці. Дзьве душы — беларуская ды расейская — жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая — беларуская — забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 57
Перейти на страницу:

Як на добры лад, дык у камітэт мусілі цягнуць мяне ды Валеру — выдаўцоў альманаху. Тут жа везьлі цэлую кампанію, прычым легкавік ехаў у дзіўным кірунку — у бок прамысловай зоны. Усё гэта непакоіла, думкі блыталіся ў галаве, і я прагнуў толькі аднаго: зьнікнуць, ператварыцца ў нішто, ці, на благі канец, у восеньскую муху, што білася ў шыбу перад маім носам. “Волга” між тым пад’ехала да ганку паліклінікі нафтаперапрацоўчага заводу, віскнула гамульцамі й спынілася. Чэкіст спружна ўзьбег па ўсходах, мы гужам, на ватных нагах, пабеглі сьледам, узьняліся на трэці паверх, прабегліся па калідоры і неўзабаве апынуліся ў разьлеглым “працэдурным” пакоі. “Чакайце!” — гукнуў баец нябачнага фронту і зьнік за дзьвярыма. Чакаць давялося доўга. Мы, вядома ж, пачалі абмяркоўваць сытуацыю, сталі выпрацоўваць лінію паводзінаў, але, убачыўшы на століку аднаканальны “Сож” бяз ручкі настройкі, разам аціхлі, дзьверы, за якімі схаваўся чэкіст, ціха рыпнулі, і нас — па адным — сталі выклікаць “на размову”.

Сябры вярталіся празь лічаныя хвіліны, з прасьвятлелымі тварамі, была спадзеўка, што я таксама хутка “адстраляюся”, але, калі зайшоў у габінэт, зразумеў: сябрукі ў гэтай п’есе толькі статысты, а галоўная роля належыць мне.

“Прозьвішча, імя, імя па-бацьку... Дзе нарадзіўся? хто бацькі? якую школу скончыў? хто падбіў да арганізацыі суполкі? хто, апроч Шлыкава, браў удзел у выданьні альманаху? колькі нумароў выйшла? чаму назвалі сваё выданьне “Блакітны ліхтар”? каго ведаеце зь беларускіх пісьменьнікаў? ці часта бываеце ў Менску? ці даводзілася чытаць падрыўную літаратуру? каму давалі альманах? зь якой нагоды цікавіцеся Альбаніяй?..” Я блытана адказваў на гэтыя ды іншыя пытаньні, адчуваючы, што баец нябачнага фронту задае іх дзеля праформы. На стале ў байца ляжала тэчка і ў яе нутры, відавочна, былі пазначаныя і маё прозьвішча, і імя, і шмат чаго іншага.

Адказваў на пытаньні больш гадзіны і, урэшце рэшт, чэкіст запытаўся: “Паэтэсу Ларысу Геніюш ведаеце?” “Ведаю, але асабіста зь ёю не сустракаўся”. “А ведаеце, што яна сядзела за нацыяналізм?” Давялося баднуць галавой, уздыхнуць і ўтаропіцца на аркуш паперы, які ўзьнік перад вачыма. “Напішэце пра ўсё, аб чым мы тут з вамі гаманілі”, — загадаў суразмоўнік і выйшаў з габінэту.

Пісаў я доўга, потым перапісваў — гэбісту штосьці там не спадабалася — нарэшце мая пісаніна была пакладзена ў тэчку, гаспадар габінэту падняўся з-за стала і задаў апошняе пытаньне: “Дзе альманахі?”

Неўзабаве службовая “Волга” везла мяне ў адваротным кірунку. Тулячыся на заднім сядзеньні, я ліхаманкава згадваў: каму аддаў апошні нумар? Восем нумароў ляжалі ў маім пісьмовым стале, чытыры ўзяў Рыбікаў, два хадзілі па руках у студэнцкім інтэрнаце, а дзе хадзіў яшчэ адзін нумар, я ня мог даўмецца. Напачатку заехалі да мяне, на Маладзёвую, 95. Пакуль поркаўся ў стальніцы, баец нябачнага фронту ўважліва сачыў за мной — баяўся, відаць, што я зьнішчу які “кампрамат”. Потым паехалі на кватэру да Рыбікава. Сустрэла нас Толікава маці. “Вось, — кажу, — таварыш з рэдакцыі. Хоча пачытаць нашыя творы”. “А іх жа нельга чытаць чужым людзям”, — з імпэтам выдала жанчына. “Гэта свой”, — няшчыра прамармытаў я, адчуўшы на сваёй шыі гарачы подых чэкіста.

У студэнцкім інтэрнаце баец нябачнага фронту тыцнуў камэндантцы пасьведчаньне, тая, спатыкаючыся, пабегла па лесьвіцы, паадчыняла патрэбныя дзьверы, і яшчэ два нумары “Блакітнага ліхтара” зьніклі ў чорнай тэчцы.

“Апошні нумар сёньня аддаць не змагу”, — паведаміў я, калі мы выйшлі з інтэрнату. “Хлопец, які яго чытае, зьехаў і вернецца праз пару дзён”. Такая навіна засмуціла спадарожніка. “Што ж вы... кажаце, што нікому альманахі не давалі, а тут гойсаем па горадзе й ня можам знайсьці, — дакорліва выдыхнуў спадарожнік і дадаў: — як толькі знойдзеце альманах — адразу ж прывозьце ў паліклініку”. І яшчэ папярэдзіў, каб я нікому пра выклік у “органы” не балбатаў.

Наступнага дня выкладчык мэталазнаўства жартам заўважыў: “Што, Мудроў, учора зноў прагуляў... Сядзеў, відаць, на піве?” “Ды не, яго ў КГБ цягалі”, — гукнуў у адказ адзін з маіх аднакурсьнікаў і выкладчык, пасур'ёзьнеўшы, перапытаў: “Сапраўды?” Пасьля гэтага з мэталазнаўствам у мяне не было праблемаў.

Душы тых, каму ў далёкія сямідзясятыя гады давялося хадзіць на “прафіляктычныя гутаркі”, зьведалі цэлы комплекс перажываньняў. КГБ баяліся як агню, і боязь гэтая была генэтычна абумоўленая. Савецкія спэцслужбы фізычна зьнішчылі мільёны людзей, мільёнам скалечылі лёсы, зрабілі рашучы ўнёсак у справу зьнішчэньня беларусаў як нацыі, і жывёльны страх перад яжоўска-берыеўскай “канторай” літаральна ўеўся ў сьвядомасьць наступных пакаленьняў. Я не магу сказаць, што быў апанаваны жывёльным страхам, але душа — рэч зразумелая — млела. Патрапіўшы ў дваццацігадовым веку “на гачак” КГБ, я пастаянна адчуваў увагу да сваёй асобы, і блізкія сябры, а то й проста знаёмцы раз-пораз казалі, сьцішыўшы голас, адну і тую ж фразу: “Прыкусі язык, табою цікавяцца...” Калі-нікалі цікавасьць тая была проста дэманстрацыйнай. Варта было зьявіцца на Скарынінскім сьвяце ў Полацку, якое штогоду ладзілася ў апошнія жнівеньскія дні, як да сьпіны “прыліпалі” камсамольскага выгляду маладзёны. Яны хадзілі сьледам цягам усяго сьвята, а аднойчы нават суправаджалі нас з жонкай да самай хаты: ехалі паволі ў “Жыгулях”, наставіўшы ў вокны задаволеныя пысы…

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 57
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)