Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Мабыць, горш за ўсё было тое, што ўсе гэтыя меркаваньні мелі рацыю.
Нацыяналізм, гэтая грамадзка-палітычная зьява, стаўся дужа разнастайным у нашым часе, у пэўнай ступені пагарджаным і адпрэчаным грамадзкай сьвядомасьцю. Безумоўна, да таго прычынілася практыка, увасабленьне яго ў жыцьцё, праз што прайшло заходняе грамадзтва і выйшла да іншага. Iдэі нацыяналізму апынуліся дыскрэдытаваныя нямецкім нацызмам, італьянскім фашызмам, шмат якімі драбнейшымі радыкальнымі рухамі. А між тым ці ня ўсімі дзяржаўніцкімі здабыткамі ў нядаўнім мінулым Эўропа (і ня толькі Эўропа) абавязана менавіта нацыяналізму сваіх вялікіх і дробных краінаў. Нацыяналізм стварыў неабходную форму арганізацыі грамадзтва — дзяржаву, якая існуе «не для таго, каб ператварыць зямное жыцьцё ў рай, а для таго, каб ня даць яму канчаткова ператварыцца ў пекла», — як пісаў М. Бярдзяеў. У аснове нацыяналізму — прыроджаны эгаізм, рыса, уласьцівая кожнай жывой істоце. Гора таму арганізму, у якім гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як і кепска, калі тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналізм, скіраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скіраваны ў іншы сьвет — ёсьць шавінізм або імпэрыялізм. Знакаміты філёзаф Рычард Пайпс падзяляе сучасны нацыяналізм на два яго варыянты: эксплюзіўны (агрэсіўны) і інклюзіўны (памяркоўны); расейскі ён адносіць да першага варыянту, а беларускі проста не заўважае. Мабыць, характар кожнага нацыяналізму вызначаецца мэнтальнасьцю нацыі, яе палітычнымі памкненьнямі ў дадзены гістарычны момант. Расейскі нацыяналізм знайшоў сваё найбольшае ўвасабленьне ў бальшавіцкім імпэрыялізме, нямецкі — у агрэсіўным нацызме. Але што такое беларускі нацыяналізм?
Агульнапрынятая дэфініцыя нацыяналізму кепска дастасуецца да гэтае беларускай зьявы, якая ёсьць іншая, зь іншым нацыянальна-палітычным зьмесьцівам. У сучаснасьці яна праяўлена слаба і, на мой пагляд, недастатковая нават у сэньсе ўнутранага грамадзкага эгаізму, неабходнага для элемэнтарнай самаідэнтыфікацыі нацыі. Можна гаварыць толькі пра нацыянальныя зародкі, спазьнелыя і малавыніковыя, якія ня толькі не пагражаюць іншым народам і нацыянальнасьцям, але і не забясьпечваюць нацыянальных патрэбаў саміх беларусаў.
Напрыканцы XX стагодзьдзя характар нацыяналізму ў Эўропе надта зьмяніўся, патрэба ў ім для цывілізаваных краінаў адпала. Але для тых, якія па розных прычынах у тым не пасьпелі, ён па-ранейшаму застаецца надзённым. Менавіта нацыяналізм, паводле Фрэнсіса Фукуямы, найбольш прычыніўся да вызваленьня народаў ад камуністычнай дыктатуры. Не лібэралізм, не дэмакратыя, а менавіта нацыяналізм заняволеных камунізмам народаў. Там, дзе гэты працэс быў завершаны, зьявілася магчымасьць пераходу да дэмакратычнага лібэралізму, а дзе не завяршыўся, дзе стаўся затрыманы рэакцыйнымі сіламі, там нацыяналізм па-ранейшаму надзённы. Бо толькі нацыяналізм з найбольшнай выніковасьцю здольны аб’яднаць сілы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці. У той жа час ён можа мірна і гарманічна ўжывацца з лібэралізмам, цьвердзіць Фукуяма — «сучасны адвакат нацыяналізму», але і перакананы прыхільнік лібэралізму.
Некалі Алесь Адамовіч казаў, што пры засільлі звыродлівай улады і абмежаванасьці прыродных рэсурсаў Беларусі трэба займець вельмі значную (вялікую!) ідэю, якая вывела б яе ў склад сучасных краінаў. Гэта — праўда. Нацыянальная ідэя — важны чыньнік прагрэсу, а то і фізычнага існаваньня ў сьвеце. Расея, напрыклад, увайшла ў заняпад, бо зжыла сваю імпэрскую ідэю і цяпер паўстала перад праблемай вынаходзтва новай. Але што да Беларусі, дык у яе ёсьць важная і аж занадта актуальная ідэя, гэта — свабода і незалежнасьць. Iдэя клясычная, увасабленьня якой даўно дамагліся шмат якія краіны сьвету, пабудавалі на ёй свой нацыянальны лёс. А беларусы ўсё яшчэ дыскутуюць, ці варта дамагацца таго? Ворагі беларушчыны, вядома ж, даводзяць: ня варта, ёсьць лепшая ідэя — няволя і залежнасьць, яна дае хлеб. (I бэнзін, і газ, і прамтавары.) Амаль як у Бібліі: заваюйце нас, але накарміце нас. Або яшчэ сьцьвярджаюць, што Беларусь ня можа існаваць незалежна ў наскрозь залежным, драпежным сьвеце, дзе ўсё вырашаецца сілай. Але ж іншыя, куды слабейшыя за Беларусь эўрапейскія краіны існуюць і жывуць няблага. Ніхто не занявольвае цяпер маленькую Швайцарыю, Аўстрыю, Венгрыю, Данію ні нават Люксэмбург з Андорай, а іхняя эканамічная залежнасьць ад вольнага сьвету толькі служыць ім на карысьць. Мабыць, з часоў сярэднявечча шмат што зьмянілася ў сьвеце і дае магчымасьць народам жыць і нават разьвівацца.