Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Наступныя дні, поўныя палітычнага драматызму, паказалі, што адбываецца кепскае, што камуністы вырашылі прыбраць Гарбачова, зьмяніць яго курс. Але на які? Хутка стала зразумела, што — на ранейшы, звыклы і выпрабаваны, дужа вядомы сьвету, пачынаючы з кастрычніку сямнаццатага году. З таго часу ён увогуле не мяняўся, падобна, набыў устойлівыя відавыя рысы. I першы, хто памкнуўся яго зьмяніць, быў Гарбачоў. Але, відаць, і ягоная спроба змушана застацца безвыніковай…
Мяркуючы па ўсім, перабудова ляснулася, і зь ёй — адчайная і няўмелая спроба рэфармаваньня ягонае партыі. Але калі тое рэфармаваньне не ўдалося генсеку партыі, дык каму ж тады яно можа ўдацца? Як паказала жыцьцё, тая партыя наогул не рэфармуецца. Яна або можа існаваць у ранейшым, створаным Леніным стане, або загінуць.
Я дужа шкадаваў, што ў той час у Менску не было Адамовіча, які стаў вельмі патрэбны. I ня мне аднаму.
Зянон пры чарговай сустрэчы сказаў пра апошнія падзеі трохі інакш, чым мне адчувалася. Ён сказаў, што гэта — добра. Гэта толькі паскорыць іхнюю агонію. Сьмерць прыйдзе знутры. Трэба толькі не чакаць, выхапіць з полымя тое, што нам належыць, — нашу свабоду. Бо іхняй свабоды ўжо не ўратаваць нікому.
Тое былі разумныя словы, толькі як дамагчыся іхняга спраўджаньня?
Беларускае кіраўніцтва (старшыня Вярхоунага Савету А. Дземянцей), канешне ж, падтрымала ГКЧП. Для камуністычнай намэнклятуры тут не было праблемаў, яна заўжды настроена на ўладу і зараз жа адварочваецца ад яе, калі тая перастае быць уладай. Гарбачоў яўна губляў уладныя функцыі, і беларускія кіраўнікі сьпяшаліся ад яго адцурацца, каб прыляпіцца да іншых. У той час — найперш да арганізатару путчу Кручкова і яго ўсемагутнага ведамства.
А ў Маскве, між тым, на авансцэну палітычнае барацьбы выходзіў Б. Ельцын, якога абралі старшынёй ВС Расеі. Гэтага кіраўніка я мала ведаў, хаця на зьездах і па тэле ён фігураваў дастаткова часта. Візуальна то была ўнушальная фігура, стандартны партыйны лідэр з прыгожым сіваватым чубам і нязлым упэўненым позіркам. Але яго папярэдняя дзейнасьць мала чым адрозьнівалася ад падобных да яго — той жа намэнклятуршчык абласнога маштабу. Наўрад ці ён мог сур’ёзна пайсьці супраць партыі, у якой зрабіў немалую кар’еру. Наступныя падзеі, аднак, паказалі, што такія думкі былі часткова памылковыя, падзеі ў Маскве, як і належала для гісторыі, разьвіваліся непрадказальна. Ельцын выступіў супраць партыі, але на паўдарозе спыніўся, мяркуючы па ўсім — спалохаўся. За сябе, за сям’ю ці за партыю — цяпер ужо ня мае значэньня. Як нярэдка бывае ў палітычнай гісторыі, паліятывы загубілі немалыя магчымасьці. А што да Расеі, дык і ўсё паблыталі: камунізм з капіталізмам, свабоду зь няволяй, тыранію з дэмакратыяй. Як бы цяпер сказалі — палітыка Ельцына праявіла свой поўны непрафэсіяналізм.
Алесь Адамовіч, які апошнім часам адасобіўся ад Гарбачова, сказаў, што трэба падтрымліваць Ельцына. Што той павядзе краіну далей, чым вёў Гарбачоў. Далей, але куды? Зрэшты, вельмі магчыма, што ў тым становішчы, у якім апынулася краіна СССР, не было альтэрнатывы, тупік аказаўся такі безвыходны, што ўсе спосабы выбавіцца зь яго апынуліся няспраўджанымі. Належала хіба павярнуць назад. Ды гісторыя, на жаль ці на шчасьце, ня мае задняга ходу.
Дык тое — у Расеі. А ў нас?
У нас па-ранейшаму буяла засільле камуністаў, сядзелі на сваіх месцах Дземянцей, партбос Сакалоў і ягоны двайнік Малафееў. Зьнізу іх нецярпліва падпіралі маладзейшыя, — яшчэ болей агрэсіўныя і цынічныя. На каго было спадзявацца? Мяне па-ранейшаму тузалі мэдыі, з Масквы і тутэйшыя, быццам болей ня ведалі, да каго зьвярнуцца. Дзе-колечы паявіліся невыразныя намёкі пра мяне як магчымага лідэра нацыі — тое належала прыпыніць. У «Народнай газэце» надрукаваў артыкул, у якім выразна і недвухсэнсоўна паказаў, хто ў Беларусі ёсьць сапраўдны лідэр. Тым таксама вызначыў маё стаўленьне да Пазьняка і спыніў пэўныя закіды ў бок Быкава. Я ня лідэр і не «сумленьне нацыі», я просты, біты жыцьцём беларус, які мае толькі адну мэту — застацца сумленным. Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, відаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як і шмат якім папярэднікам, свабоды ня бачыць. Хіба наступным…
У наступных падзеях бурна чаргавалася надзея з паняверкай, спадзяванкі з расчараваньнем. Былі моманты, калі здавалася, што наша доўгачаканая ісьціна — ужо побач, трэба яшчэ адно-два намаганьні, і мы будзем мець тое, пра што беларусы марылі доўгія стагодзьдзі. Але назаўтра высьвятлялася, што ўсё перамянілася за адну ноч, і наша надзея апыналася адкінутай у пазаўчарашні дзень. Усё трэба было пачынаць спачатку. Але хто вінаваты? Адны казалі — Масква, яна не дае дыхнуць залежным народам і, апантаная імпэрскай ідэяй, ніколі не пагодзіцца з незалежнасьцю Беларусі. Iншыя думалі, што ўся справа ў стаўленьні да нас Захаду. Захаду даражэй адносіны зь імпэрскай Масквой, чым зь няпэўнай Беларусьсю. Ці ня ўсе пры тым сьцьвярджалі, што ў нашай бядзе найболей вінаваты мы самі, бо яшчэ не ўсьвядомілі боскай каштоўнасьці свабоды і незалежнасьці.